Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўвесь склад карпункту расейскай тэлекампаніі РТР у Менску


Валер Каліноўскі, Менск Зноў абвастрыўся канфлікт паміж беларускімі ўладамі і дзяржаўнай расейскай тэлекампаніяй РТР: учора ўвечары МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўвесь склад карпункту расейскай тэлекампаніі ў Менску. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля сюжэта тэлекампаніі РТР аб акцыі апазыцыі 21 ліпеня ў дзесятую гадавіну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі.

Рашэньне было прынятае Калегіяй МЗС Беларусі, якая пастанавіла, што “дзейнасьць карпункта РТР ў Менску неправамерная, паколькі ён парушае закон аб друку”. У чым канкрэтна палягае парушэньне гэтага закону, журналістам не паведамілі, затое забралі акрэдытацыйныя пасьведчаньні ў кіраўніка карпункта Андрэя Качуры, апэратара і кіроўцы, якія былі дзейныя ажно да чэрвеня наступнага года. Гэта пазбаўляе карэспандэнтаў РТР права на журналісцкую дзейнасьць на тэрыторыі краіны і фактычна азначае ліквідацыю карпункта.

Раней МЗС Беларусі прымаў рашэньне толькі адкласьці разгляд заяўкі на рэгістрацыю прадстаўніцтва РТР ў Менску. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Есін патлумачыў, што апошняе рашэньне было прынятае з-за таго самага рэпартажу журналіста РТР Дзьмітрыя Пятрова аб акцыі апазыцыі 21 ліпеня ў Менску. Беларускія чыноўнікі сьцьвярджалі, што ён завысіў колькасьць удзельнікаў акцыі, і запатрабавалі ад РТР прабачэньняў. Прабачэньняў ад тэлекампаніі няма дагэтуль.

Як адрэагавала і яе беларускія журналісты на гэтыя падзеі?

Прадстаўнік кампаніі РТР Андрэй Качура быў досыць зьдзіўлены, бо ні ён, ні ўвесь карпункт не мелі адносінаў да рэпартажа журналіста Дзімтрыя Пятрова. Што да РТР то тэлекампанія выступіла з надзвычай жорсткай заявай. Гэтае рашэньне МЗС Беларусі выклікала недаўменьне кіраўніцтва РТР і было расцэненае як “чарговая праява хваравітай падазронасьці беларускіх уладаў у адносінах да расейскіх СМІ”.

РТР адрынула абвінавачваньні ў перадузятасьці і заявіла, што заўсёды падавала з Беларусі “аб’ектыўную, збалянсаваную і добразычлівую інфармацыю”. Апошнія дзеяньні Менску, на думку кіраўніцтва РТР, падыходзяць пад агульную лёгіку дзеяньняў уладаў Беларусі, накіраваную на скарачэньне вяшчаньня расейскіх тэле- і радыёканалаў на тэрыторыі Беларусі, нагадаўшы закрыцьцё каналаў Культура і Маяк.

З пратэстам учора ўвечары выступіў і прадстаўнік ураду Расеі Дзяніс Малчанаў, які выказаў шкадаваньне і заклікаў беларускія ўлады спыніць стварэньне перашкодаў для дзейнасьці расейскіх журналістаў.
XS
SM
MD
LG