Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньні наконт лёсу ЭГУ будуць неўзабаве прынятыя ў Вашынгтоне й Брусэлі


Ул. інф. Гэта паведаміў у інтэрвію “Свабодзе” амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол. Тым часам, трое знакамітых немцаў у сваім звароце да міністра замежных справаў ФРГ Ёшкі Фішэра патрабуюць ад Бэрліну й Брусэлю больш жорсткіх падыходаў у дачыненьнях з афіцыйным Менскам.

У сваім прывітальным слове да беларускіх выпускнікоў ўрадавай амэрыканскай адукацыйна-азнаямленчай праграмы “Community Connections” (Грамадзкія сувязі) амбасадар ЗША ў Менску Джордж Крол выказаў надзеі на тое, што гэты праект будзе існаваць далей. Сустрэча адбылася ўчора ўвечары ў менскай рэстарацыі “Журавінка”. Яе ўдзельнікі – сотні жыхароў Беларусі, якія цягам апошніх дзесяці год праходзілі стажыроўку ў ЗША з мэтай азнаямленьня з амэрыканскім досьведам у галіне будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці.

На пытаньне Свабоды, ці апраўданыя падобныя надзеі ў цяперашніх беларускіх умовах, калі ўлады падаўляюць ўсё, што зьвязана з заходнім досьведам (у якасьці апошняга прыкладу – закрыцьцё Эўрапейскага ўнівэрсытэту) спадар Джордж Крол адказаў:

(Крол: ) “У нас заўсёды ёсьць аптымізм”.

Што да намеру беларускага ўраду закрыць ЭГУ, то спадар Крол пракамэнтаваў яго так:

(Крол: ) “Гэта сумная справа. Але мы спадзяемся, нашая пазыцыя ЗША, пазыцыя ўраду ЗША выказаная, таксама як і пазыцыя ЭЗ. Наколькі я ведаю, ёсьць намер далейшай падтрымкі ўнівэрсытэту. Мы спадзяемся, што ўрад Беларусі бліжэйшым часам зьменіць сваё рашэньне. Наколькі я ведаю, зараз ідзе абмеркаваньне рашэньня ў Вашынгтоне і ў Брусэлі і бліжэйшым часам будуць яснымі пазыцыі ЗША і ЭЗ. Пакуль у мяне няма навінаў, але я чакаю паведамленьня з Вашынгтона. Хутка”.

На пытаньне, ці вядома спадару Кролу што-небудзь наконт далейшага лёсу прафэсара Міхайлава, які больш за два месяцы знаходзіцца ў ЗША і, паводле паведамленьняў заходняга друку, лічыць сваё вяртаньне на Радзіму небясьпечным з-за шэрагу атрыманых з боку рэжыму пагрозаў, амэрыканскі дыплямат адказаў:

(Крол: ) “Канешне, гэта рашэньне прафэсара Міхайлава. Калі ён хоча вярнуцца сюды... Я ня ведаю ягонай пазыцыі наконт гэтага, бо зараз ён знаходзіцца ў ЗША, па-мойму. Таму я не магу камэнтаваць больш гэтага. Я ня ведаю ягонага асабістага меркаваньня і якія пагрозы зараз маюцца”.

Як вынікае са словаў амэрыканскага дыплямата, рашэньні адносна лёсу ЭГУ павінны быць прынятыя ў Вашынгтоне й Брусэлі неўзабаве. Тым часам, тры вядомыя нямецкія экспэрты ў галіне ўсходнеэўрапейскай палітыцы – нядаўняя прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта ФРГ, сацыял-дэмакратка, прафэсар Гезінэ Шван, дарадца нямецкага МЗС прафэсар Клаўс Зэгбэрс, былы шэф нямецкай выведкі BND і былы амбасадар АБСЭ ў Менску доктар Ганс-Георг Вік – накіравалі ліст да міністра замежных справаў ФРГ Ёшкі Фішэра, у якім настойваюць на больш жорсткім стаўленьні Эўропы ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Асноўныя моманты з гэтага ліста камэнтуюцца на салідным нямецкім інтэрнэт-сайце www.foreign-policy.com.

Як вынікае з камэнтару “Нямецкія вызваленцы”(“Deutsche Befreier”) на інтэрнэт-сайце: www.foreign-policy.com, у сваім лісьце да Ёшкі Фішэра спадарыня Шван і спадары Зэгбэрс і Вік, у прыватнасьці, зазначаюць, што Беларусь знаходзіцца ў фазе “нелегітымнай гвалтоўнай дыктатуры”, а таму Бэрлін і Брусэль мусяць праявіць сваю салідарнасьць з палітычнымі і грамадзкімі апазыцыйнымі сіламі ў гэтай краіне.

Аўтары ліста да кіраўніка нямецкага зьнешнепалітычнага ведамства настойваюць на хуткай зьмене ўладаў у Беларусі, чый урад па-ранейшаму праводзіць асобную ад ЭЗ зьнешнюю палітыку. Яны прапануюць міністру Фішэру ўзяць беларускае пытаньне пад шчыльную ўвагу. Таксама Шван, Зэгбэрс і Вік патрабуюць абмежаваць свабоду міжнароднага руху для прадстаўнікоў беларускага рэжыму.

У сваім лісьце да Ёшкі Фішэра аўтары выказваюць сваю занепакоенасьць у зьвязку з тымі наступствамі, якія можа выклікаць закрыцьцё ЭГУ. Паводле Шван, Зэгбэрса і Віка, выкладчыкі й студэнты ўнівэрсытэту мусяць працягваць сваю дзейнасьць за мяжой з тым, каб захаваць дух свабоднай думкі, які характэрны для ЭГУ, а затым рэанімаваць яго ўжо ва ўмовах свабоднай Беларусі. Спадарыня Гезінэ Шван, спадары Клаўс Зэгбэрс і Ганс-Георг Вік лічаць, што ў гэтых мэтах мусіць быць створаны адмысловы рабочы штаб менскага ўнівэрсытэту. Пытаньне павінна быць ня проста абмеркавана, але і рэалізавана.

Аўтары ліста да Ёшкі Фішэра ёсьць аднымі зь ініцыятараў звароту выбітных эўрапейцаў да сваіх урадаў у зьвязку з закрыцьцём ЭГУ. Гэты зварот будзе надрукаваны ў заўтрашнім нумары нямецкага тыднёвіка “Die Zeit”.
XS
SM
MD
LG