Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1994 годзе пашпарт з “Пагоняй” першым атрымаў Лукашэнка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 30 ліпеня

“Сын Беларуса” ў 1924 годзе друкуе такую вось абвестку: “Радашкоўская Беларуская Гімназія (г. Радашковічы, Вялейскага павету). Васьмёхклясовая гімназія гуманістычнага тыпу з выкладаньнем у беларускай мове. Адкрыта прыймо ўва ўсе клясы. Экзамены і прыём у Гімназію вучняў будуць адбывацца ў канцы жніўня месяца. Пачатак заняткаў – 1 верасьня а 9 гадзіне раніцы. Пры Гімназіі арганізуецца інтэрнат, у якім вучні будуць мець кватэру і дагляд”.

1954 год. “Бацькаўшчына”, адгукаючыся на ратыфікацыю Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету БССР Жэнэўскіх канвэнцый з 12 жніўня 1949 году, згадвае: “…пасьля зьнішчэньня камуністычнай дыктатуры, калі будуць даступныя архівы Чэка, ГПУ, НКВД, МВД і МГБ – можна будзе ў прыбліжэньні сьцьвердзіць лік людзей, зьнішчаных камуністычнай дыктатурай. Адно пэўна, што гэты лік сягае шмат, шмат мільёнаў… Напрыклад, некалькі тыдняў таму ўстаноўлена на падставе доказаў, што за 36 гадоў бальшавікі, толькі Беларусаў, зьнішчылі фізычна тры мільёны чалавек. Нечуванае ў гісторыі злачынства – штучны голад на Ўкраіне, які бальшавікі выклікалі дзеля вынішчэньня непакорнага элемэнту, каштаваў некалькіх мільёнаў жыцьцяў”.

“Ударны фронт”. У 1994 годзе раённая газэта з радасьцю паведамляе: “21 ліпеня 1994 года – вельмі знамянальны дзень у жыцці працоўнага калектыву выдавецтва “Беларускі Дом друку”. Менавіта ў гэты дзень зварухнулася з мёртвай кропкі справа па атрыманню грамадзянамі нашай краіны нацыянальных пашпартоў, вырабам якіх і займаўся буйнейшы паліграфічны камбінат дзяржавы. Уладальнікам дакумента №1 стаў Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG