Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і палякі – першыя два месяцы ў Эўрапейскім Зьвязе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Мінулі ўжо два месяцы пасьля найвялікшага ў гісторыі пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу. Што гэты час прынёс суседзям беларусаў – палякам? У чым яны расчараваліся й на што спадзяюцца? Дасьледаваньне варшаўскага карэспандэнта.

(Квасьнеўскі: ) “Полькі, палякі, эўрапейцы, вітаю вас у нашай агульнай Эўропе!”

Хваляваньне, якое адчувалі мільёны палякаў, калі іхны прэзыдэнт казаў гэтыя словы ў першыя хвіліны пасьля ўваходу Польшчы ў Эўразьвяз, паволі мінае. Польскія сродкі масавай інфармацыі, палітыкі, адмыслоўцы ўжо абмяркоўваюць вынікі першых месяцаў сяброўства краіны ў аб’яднанай Эўропе – рост айчыннага экспарту, выбары ў Эўрапарлямэнт, паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату й гэтак далей.

Але што за гэты час зьмянілася ў жыцьці звычайнага паляка? На гэтае пытаньне адказваюць мінакі на адной з цэнтральных вуліц Варшавы.

(Мужчына: ) “Увогуле нічога не зьмянілася, на мой погляд. Некалі, можа, будзе лепей – гадоў праз 5-10”.

(Дзяўчына: ) “Для мяне цяпер самае галоўнае – праца. Хутка скончу вучобу, добра, што пасьля 1 траўня зьявіўся шанец паехаць працаваць за мяжу”.

(Мужчына: ) “Напэўна, зьмянілася сьвядомасьць. Я маю адчуваньне, што жыву ўжо ў іншай рэчаіснасьці – эканамічнай, палітычнай. Вось прыкладам, даўно зьбіраўся паехаць у Вільню, але не было часу зрабіць пашпарт, а цяпер паеду са звычайным пасьведчаньнем асобы”.

Гэтак кажуць жыхары Варшавы.

А вось меркаваньне фэрмэра, які вырошчвае гуркі, бульбу ды цыбулю каля Бялай Падляскі.

(Фэрмэр: ) “Калі казаць пра даплаты для фэрмэраў з агульнаэўрапейскага бюджэту, дык цяжкавата падрыхтаваць усе дакумэнты – трэба зноў мераць зямлю й гэтак далей. Але варта, бо грошы даюць немалыя – амаль 100 даляраў на гектар. Гэта вельмі дапаможа. Я пляную набыць новы трактар”.

Калега фэрмэра з-пад Бялай Падляскі спадар Войтак ацэньвае вынікі далучэньня Польшчы да Эўразьвязу больш пэсымістычна.

(Войтак: ) “Ну, можа, гадоў праз 30-40 нешта ў сельскай гаспадарцы й зьменіцца, можа, мае ўнукі будуць лепш жыць, а цяпер – нічога добрага я не чакаю”.

Цікава, што большасьць маладых палякаў, якія падзяліліся сваімі думкамі з карэспандэнтам беларускай “Свабоды”, абсалютна перакананыя, што сяброўства краіны ў Эўразьвязе абавязкова будзе мець добры ўплыў на іхнае жыцьцё. Калі не адразу, дык празь некалькі гадоў.

(Ягела: ) “Пасьля далучэньня нашай краіны да Эўразьвязу ўжо зьмяніліся некалькі рэчаў, якія, можа, мала хто заўважыў. Адразу павялічылася колькасьць турыстаў, што прыяжджаюць да нас – аж на 15 %. Гэта значыць, што потым прыйдуць інвэстыцыі”, – кажа Дамініка Ягела, студэнтка з Варшавы.

На яе думку, на заўважнае паляпшэньне жыцьця палякам трэба пачакаць прынамсі 5 гадоў, бо цяпер трэба яшчэ шмат зрабіць, каб польскія законы, сыстэма аховы здароўя, стандарты вытворчасьці цалкам адпавядалі агульнаэўрапейскім.

(Ягела: ) “Для мяне асабіста найбольш істотнае тое, што я магу цяпер свабодна карыстацца ведамі ўсёй Эўропы. Я ўжо канчаю ўнівэрсытэт і, калі вырашу пайсьці ў асьпірантуру, дык магу зрабіць гэта ў любой эўрапейскай краіне – мой дыплём там сапраўдны. А калі нехта кажа, што палякі зьнікнуць у Эўропе, што нас ашукаюць, – гэта няпраўда. Я заўсёды адчувала сябе эўрапейкай, таму для мяне ўваход нашай краіны ў Эўразьвяз быў пытаньнем хутчэй тэхнічным”.

У тым, што далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу прынясе карысьць краіне ў будучыні, упэўнены й Мацей Хачыкоўскі, выкладчык Політэхнічнай акадэміі ў Варшаве.

(Хачыкоўскі: ) “У найбліжэйшай пэрспэктыве значных пераменаў ня будзе. Напэўна, больш жорсткай будзе канкурэнцыя на нашым рынку. Ды гэта ўжо й цяпер ёсьць. Я, апрача як выкладчыкам, працую яшчэ ў пэўнай фірме, дык цягам апошняга месяца ў нас зьявіліся некалькі новых канкурэнтаў зь Нямеччыны, але мы ў сваю чаргу зможам выйсьці на нямецкі рынак, бо працуем ня горш. Цяпер гэта зрабіць значна лягчэй”.

Кажа спадар Хачыкоўскі. Паводле ягоных словаў, далучэньне Польшчы да Эўразьвязу мае добры ўплыў на працу польскіх навукоўцаў.

(Хачыкоўскі: ) “Ёсьць пэўныя заданьні, праблемы, цяжкасьці, над якімі навукоўцам трэба працаваць незалежна ад таго, ці краіна далучылася да Эўразьвязу, ці не. Але сяброўства ў аб’яднанай Эўропе дае магчымасьць атрымаць дадатковыя сродкі на польскую навуку з агульнаэўрапейскага бюджэту”.

Між тым цягам двух месяцаў пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу прыкметна падвысіліся цэны на некаторыя прадукты – перадусім на мясныя й малочныя вырабы.

(Пакупнік:) “Цэны пайшлі ўверх. Можа, некалі мы й будзем зарабляць, як немцы, каб купляць прадукты па нямецкіх цэнах, але пэўна ж ня хутка”.

Кажа наведнік аднаго з варшаўскіх супэрмаркетаў.

Адметна, што мяса й малако падаражэла ў Польчшы менавіта таму, што яго масава купляюць фірмы з Заходняй Эўропы. Каля польскіх мясаперапрацоўчых заводаў зьявіліся нават чэргі заходніх пакупнікоў, якія чакаюць, калі для іх будзе зробленая шынка ці каўбаса.

У сярэднім пасьля 1 траўня цэны ў Польшчы вырасьлі на 2 %. Эканамісты з Нацыянальнага банку кажуць, што гэтая лічба яшчэ зьменіцца на карысьць польскіх пакупнікоў, бо ў хуткім часе павінны патаньнець, да прыкладу, тэлефонныя размовы й некаторыя маркі аўтамабіляў, але звычайныя палякі ў гэта ня надта вераць.

Аднак ёсьць дзьве рэчы, якія зьмяніліся пасьля ўваходу Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз і пра якія, як адназначна пазытыўныя, згадаў бадай кожны з маіх суразмоўцаў – гэта магчымасьць падарожжаў без пашпарта па краінах Эўразьвязу й магчымасьць на роўных працаваць, скажам, у Вялікабрытаніі ці Швэцыі. А гэта ўжо ня мала, бо нават калі заўважнага паляпшэньня жыцьця ў Польшчы яшчэ прыйдзецца пачакаць, дык той, хто чакаць ня хоча, можа зьмяніць сваё жыцьцё сам, без праблемаў паехаўшы ў тую ж Швэцыю.
XS
SM
MD
LG