Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меншчына колькасна лідыруе паводле колькасьці спартоўцаў у беларускай камандзе


Міхал Стэльмак, Менск Сярод вобласьцяў Беларусі найбольшае прадстаўніцтва спартоўцаў, якія зьбіраюцца браць удзел у Алімпійскіх гульнях, мае Меншчына. Якія надзеі зьвязваюцца з іхным выступам на спаборніцтвах у Афінах?

Паводле зьвестак Менскага аблвыканкаму, у Афінах сталічную вобласьць будуць прадстаўляць 23 спартоўцы. Гаворыць кіраўнік навучальна-спартовага аддзелу аблвыканкаму Ўладзімер Грыцэвіч.

(Грыцэвіч: ) “Паедзе Абалмасаў Аляксей – майстар веславаньня на байдарках і каноэ. Ён з Барысаву, срэбраны прызэр леташняга чэмпіянату сьвету. Таксама Рыбак Юры – былы самбіст, але зараз будзе змагацца ў дзюдо. Ён зь Дзяржынску. Андрэй Чахаўскі будзе браць удзел у грэка-рымскай барацьбе. Ліштван Сяргей – быў на пазамінулай Алімпіядзе ў Атланце срэбраным прызэрам. Яшчэ Карстэн з Крупак, былая Хадатовіч – двухразовая алімпійская чэмпіёнка – будзе выступаць у акадэмічным веславаньні ў “адзіночцы”.

Міністэрства спорту стрымана ацэньвае гатовасьць алімпійцаў Меншчыны да спаборніцтваў у Грэцыі. У выніковай справаздачы гаворыцца, што ў падрыхтоўцы было шмат хібаў: каля паўтара дзясятка спартоўцаў, зь якімі папярэдне зьвязваліся спадзяваньні на посьпех у Афінах, былі затым “забракаваны”. Што тычыцца ўладальнікаў алімпійскіх ліцэнзій, то мэдалёвыя шанцы маюць нямногія. У ліку гэтых патэнцыйных прэтэндэнтаў – найперш Кацярына Карстэн-Хадатовіч. Дарэчы, ейная прыналежнасьць да Меншчыны – насёньня даволі ўмоўная. Славутая спартоўка, дарэчы, цяпер даволі рэдка гасьцюе ў родных мясьцінах.

Гаворыць прадстаўнік спартовых колаў Крупшчыны Мікалай Сенакосаў.

(Сенакосаў: ) “Сёлета яна не была. Была два гады таму. Бо далёка: яна ж цяпер у Нямеччыне жыве”.

(Карэспандэнт: ) “У вас, апроч Карстэн, весьляры ці вясьляркі ёсьць яшчэ?”

(Сенакосаў: ) “Не, больш няма. Таму што ў нас вады побач няма. Няма – будзем казаць – спартовай базы”.

Нягледзячы на ўсясьветную славутасьць, у самім Крупскім раёне пра Кацярыну Карстэн-Хадатовіч ведаюць нямногія. Мясцовы райвыканкам перадусім дбае пра перадавікоў вытворчасьці, а ніяк не пра вядомых землякоў-спартоўцаў.

Свайго алімпійца, які будзе браць удзел у цяперашніх гульнях у Афінах, мае й Нясьвіжчына. На Алімпіядзе ў хадзьбе на 20 кілямэтраў будзе ўдзельнічаць Андрэй Талашка. Ці ведаюць пра гэта жыхары раёну? І ці мае ён шанцы на мэдаль? Вось што адказаў на гэты конт настаўнік фізкультуры адной зь нясьвіскіх школ Алесь Язьвінскі.

(Язьвінскі: ) “Хадакі” ў нас ёсьць, але я ня ведаю, ці патрапіў хто. Ведае вузкае кола. У “раёнцы” праскочыць – бывае – адна якая публікацыя. А так асабліва не знаёмяць. Ува ўсялякім разе, вось я, напрыклад – як шараговы жыхар – дык і ня ведаю. А наагул мне асабіста непрыемны гэты фарс: вось столькі мусяць прывезьці мэдалёў! Сьмешна. Ужо едуць абцяжараныя спартоўцы – на іх ужо камень вісіць на кожным”.
XS
SM
MD
LG