Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне тыдня: Што такое адпачынак па-беларуску?


Альгерд Невяроўскі, Менск Як і дзе адпачываюць беларусы? У самы разгар летняга сэзону адпачынкаў з гэтым пытаньнем тыдня карэспандэнт Радыё Свабода зьвярнуўся да людзей на менскіх вуліцах.

Пераважная большасьць апытаных мною людзей лічаць, што адпачынак па-беларуску – гэта адпачынак менавіта ў Беларусі: на лецішчы, на вёсцы, у лесе ці каля возера. Людзі выбіраюць такі від адпачынку з розных прычын.

(Дзяўчына: ) “У Менску адпачываем. Гуляем па вуліцах, за мяжу ехаць не дазваляе фінансавае становішча”.

(Пэнсіянэр: ) “Адпачынак па-беларуску? Гэта лес, рэчка, свабода”.

(Спадарыня: ) “Пераважна гэта асацыюецца з прыродай”.

(Спадар: ) “Я за мяжу ня езьдзіў. Ежджу зазвычай да бацькоў на вёску. Нікуды асабліва ня хочацца ехаць. Такі ў мяне характар”.

(Хлопец: ) “Езьдзілі на “Славянскі базар” – вельмі спадабалася. А так піва п’ем, адпачываем патроху”.

(Спадар: ) “Даводзіцца адпачываць толькі ў Беларусі. На возеры. Раней езьдзіў на поўдзень, на Чорнае мора”.

(Дзяўчына: ) “Адпачываю ў Беларусі, бо фінансавае становішча не дазваляе адпачываць за мяжой. У Беларусі таксама ёсьць прыгожыя месцы”.

(Спадар: ) “Адпачынак – гэта неабавязкова некуды ехаць. Гэта час падумаць, скончыць нейкія справы. Немагчыма адпачыць за 2 тыдні, калі няма нармальнага жыцьця цягам году”.

(Спадарыня: ) “Я на лецішчы адпачываю, у добрым месцы – у Гарадзішчах. Я вельмі люблю адпачываць у любімай Беларусі”.

(Дзяўчына: ) “Па беларуску? Гэта, відаць, адпачынак сваёй беларускай “тусоўкай” дзе-небудзь на Нарачы ці на Сьвіцязі. Зь беларускамоўнымі людзьмі, якія маюць свае погляды”.

(Хлопец: ) “Будзем адпачываць на Браслаўскіх азёрах на сваёй радзіме”.

А вось меркаваньні тых, хто схіляецца да адпачынку па-беларуску за мяжой, каля цёплага мора.

((Дзяўчына: ) “Некуды паехаць адпачыць на мора”.

(Спадарыня: ) “Я адпачывала ў Крыме, у Гурзуфе. Там мора, садавіна, сонца”.

(Спадарыня: ) “Мы паедзем сёлета з мужам адпачываць. Летась езьдзілі ў тур па Эўропе. Былі ў Рыме. Праўда, толькі 2 дні. Гэты горад мяне ўразіў. Хачу сёлета зноў туды паехаць”.

(Спадарыня: ) “Мне сёлета пашанцавала – я была ў Тунісе. Экзатычная краіна, старажытны Карфаген. Краіна абсалютна бясьпечная, і вельмі добры адпачынак”.
XS
SM
MD
LG