Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто абрабаваў кватэру рэктара ЭГУ?


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі сёньня пацьвердзілі факт абрабаваньня кватэры рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. З тае прычыны, што сам уладальнік кватэры знаходзіцца цяпер у ЗША, у міліцыю зьвярнуліся суседзі прафэсара.

Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Радыё Свабода, што суседзі Анатоля Міхайлава ўбачылі раніцай абрэзаны тэлефонны кабэль і пашкоджаныя дзьверы ягонай кватэры.

Прадстаўнікі міліцыі на месцы высьветлілі, што невядомыя скралі адзінаццаць залатых упрыгожаньняў і францускі ордэн “Акадэмічныя пальмы”.

На маё пытаньне: “Чаму раней аспрэчвалі факт абрабаваньня кватэры?” міліцыянты спаслаліся на таямніцу сьледзтва.

На думку старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі, абрабаваньне кватэры рэктара ЭГУ ня ёсьць звычайным крыміналам.

(Процька:) “Перад выбарамі – і прэзыдэнта, і ў парлямэнт – былі абрабаваны офісы вядучых грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі. У тым ліку, – двойчы Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёньня мы ня можам сказаць, хто гэта зрабіў: ці вінаваты злачынцы, ці тыя структуры, якія цяпер уваходзяць у склад праваахоўных органаў. Калі прэзыдэнт наладжваў прэсавую канфэрэнцыю, ён згадаў наступнае: “Мы шукалі грошы ў Марыніча, мы шукалі грошы ў Фралова. У Марыніча знайшлі, у Фралова не знайшлі”. А мы ж памятаем, што Фралова зьбілі невядомыя ў масках – як сапраўдныя рабаўнікі. Магчыма, і тут акт застрашэньня людзей – людзей, не падпарадкаваных уладзе. Тых, хто не выконвае ўладных патрабаваньняў гэтак, як хоча бачыць сама ўлада”.

Прэсавы сакратар ГУУС Менску Алег Сьлепчанка паведаміў Радыё Свабода, што вядзецца сьледзтва, але злачынцаў пакуль не знайшлі.

Гл. таксама • Ута Цапф: Закрыцьцё ЭГУ выкліча напружанасьць паміж Беларусьсю і Эўразьвязам • Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ • Студэнты пратэстуюць супраць закрыцьця ЭГУ • “Der Spiegel” піша пра закрыцьцё ЭГУ
XS
SM
MD
LG