Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дактары бязь межаў” пакідаюць Аўганістан


Аляксей Знаткевіч, Прага Міжнародная дабрачынная арганізацыя “Дактары бязь межаў” спыняе сваю працу ў Аўганістане. Арганізацыя зьвінаваціла аўганскія ўлады ў няздольнасьці ці нежаданьні гарантаваць бясьпеку для гуманітарнай дзейнасьці.

“Дактары бязь межаў” працавалі ў Аўганістане 24 гады. Іх не запалохалі ані савецкая акупацыя ў 1980-я гады, ані грамадзянская вайна і кіраваньне руху Талібан ў 1990-я. Аднак менавіта яны сталі першай уплывовай міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй, якая пакідае Аўганістан пасьля зьмяшчэньня Талібану ў 2001 годзе.

Прадстаўнікі арганізацыі тлумачаць сваё рашэньне забойствам у чэрвені пяці сваіх супрацоўнікаў, небясьпекай далейшых нападаў, а таксама расчараваньнем паводзінамі аўганскага ўраду і акупацыйнай кааліцыі на чале з ЗША.

Адзін з кіраўнікоў арганізацыі Кені Глюк на прэсавай канфэрэнцыі ў Кабуле ў сераду зьвінаваціў аўганскія ўлады ў адсутнасьці належнага расьсьледаваньня забойстваў.

(Глюк: ) “Нястача павагі да бясьпекі тых, хто аказвае гуманітарную дапамогу, на жаль, таксама бачная ў нежаданьні ці няздольнасьці правесьці вартае даверу расьсьледаваньне гэтага злачынства і забясьпечыць дастатковыя юрыдычныя наступствы ў сэнсе арышту і пакараньня вінаватых”.

Генэральная сакратарка “Дактароў бязь межаў” Марына Бюсанье таксама зьвінаваціла кааліцыю на чале з ЗША ў выкарыстаньні гуманітарнай дапамогі для ўласных мэтаў. Амэрыканскія вайскоўцы, напрыклад, прызналі, што ў свой час распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх патрабавалі ад аўганскіх жыхароў даваць інфармацыю пра ваяўнікоў у абмен на працяг гуманітарнай дапамогі.

Прадстаўнікі амэрыканскага войска пазьней прынесьлі прабачэньні за такія дзеяньні. Аднак “Дактары бязь межаў” гавораць, што шкода была непапраўнай. Паводле іх, большасьць аўганцаў прыйшла да меркаваньня, што ўсе дабрачынныя арганізацыі супрацоўнічаюць з войскамі заходніх дзяржаваў. Аднак прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША катэгарычна абверглі цьверджаньні, што амэрыканскія ўлады нейкім чынам прывязвалі гуманітарную дапамогу да ваенных апэрацый.

Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай выступіў з заявай аб сваіх намаганьнях зрабіць краіну больш бясьпечнай для дабрачынцаў і выказаў надзею, што “Дактары бязь межаў” вернуцца ў Аўганістан.
XS
SM
MD
LG