Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Лявонаў: Беларусы ня маюць права на яшчэ адну памылку


Ігар Карней, Менск У расейскім Смаленску надрукавана новая кніга былога міністра сельскай гаспадаркі, а цяпер старшыні апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіля Лявонава. У чарговай працы “Бяз права на памылку” спадар Лявонаў аналізуе вынікі дзесяцігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, а таксама робіць спробу маніторынгу выбарнага заканадаўства напярэдадні сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў і прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Брашуру, як сьціпла называе працу сам аўтар, гартаў наш карэспандэнт.

“Год таму выйшла мая кніга “Праца над памылкамі”. Натуральна, не ў дзяржаўным выдавецтве і нават не на тэрыторыі Беларусі – тут гэта было б немагчымым”,– так пачынае сваю новую працу Васіль Лявонаў. Працяг той кнігі – “Бяз права на памылку”,– таксама надрукаваны ў Расеі. 30-тысячны наклад выданьня распаўсюджваецца намаганьнямі актывістаў фонду “За новую Беларусь”. Брашура збудавана ў форме пытаньняў, задаваных спадару Лявонаву рознымі людзьмі ў часе сустрэч, і адказаў на іх.

Бальшыня тых пытаньняў тычыцца ўзаемадачыненьняў Лявонава й Лукашэнкі за часам іхнай сумеснай працы й цяперашняга стаўленьня былога міністра да кіраўніка краіны. Адно зь іх выглядае так: “Шмат людзей лічыць, што Вы маглі перашкодзіць Лукашэнку стаць прэзыдэнтам…” Адказвае Васіль Лявонаў.

(Лявонаў: ) “Гэта быў выбар беларускага народу. Першы дэмакратычны выбар. І мы павінны гэтае волевыяўленьне паважаць. Гэта мы абралі Лукашэнку, беларусы. І тут ужо ня мае значэньня – вы галасавалі, ці я. Беларусы выбралі, наш выбар”.

Доўгі час Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаваўся, што лічыць Лявонава сваім настаўнікам. Гэтыя моманты ў кнізе згадвае й сам аўтар. Але красамоўны факт, што вучань урэшце кінуў настаўніка ў турму, паводле Лявонава, гаворыць не пра дрэннага выкладніка, а пра вельмі пасрэдныя здольнасьці вучня. І цяпер для Лукашэнкі ў Лявонава адно пажаданьне.

(Лявонаў: ) “Я яму пажадаў бы больш не пакутаваць, не трываць нягод, а хутчэй сысьці. А тыя, хто прыйдуць на зьмену, мусілі б даць яму гарантыі свабоды, бясьпекі й утрыманьня коштам дзяржавы. Бо – яшчэ раз кажу – гэта быў выбар беларускага народу”.

(Карэспандэнт: ) “Мяркуеце, яму будзе дастаткова толькі гарантый бясьпекі?”

(Лявонаў: ) “Думаю, гэта вельмі важнае пытаньне, якое павінны вырашыць і апазыцыя, і людзі пры ўладзе, сказаўшы яму: “Аляскандар Рыгоравіч, ідзі! Не турбуйся, жыві. Але не стварай перашкод”.

Маецца ў брашуры Васіля Лявонава й адказ на пытаньні прыватнага кшталту. Прыкладам, “Ці праўда, што ён назаўсёды “завязаў” з алькаголем?”, альбо “Якія ў Лявонава склаліся дачыненьні… з Богам!?” Гаворыць аўтар нават і пра нерухомасьць, якое ўпарта шукалі практычна ўсе сілавыя структуры.

А на пытаньне “Чаму Лявонаў, маючы досыць пасьпяховы бізнэс, дагэтуль займаецца палітыкай?” ён адказаў: “Я хачу дапамагчы ўсім, хто жадае ў той ці іншай ступені выказаць свой пратэст супраць цяперашняга рэжыму…” І пра сур’ёзнасьць гэтых намераў сьведчыць такая канстатацыя: “У найбліжэйшыя дваццаць гадоў сыходзіць на пэнсію не зьбіраюся”.
XS
SM
MD
LG