Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычная місія Літвы будзе прадстаўляць НАТО ў Беларусі


Ганна Соусь, Менск Дыпляматычнае прадстаўніцтва Літоўскай Рэспублікі прызначана кантактнай амбасадай НАТО ў Беларусі. Пра функцыі, якія цягам двух гадоў будзе выконваць літоўская амбасада, распавядае амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.

Паўночнаатлянтычны альянс зацьвердзіў кандыдатуру Літвы, амбасадзе якой даручана ад 1 верасьня стаць кантактнай амбасадай НАТО ў Беларусі. Як паведаміў дырэктар Дэпартамэнту палітыкі бясьпекі Міністэрства замежных справаў Літвы Кястуціс Янкаўскас, гэтае рашэньне НАТО ёсьць ацэнкай шматгадовай працы Літвы з суседзямі на Ўсходзе.

У чым непасрэдна будзе заключацца дзейнасьць літоўскага прадстаўніцтва як кантактнай амбасады НАТО? Патлумачвае амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.

(Паслаўскас: ) “Гэта не прадстаўніцтва НАТО, а кантактная амбасада. Калі з НАТО, з Брусэлю, будуць прыяжджаць нейкія дэлегацыі, наша амбасада будзе зарганізоўваць візыты, сустрэчы. Другім блёкам працы паўстане збор інфармацыі, кантакты з прадстаўнікамі беларускіх ўладаў, якія адказваюць за стасункі з НАТО, сумесная арганізацыя мерапрыемстваў. Трэйцяя, і вельмі важная, сфэра дзейнасьці амбасады Літвы – гэта распаўсюд інфармацыі пра НАТО, пра мэты альянсу, а таксама пра тое, як мяняецца палітыка ў дачыненьнях з партнэрамі на Ўсходзе”.

Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас перакананы: можна ганарыцца тым, што празь некалькі месяцаў пасьля далучэньня Літвы да НАТО менавіта літоўскае дыпляматычнае прадстаўніцтва было выбрана кантактнай амбасадай альянсу.

(Паслаўскас: ) “Гэта прызнаньне, я думаю, і намаганьняў Літвы, і намаганьняў амбасады ў Менску, дзе, як вы ведаеце, адбываецца шмат агульных мерапрыемстваў – і для Эўразьвязу, і для НАТО. Такім чынам, будзем старацца, каб нашыя намаганьні былі прадуктыўнымі”.

Нагадаю: сёлета менавіта ў літоўскай амбасадзе адбыўся ўрачысты прыём з нагоды далучэньня да НАТО сямі новых сяброў. Да 31 жніўня функцыі кантактнай амбасады НАТО ў Беларусі выконвае амбасада Турцыі. Літва будзе кантактнай амбасадай НАТО ў Рэспубліцы Беларусь цягам двух гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG