Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанову працы прынялі толькі 15 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, астатнія думаюць альбо ідуць на выбары


Алесь Дашчынскі, Менск У Палаце прадстаўнікоў праведзенае апытаньне сярод дэпутатаў: хочуць яны працаўладкавацца альбо пайсьці на выбары? Яно зьвязанае з абяцаньнем прэзыдэнта Лукашэнкі праціснуць у новы склад палаты каля 30-ці працэнтаў цяперашніх дэпутатаў і астатнім, хто балятавацца ня будзе, даць пасады.

Паводле загадчыка аддзелу кадраў сакратарыяту палаты Валерыя Рэута, пакуль дэпутатам не прапаноўваюцца канкрэтныя пасады.

(Рэут: ) “Зараз пытаюцца, што яны хочуць, дзе яны хочуць працаваць і гэтак далей. Гаворка ідзе пра тое, каб адпрацаваць гэтыя пытаньні й як толькі скончацца паўнамоцтвы, адразу працаўладкаваць. Некаторыя хочуць вярнуцца на сваю працу, некаторыя – па спэцыяльнасьці”.

У палаце, аднак, падлічылі: пакуль усяго каля пятнаццаці дэпутатаў пажадалі працаўладкавацца, але бальшыня ідзе на выбары альбо яшчэ разважае. Вось што сказала дэпутатка Марыя Худая:

(Худая: ) “Пакуль яшчэ думаем. Хаця ў мяне яшчэ сілы ёсьць і здароўе пакуль дазваляе, так што я павінна прыносіць карысьць нашаму народу. А канкрэтна ня вызначылася”.

Часу на развагі яшчэ хапае, бо паўнамоцтвы завяршаюцца ў лістападзе, а дэпутацкія заробкі прыраўнаныя да міністэрскіх. Некаторыя атрымоўваць яшчэ і пэнсіі. Усяго каля 18 чалавек дасягнулі пэнсійнага ўзросту, яшчэ чалавек сем ёсьць пэнсіянэрамі МУС да міністэрства абароны. Але і яны мяркуюць перамагчы на выбарах, тым болей, што некаторым патрапіць, да прыкладу, на дзяржаўную службу ня ўдасца, туды пасьля 65 гадоў не пускаюць.

Бяз добрай пасады можа застацца, да прыкладу, Анатоль Малафееў, ды і ў старшыні палаты Вадзіма Папова невялікі рэзэрв для манэўра. Некаторых дэпутатаў пытаньне працаўладкаваньня не хвалюе, бо яны маюць свой бізнэс. Лічаныя асобы могуць атрымаць партфэлі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі альбо ва ўрадзе, але пакуль гэтая інфармацыя не раскрываецца. Якім бачыць свой далейшы лёс дэпутат Сяргей Касьцян?

(Касьцян: ) “Іду на выбары па сваёй акрузе. У мяне там вялікія ўжо напрацоўкі. Мяне ведаюць выбаршчыкі, кіраўнікі пяці маіх раёнаў. Так што іду на выбары, і няхай ніхто ня лезе, перамагчы там мяне будзе немагчыма”.

Вырашылі ісьці на выбары і дэпутаты групы “Рэспубліка”. Уладзімеру Парфяновічу патэлефанавалі зь ягонай дэпутацкай камісіі й запыталіся, што ён будзе рабіць далей.

(Парфяновіч: ) “Я адказаў, што іду на выбары, а калі не перамагу, то няхай прапануюць працаўладкаваньне. Я не адмаўляюся ад работы. Хай прапануюць, а мы разгледзім”.

У дэпутата Сяргея Скрабца чыноўнікі палаты таксам цікавіліся, ці пойдзе ён на выбары.

(Скрабец: ) “Я сказаў, што пайду па Лідзкай гарадзкой акрузе №56, і калі мяне не абяруць, я буду вельмі ўдзячны, калі мне дапамогуць знайсьці працу ня толькі на Валадарскага, але, можа, дзе і ў бізнэсе”.

Дэпутат Скрабец цьвердзіць, што з працаўладкаваньнем у яго могуць быць складанасьці.

(Скрабец: ) “Фірма, гандлёвы дом “Бел-Бабаеўскае”, дзе я працаваў, зараз не працуе, няма дакумэнтаў, пячатак, нічога. Знайсьці працу зараз, калі ты маеш свае погляды на жыцьцё – гэта вельмі цяжка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG