Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 29 ліпеня 1078 году прыпадае першая летапісная згадка пра Лагойск


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 ліпеня

29 ліпеня праваслаўныя беларусы ўшаноўваюць Афінагена. У народзе казалі, што лета ў гэты дзень пераступае сьпёку, а птушкі – задумваюцца, інакш кажучы, сьціхаюць.

На 29 ліпеня 1078 году прыпадае першая летапісная згадка пра Лагойск. Найбольшую славу гэты горад набыў як родавае гняздо сям’і Тышкевічаў, што ператварылі Лагойск у сапраўдны музэйны цэнтар, славуты далёка за межамі Беларусі. Праўда, сёньня ад той славы засталіся адно згадкі.

Сёньня дзень нараджэньня італьянскага дыктатара Бэніта Мусаліні, якога яшчэ называлі Дучэ. Мусаліні прыйшоў на сьвет у 1883 годзе. Кажуць, што менавіта зь ягонай партыі пачаўся ў сьвеце фашызм, які пасьля набыў самыя пачварныя формы ў Нямеччыне. Мусаліні марыў пра італьянскую імпэрыю, уся ўлада ў якой належала б яму самому. У часе другой сусьветнай вайны Дучэ прыраўноўваў свой рэжым да рэжыму Гітлера. А пасьля вайны ў 1945 годзе Дучэ павесілі. Перад сьмерцю ён сказаў: “Гэта было толькі адно жыцьцё. А што такое адно жыцьцё ў справах дзяржавы?” Сэнтэнцыя характарызуе дыктатара, для якога адно жыцьцё – нішто, і чалавека, які прынамсі ў гэтай фразе не лічыў сябе вышэйшым за іншых.

29 ліпеня 1908 году нарадзіўся беларускі паэт Юрка Лявонны. Родам ён быў з Чавусаў і пражыў зусім нядоўгае жыцьцё, бо на 29-м годзе быў арыштаваны і расстраляны, як і многія ягоныя раўналеткі-паэты. Можна толькі ўяўляць, якая будучыня чакала паэта, што на самым пачатку творчасьці пасьпеў напісаць і выдаць шэсьць зборнікаў вершаў. На словы Лявоннага стваралі песьні найлепшыя беларускія кампазытары Чуркін, Сакалоўскі, Любан.

А яшчэ ў гэты дзень, 29 ліпеня 1937 году нарадзіўся Веньямін Бурковіч – беларускі цымбаліст, заслужаны артыст Беларусі. Зьвяртае на сябе ўвагу месца нараджэньня – сяло Усьць-Коін Усьць-Вымскага раёну Комі АССР. У 37-м годзе, у самы разгар рэпрэсіяў, многія беларусы нараджаліся менавіта там – у паўночных сталінскіх лягерах і на пасяленьнях.

29 ліпеня ў розныя гады і ў розных краінах прыйшлі на сьвет расейскі мастак армянскага паходжаньня Іван Айвазоўскі і грэцкі кампазытар Мікіс Тэадаракіс.
XS
SM
MD
LG