Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца жыхарам сталіцы кампэнсаваць страты ад паводкі?


Галіна Абакунчык, Менск Вынікам моцных ліўняў, якія здарыліся ў Менску цягам некалькіх апошніх дзён, сталіся падтопленыя будынкі розных дзяржаўных і грамадзкіх установаў, жылыя дамы менчукоў у прыватным сэктары сталіцы, а таксама мноства аўтамабіляў. Ці ёсьць у іхных гаспадароў магчымасьць аднавіць пашкоджаную маёмасьць?

Людзі спрабуюць кампэнсаваць неспадзяваныя страты, але ня ўсе маюць спадзяваньні, што здолеюць гэта зрабіць. Да прыкладу, на першым паверсе гандлёвага дому “На Нямізе” размокла абсталяваньне, адвалілася насьценная плітка, пашкоджаныя некаторыя тавары. Выратавальнікі склалі адпаведны пратакол, але адміністрацыя ня ўпэўненая, што здолее атрымаць нейкую кампэнсацыю.

Паводле інжынэра крамы Аляксандра Баравікова, патоп здараецца ня першы раз, адміністрацыя зьвярталася да гарадзкіх уладаў, але бязвынікова. Гэтым разам пацярпелі агароды й некаторыя жылыя дамы ў прыватным сэктары Менску, але дамагчыся ад гарадзкіх службаў дапамогі гаспадары ня могуць. Вось што, у прыватнасьці, кажа адна з пацярпелых, Марыя Ларына:

(Ларына: ) “У нас пячное ацяпленьне. Печы трэснулі, аселі – што рабіць і як быць, я ня ведаю. Мы нічога ня можам дабіцца”.

Паводле прадстаўніка аднаго страхавога агенцтва, спадара Ігара, калі маёмасьць не была застрахаваная, то кампэнсаваць страты можна праз суд, але ў нашай краіне гэта зрабіць практычна немагчыма.

(Ігар: ) “Як ты будзеш судзіцца з дзяржаваю – гэта пытаньне. Гэта трэба даказаць, што “ліўнёўкі” не працавалі. А як гэта даказаць? Хто табе дасьць такі камэнтар? Сказалі: імкліва падняўся ўзровень Сьвіслачы й “ліўнёўка” перастала працаваць. А вось хто гэтую Сьвіслач “падняў” – незразумела”.

Дарэчы, менавіта з прычынаў кругавой абароны дзяржаўных структураў страхавое агенцтва, дзе працуе спадар Ігар, ня будзе патрабаваць ад гарадзкіх уладаў кампэнсацыі выдаткаў у зьвязку з выплатамі ўладальнікам пацярпелых аўтамабіляў, якія ў іх былі застрахаваныя.

(Ігар: ) “Машына літаральна новенькая, яшчэ месяца не прайшло – БМВ крутое, наварочанае. Стаяла на вуліцы Кірава, каля білетных касаў. Там вада дайшла да такога ўзроўню, што гаспадар яе выштурхоўваў, як лодку. Адразу машыну зьнялі з гарантыі, бо яна паводле нямецкіх меркаў ёсьць тапельцам, і цяпер мы будзем выплочваць страхавую кампэнсацыю. А плаціць мы будзем о-го-го колькі”.

Дарэчы, паводле афіцыйнай інфармацыі, пацярпелі адзінкі легкавых аўтамабіляў – але сьведкі заяўляюць пра дзесяткі й нават сотні затопленых легкавікоў. Адмыслоўцы кажуць, што магчыма, падлік вёўся паводле колькасьці зваротаў аб кампэнсацыі ў страхавыя кампаніі. Але страхуюць, як правіла, толькі дарагую тэхніку. За мяжой гэткія аўтамабілі лічацца не прыдатнымі для карыстаньня. Менавіта таму пасьля паводкі ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, якая здарылася два гады таму, некаторыя айчынныя спрытнюгі набывалі так званых “тапельцаў” за сымбалічныя грошы, а дома прадавалі па рынкавых коштах.

Хутчэй за ўсё пастараюцца збыць свае падтопленыя аўтамабілі й менчукі. Таму адмыслоўцы раяць асьцярожна ставіцца да выгадных прапановаў, а яшчэ зьвяртаць увагу ці не пахне ў салёне затхласьцю ці тваньню – менавіта гэткі пах маюць аўтамабілі-тапельцы. Гэткім чынам, заўважных прэцэдэнтаў, калі дзяржава кампэнсавала сваім грамадзянам выдаткі за сваю непрафэсійнасьць, у Беларусі няма, а таму клапаціцца пра сябе й уласную маёмасьць грамадзяне мусяць найперш самі.

Акрамя таго, падчас адной з апошніх навальніцаў ад удару маланкі загінуў 22-х гадовы мянчук. А таксама, спрабуючы спыніць паток вады ў падвал жылога дому, патануў 26-гадовы прадпрымальнік. Нагадаю таксама, што ў часе кароткачасовага ліўня, які здарыўся пяць гадоў таму, у Менску загінулі 53 чалавекі. Прычынай трагедыі ўлады назвалі стыхійнае бедзтва й зьбег акалічнасьцяў. Ніхто з высокапастаўленых чыноўнікаў ня быў прыцягнуты да адказнасьці за гібель людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG