Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 28 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 28 ліпеня

“Наша ніва”. 1914 год. Пад загалоўкам “Вайна пачалася” паведамляецца: “Вось цяпер ідзе на нас навальніца, якой наш край ад часу францускай вайны – сто гадоў таму назад – ня бачыў. З усходу плывуць хвалі аграмаднай расейскай арміі, з захаду – нямецкай, і хто ведае, ці ня тут – на нашых палёх – адбудзіцца страшная бітва народаў, такая крывавая, якой сьвет даўно ня бачыў?!.”

“Беларус”, ліпень 1984 году. “Беларуская літаратура панесла сёлета 25 ліпеня вялікую страту – памёр пісьменьнік Ул. Караткевіч… Сучаснае беларускае прыгожае пісьменства ня ведала такога аўтара, які б, як Ул.Караткевіч, адначасна гэтак плённа працаваў у паэзіі, у прозе, у драматургіі ды ў літаратурнай крытыцы… Сьмерць Ул.Караткевіча – самая вялікая страта для сучаснае беларускае літаратуры, якую толькі можна сабе ўявіць”.

“Добры вечар”, год 1994. “Міністэрства сувязі і інфарматыкі зацвердзіла палажэнне аб дзяржаўных знаках паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь. Паводле Палажэння, паштовыя маркі, блокі, маркіраваныя канверты і карткі “павінны адпавядаць духу прэамбулы Сусветнага Паштовага Саюза, адлюстроўваць у сваіх сюжэтах гісторыю і культурныя здабыткі рэспублікі, флору і фауну, дасягненні ва ўсіх галінах чалавечых ведаў, асноўныя падзеі ўнутранага і міжнароднага жыцця, адзначацца высокімі мастацкімі вартасцямі”. Вызначана, што выпускі знакаў паштовай сувязі не будуць прысвячацца асобам, якія яшчэ жывуць, а знакамітыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць выяўлены на іх не раней, чым праз дзесяць гадоў пасля смерці…”
XS
SM
MD
LG