Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць рэзыдэнтаў СЭЗ “Гомель-Ратон” спынілі сваю дзейнасьць


Казімер Яноўскі, Гомель Дзесяць рэзыдэнтаў спынілі сваю дзейнасьць у свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон” за апошнія паўтары гады. Сярод іх ня толькі беларускія, але і замежныя прадпрыемствы.

Сярод тых, хто пакінуў свабодную эканамічную зону “Гомель-Ратон” два расейска-беларускія прадпрыемствы, два – чэскія, польскае, ізраільскае і некаторыя іншыя.

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ Ігар Кудзеля галоўнай прычынаю пазбаўленьня статуса рэзыдэнта называе наступнае:

(Кудзеля: ) “Прычына адна – не выкананьне дамовы дзейнасьці ў СЭЗ, інакш кажучы, не выкананьне дамоўных абавязацельстваў”.

Да нядаўняга часу ў якасьці рэзыдэнта ў зоне дзейнічала даччынае прадпрыемства “Прамень” гомельскага аб`яднаньня “Сьветлатэхніка”. Ягоны генэральны дырэктар Яўген Сідарэнка на пытаньне пра ўмовы працы ў зоне адказаў так:

(Сідарэнка: ) “Мяне ўмовы не задавальнялі. Калі б задавальнялі, я б працаваў”.

Паводле Сідарэнкі, асабліва шмат часу ў вытворцаў забірае цяганіна з мытным афармленьнем грузаў.

Зь іншага боку, маючы велізарныя пляны прыцягненьня замежных інвэстыцыяў, СЭЗ рэгіструе рэзыдэнтамі ледзь ня кожнага, хто мае нейкі бізнэс-плян. Да прыкладу, зарэгістравана было рэзыдэнтам прадпрыемства “Айчына” з Ганконгу, якое мелася зарганізаваць, але ня здолела, мытны кансыгнацыйны склад.

Спыніла сваю дзейнасьць і сумеснае расейска-беларускае прадпрыемства “Артэкс”. Яно займалася выпускам сшыткаў і блякнотаў. Гэта пры тым, што побач, у Добрушы, дзейнічае магутнае аналягічнае прадпрыемства – папяровая фабрыка “Герой працы”.

Некаторыя рэзыдэнты цяпер наагул занепакоены тым, куды збываць сваю прадукцыю. У прыватнасьці швайцарскае прадпрыемства “Упэка Індастрыз”, якое зарганізавала ў свабоднай эканамічнай зоне выпуск стальных трубаў мэтадам халоднай дэфармацыі, зьвярнулася ў беларускае зьнешнепалітычнае ведамства з просьбай зарганізаваць антыдэмпінгавае расьсьледаваньне супраць украінскіх вытворцаў.

Распавядае юрыст швайцарскага прадпрыемства Юрый Бабовіч:

(Бабовіч: ) “Практычна ўвесь рынак захоплены ўкраінскімі вытворцамі з Нікапалю, Днепрапятроўска. Ёсьць яшчэ шэраг прыватных фірмаў, якія таксама вырабляюць падобныя стальныя трубы. Калі мы запусьцім прадугледжаныя праектам яшчэ два пракатныя станы, нам ня будзе куды рэалізоўваць прадукцыю”.

Пэўныя надзеі на падвышэньне ролі свабоднай эканамічнай зоны ў экспарце ў Гомелі зьвязвалі з пашырэньнем межаў СЭЗ. Праект ужо трэці год знаходзіцца ва ўрадзе. Аднак ніякага рашэньня на гэты конт урад пакуль не прыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG