Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскага больш не абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня з Валерыя Леванеўскага зьнята абвінавачаньне ў арганізацыі 1 траўня ў Горадні несанкцыянаванага мітынгу. Па-ранейшаму кіраўніка страйкаму прадпрымальнікаў абвінавачваюць у нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку.

Валер Леванеўскі ўжо 89 дзён знаходзіцца за кратамі. Сьледзтва па крымінальнай справе аб абразе прэзыдэнта пакуль ня скончанае.

Сёньня новую пастанову аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага атрымаў паплечнік спадара Леванеўскага Аляксандар Васільеў. У адной пастанове цяпер два абвінавачаньні — у публічнай абразе прэзыдэнта і ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Зьявіліся і новы фармулёўкі.

(Васільеў:) “У пастанове ёсьць артыкул 342 — гэта арганізацыя несанкцыянаванага мітынгу і беспарадкаў. Я высьветліў з гэтай пастановы, што я разам зь Леванеўскім вельмі моцна “дэстабілізаваў грамадзка-палітычную сытуацыю” ў Горадні”.

Паводле Аляксандра Васільева, сьледчы яму паведаміў, што крымінальная справа паводле артыкулу 342 — аб арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу адносна Валерыя Леванеўскага і ягонага сына Ўладзімера спыненая. Спадар Васільеў мяркуе, прычына ў тым, што абодвух сваім часам пакаралі за мітынг адміністрацыйным арыштам.
XS
SM
MD
LG