Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьмяняецца вэктар замежнай палітыкі Ўкраіны?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыл Пазьняк і выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Алесь Лагвінец.

(Валер Карбалевіч: ) “Вялікую цікавасьць выклікала рашэньне прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы выключыць з ваеннай дактрыны пункт аб уступленьні краіны ў НАТО й Эўразьвяз як канчатковыя мэты эўраатлянтычнай і эўрапейскай інтэграцыі. Свой указ Кучма падпісаў на падставе рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны.

Лічылася, што ва ўкраінскай эліце існуе кансэнсус адносна ейнага эўрапейскага вэктару. І здавалася, што гэты вэктар незваротны, і ня можа зьмяніцца пад уплывам нейкай палітычнай каньюнктуры: быццам, на яго ня можа паўплываць нават такая важная падзея, як прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца праз тры месяцы. І тым ня менш, такі, не зусім чаканы, паварот. Тым больш, што гэтае рашэньне Кучмы зьявілася празь невялікі час пасьля важнай эўрапейскай геапалітычнай падзеі – пашырэньня НАТО й Эўразьвязу. Ці зьмяніліся мэты афіцыйнага Кіеву ў кірунку эўрапейскай інтэграцыі?

(Кірыл Пазьняк: ) “Усе апошнія падзеі ва Ўкраіне варта разглядаць у кантэксьце перадвыбарчай сытуацыі. Натуральна, Расея зацікаўлена, каб там перамог прарасейскі палітык, і таму падтрымлівае Януковіча. Але й украінскі прэзыдэнт павінен ісьці на пэўныя саступкі. Бо яму патрэбны асабістыя гарантыі, і ягонаму элітнаму атачэньню таксама патрэбныя гарантыі бясьпекі. І рашэньне Кучмы пра няпэўны тэрмін уступленьня Ўкраіны ў НАТО й ЭЗ – гэта саступка Маскве. Але хто б ні стаў прэзыдэнтам Украіны – Януковіч ці Юшчанка, – зваротнага шляху ад інтэграцыі ў Эўропу ва Ўкраіны няма”.

(Алесь Лагвінец: ) “Безумоўна, перадвыбарчы кантэкст дамінуе ў гэтым рашэньні. Што мяне дзівіць, дык гэта тое, што ўкраінскі лідэр пайшоў на сьвядомы раскол грамадзтва. Гэта разьлік на падтрымку рускамоўнага насельніцтва, электарату, які спрыяльна ставіцца да беларуска-расейскай інтэграцыі.

Але зь іншага боку, нічога дзіўнага тут няма. Эўрапейскі вэктар Украніы больш дэкляратыўны. Кучма сьцьвярджае, што ў Эўропе Ўкраіну ніхто не чакае. Можа гэта, часткова, і так. Але праблема ў тым, што патрэбны рэальныя рухі па збліжэньні з Эўропай (гэта тычыцца й Беларусі). Трэба праводзіць рэальную эўрапеізацыю краіны, замацаваньне эўрапейскіх норм – найперш дэмакратычных стандартаў, на якіх будуецца ЭЗ.

І ва Ўкраіне, і ў Беларусі праэўрапейскія эліты яшчэ ніколі не былі ва ўладзе. Кіроўная намэнклятурная эліта, якая казала пра эўрапейскі вэктар, папросту спэкулявала на гэтай ідэі. І, магчыма, у нечым яны прафанавалі гэтую ідэю. Я падзяляю думку расейскага аналітыка Сяргея Караганава, які ўчора азначыў, што ва Ўкраіне (дарэчы, як і ў Беларусі) можна чакаць росту праэўрапейскіх настрояў”.

(Карбалевіч: ) “Апошнім часам дачыненьні Ўкраіны й Расеі ідуць па шляху збліжэньня. Вельмі часта сустракаюцца прэзыдэнты Кучма й Пуцін. Апошняя сустрэча двух прэзыдэнтаў зь бізнэс-элітамі абедзьвюх краін адбылася ў панядзелак у Ялце. Відочна, што гэтая сустрэча таксама мае перадвыбарчы характар.

Можна адзначыць, таксама, што праект па стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы ў межах чатырох дзяржаваў – гэта, у значнай ступені, праект Крамлю, арыянтаваныя на інтэграцыю Ўкраіны ў інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. Апошнія рашэньні аб тым, што менавіта расейская нафта пойдзе па нафтаправодзе Адэса-Броды, – яшчэ адзін чыньнік, што збліжае дзьве краіны.

Да гэтага часу ўкраінская эліта, афіцыйныя асобы падкрэсьлівалі, што збліжэньне паміж Кіевам і Масквою не ўплывае на эўрапейскі вэктар Украіны. А вось апошнія падзеі ставяць пад сумнеў гэтую тэзу. Здаецца, у спаборніцтве за Ўкраіну Расея перамагае Захад. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

(Пазьняк: ) “Уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз магло б даць эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве. А вось шчыльныя кантакты з Расеяй могуць даць плён у найбліжэйшыя гады. Таму Ўкраіна зацікаўлена ў эканамічных і палітычных праектах з Расеяй. Гэта і газавы кансорцыюм, і рашэньне па нафтаправодзе Адэса-Броды.

Пуцін учора сказаў, што да канца году яны з Кучмам мусяць выйсьці на падпісаньне дамоўленасьцяў па стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. Аналітыкі й сапраўды прагназавалі ад самага пачатку, што галоўны інтарэс для Расеі ў “чацьвёрцы” – гэта Ўкраіна. Пуцін адкрытым тэкстам сказаў, што лякаматывамі Адзінай эканамічнай прасторы будуць Украіна й Расея. Хаця, па лёгіцы, такімі лякаматывамі мусілі стаць Беларусь і Расея, якія будавалі Саюзную дзяржаву.

Украінскае кіраўніцтва цяпер атрымлівае досыць багаты “піяр” ад Крамлю, патрэбны на прэзыдэнцкіх выбарах. Пуцін выказвае асабістыя падзякі Кучму й Януковічу. Расейскі прэзыдэнт таксама прапанаваў праводзіць агульны чэмпіянат Украіны й Расеі па футболе, гуляючы на заўзятарскай настальгіі”.

(Лагвінец: ) “Я не разглядаў бы канкурэнцыю паміж Захадам і Расеяй за Ўкраіну як гульню з нулявым вынікам. Можа, для Ўкраіны гэта й добра. Можна атрымліваць выгоды з абодвух бакоў. Напрыклад, Эўразьвяз паабяцаў на апошнім саміце прызнаць украінскую эканоміку рынкавай.

Зь іншага боку, гэтае рашэньне чыста палітычнае. Зьмены ў ваеннай дактрыне можна зрабіць і ў адваротным кірунку – усё залежыць ад палітычнага кантэксту й сытуацыі. Тая ж нафта можа лёгка пайсьці праз пэўны тэрмін іншым шляхам і кірункам, калі зьявяцца адпаведнае палітычнае рашэньне й эканамічны грунт”.

(Карбалевіч: ) “Але калі ў НАТО і ЭЗ будуць бачыць, што Ўкраіна так хістаецца – сёньня хоча ўступаць, заўтра ня хоча, то й адносіны да яе будуць адпаведныя. Аднак давайце пагаворым пра ўплыў гэтых падзеяў на Беларусь, на беларускую палітыку.

Тут мне бачыцца два аспэкты. З аднаго боку, ствараецца ўражаньне, што ў інтэграцыі на прасторах СНД Украіна адціскае Беларусь з ролі галоўнага партнэра Расеі. І другі аспэкт: узмацненьне антызаходняга кірунку збліжэньня Ўкраіны й Расеі, здаецца, лье ваду на млын Лукашэнкі. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

(Пазьняк: ) “Я разьмежаваў бы наступствы эканамічныя й палітычныя для Беларусі. Што тычыцца эканомікі, то тут мы мецьмем пэўныя страты. Рашэньне аб транспартыроўцы расейскай нафты па нафтаправодзе Адэса-Броды перакрэсьлівае дамоўленасьці аб праекце будаўніцтва нафтаправоду Адэса-Броды-Мазыр-Полацак-Вэнтспілс. І гэта сьведчыць, што беларускія ўлады спазьніліся з праектам. Наша апазыцыя прапаноўвала гэта, дарэчы, больш за дзесяць гадоў таму, а ўлады прачнуліся толькі цяпер. І вось вынік – ужо занадта позна.

Што тычыцца палітыкі, то тут для Лукашэнкі багата нагодаў для ўнутранага “піяру”. Ён можа казаць: паглядзіце – у НАТО й Эўразьвязе нас не чакаюць. Вось, маўляў, Украіна паспрабавала й апяклася. А мы былі разумнейшымі, не імкнуліся туды.

З другога боку, і Пуцін, з прыкладу Лукашэнкі, пачаў шукаць вонкавых ворагаў. Ён сказаў, што Расеі й Украіне перашкаджае інтэгравацца заходняя агентура. Лукашэнка таксама шмат разоў казаў, што Захаду не падабаецца інтэграцыя на постсавецкай прасторы. І вось цяпер яго падтрымаў Пуцін. І Лукашэнка можа пазыцыянаваць сябе як больш дальнабачнага палітыка”.

(Лагвінец: ) “Беларусь таксама знаходзіцца цяпер у перадвыбарчай сытуацыі, грамадзтва, хочаш – ня хочаш, палітызуецца. І уплыў украінскай сытуацыі можа быць як станоўчым, так і адмоўным. Улады, якія валодаюць інфармацыйным рэсурсам, могуць даводзіць, што яны гэта прадбачылі й усё правільна рабілі.

Але ўкраінскі досьвед шмат у чым нагадвае беларускую сытуацыю. Грамадзтва там падзелена. І трэба пачакаць рэакцыі ўкраінскага грамадзтва на гэтае рашэньне Кучмы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам апошнія ўкраінскія падзеі даюць падставу зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, узмацняецца роля Расеі на постсавецкай прасторы, і ўкраінска-расейскае збліжэньне найбольш выразна паказвае, што СНД становіцца ў цэнтар замежнай палітыкі Расеі. Па-другое, узмацненьне ўплыву Расеі на дзяржавы СНД ідзе ў антызаходнім кірунку: дастаткова згадаць нядаўнюю сумесную заяву большасьці прэзыдэнтаў СНД, у якой крытыкуецца палітыка АБСЭ за ейныя патрабаваньні дэмакратызацыі ў краінах постсавецкай прасторы. Па-трэйцяе, украінска-расейскае збліжэньне выштурхвае беларуска-расейскую інтэграцыю на пэрыфэрыю замежнай палітыкі Расеі ў СНД”.
XS
SM
MD
LG