Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Der Spiegel” піша пра закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту


Ул. інф. “Ад пачатку траўня Беларусь мяжуе з Эўразьвязам. Аднак эўрапейскім духам у гэтай апошняй дыктатуры на кантынэнце нават ня пахне”, – цьвердзіць нямецкі тыднёвік “Der Spiegel”. І працягвае: “Днямі з уласнага рашэньня Лукашэнка выставіў за дзьверы Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт”.

“Адукацыйная палітыка настолькі блізкая сэрцу беларускага кіраўніка, што ён, праўдападобна, клапоціцца нават пра навучальныя пляны”, – піша нямецкі тыднёвік “Der Spiegel”. Паводле ініцыятывы колішняга саўгаснага кіраўніка, у школьныя й унівэрсытэцкія праграмы ўвялі такую абавязковую дысцыпліну, як “нацыянальная ідэалёгія”. Інакш, цытуючы словы беларускага лідэра, Беларусь “папросту згубіла б моладзь”.

Як азначае папулярнае нямецкае выданьне, гэта было пытаньнем часу: калі пад прыцэл Лукашэнкі трапіць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. На васьмі факультэтах гэтай установы атрымліваюць веды 1000 студэнтаў. Некаторыя зь іх займаюцца на факультэце эўрапейскай інтэграцыі, створаным пад патранатам МЗС Францыі; іншыя наведваюць нямецкамоўны навучальны курс міжнароднага мэнэджмэнту, праводжаныя выкладчыкамі Эўрапейскага ўнівэрсытэту Viadrina з Франкфурту на Одэры. Штогод у ЭГУ прыяжджаюць чытаць лекцыі каля 60 прафэсараў і дацэнтаў з Эўразьвязу й Злучаных Штатаў.

Зразумела, усяго гэтага зашмат для дзяржавы, дзе кантралююцца СМІ, перасьледуецца апазыцыя ды зьнікаюць дысыдэнты – падае “Der Spiegel”.

Ня так даўно прэзыдэнцкая Адміністрацыя запатрабавала ад унівэрсытэту пакінуць памяшканьні, у якіх студэнты вучыліся на працягу сямі год. Афіцыйная падстава: Адміністрацыі Лукашэнкі патрэбна больш плошчаў для апарату. А днямі Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ – з тае прычыны, што ўнівэрсытэту не стае вучэбных плошчаў.

Яшчэ ў студзені ўлады запатрабавалі адстаўкі рэктара ЭГУ прафэсара Міхайлава. Міхайлаў вельмі адкрыта артыкуляваў сваё жаданьне выхоўваць у асяродку студэнтаў гэтак званую крытычную масу. Паводле спадара рэктара, студэнты мусяць навучацца дыфэрэнцыяваным падыходам да гісторыі й рэчаіснасьці сваёй дзяржавы. Пасьля таго, як рэктар ЭГУ чарговы раз атрымаў пагрозу на свой адрас, ён папросту не вярнуўся са Злучаных Штатаў.

Як піша Der Spiegel, цяпер прафэсары й студэнты ЭГУ пакуюць свае кнігі й кампутары: да 5-га жніўня яны мусяць пакінуць памяшканьні, інакш іх выставяць адтуль прымусова. Што да нямецкамоўнага спэцкурсу “Міжнародны мэнэджмэнт”, то, паводле прадстаўніка Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD), ён будзе выкладацца й далей. На якіх умовах – невядома. За Лукашэнкам навучальнымі аўдыторыямі могуць стаць і жылыя пакоі. Як гэта было ў выпадку зь Беларускім гуманітарным ліцэем.
XS
SM
MD
LG