Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты кааліцыі “Маладая Беларусь” спадзяюцца на перамогу сваіх вылучэнцаў у 10-12 акругах


Альгерд Невяроўскі, Менск І ўсё ж застаецца асьцярога, што найбольш складаным этапам кампаніі стане рэгістрацыя кандыдатаў. Адзін з кіраўнікоў кааліцыі – Павал Севярынец заклікае ўсе апазыцыйныя кааліцыі да кансалідацыі.

На прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікоў кааліцыі пабываў наш карэспандэнт.

На сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў кааліцыя “Маладая Беларусь” выстаўляе больш за 30 сваіх кандыдатаў. Амаль усе яны будуць балятавацца ў абласных і раённых цэнтрах, а таксама ў сельскіх выбарчых акругах. Спадар Севярынец гаворыць: пераважная большасьць выбарцаў прыхільна ставіцца да таго, што маладыя ідуць у парлямэнт, і крытычна выказваецца пра Аляксандра Лукашэнку. Гэта ён заўважыў падчас абыходу кватэр і распаўсюду ўлётак.

Цяпер актывісты “Маладой Беларусі” вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, а таксама вядуць агітацыю супраць магчымага рэфэрэндуму. Павал Севярынец лічыць, што шанцы на перамогу ў ягоных калег ёсьць.

(Севярынец: ) “Прыблізна ў 10-12 акругах мы разьлічваем на перамогу ў першым туры. Гэта нашы моцныя акругі, і на іх будзе сканцэнтравана наша асноўная ўвага. Ёсьць пэўныя замеры й аналіз: новыя людзі ўступаюць у барацьбу, і яны могуць аказацца слабымі кандыдатамі”.

Павал Севярынец падкрэсьлівае, што на актывістаў кааліцыі “Маладая Беларусь” улады ўжо цяпер пачалі ціск. У Жодзіне супрацоўнікі КГБ затрымалі актывіста “Маладой Беларусі” Паўла Красоўскага, сканфіскавалі 10000 антырэфэрэндумных улётак і распачалі супраць яго сьледзтва. У Нясьвіжы за арганізацыю грамадзкага галасаваньня на конт трэйцяга прэзыдэнцкага тэрміну быў затрыманы Мікола Арцюхоў. Каардынатар “Маладой Беларусі” Артур Фінкевіч за ўдзел у акцыі 21 ліпеня пакараны 10-суткавым арыштам.

А вось што распавёў яшчэ адзін актывіст гэтай кааліцыі Аляксей Шэін.

(Шэін: ) “Учора да мяне ў дом, дзе я цяпер жыву ў Ракаве, зьявіўся міліцыянт і паведаміў, што мяне шукае Маскоўскі райаддзел міліцыі Менску. Ён папрасіў прайсьці зь ім. Аказалася (хто падумаў бы), што мяне шукаюць у зьвязку зь нявыплатай алімэнтаў. Зь мяне ўзялі тлумачэньне, што я ня быў жанаты й у мяне няма дзяцей. Пасьля мне паведамілі, што справа будзе рассьледавацца. Бо ж ніхто нічога ня ведае. Я кажу, што ў мяне дзяцей няма, а ён кажа, што мяне шукаюць”.

Мой суразмоўца згадвае, што такія мэтады ўлады выкарыстоўваюць не ўпершыню. Падчас ранейшых выбарчых кампаній за нявыплату алімэнтаў зьвінавачвалі Паўла Севярынца ды іншых актывістаў.

Спадар Севярынец лічыць, што найбольш складаным этапам гэтай выбарчай кампаніі будзе рэгістрацыя кандыдатаў, бо ўладам найлягчэй зьняць з выбараў дэмакратычнага кандыдата. Таму апазыцыянэрам, на ягоную думку, патрэбна кансалідацыя. У верасьні Павал Севярынец зьбіраецца ініцыяваць нараду прадстаўнікоў усіх выбарчых блёкаў з мэтай дамовіцца ў справе падтрымкі аднаго дэмакратычнага кандыдата ў кожнай выбарчай акрузе.
XS
SM
MD
LG