Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Руслан Харкевіч: “Я й ня думаў, што магу так напалохаць улады”


Любоў Лунёва, Менск Сябра моладзевага руху “Зубр” Руслана Харкевіча адміністратыўная камісія Заводзкага райвыканкаму пакарала штрафам пяць тысяч рублёў за распаўсюд налепак з заклікам прыйсьці 21 ліпеня да плошчы Якуба Коласа на акцыю, прысьвечаную дзесяцігодзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Днём раней суд Савецкага раёну пакараў Руслана за ўдзел у гэтай акцыі. Паводле пастановы суду, ён мусіць заплаціць 380000 рублёў.

Руслана Харкевіча затрымалі 21 ліпеня ля гастраному “Сталічны” разам з іншымі сябрамі Маладога Фронту й моладзевага руху “Зубр”. У той дзень была сьпякота, і ў навучальнай клясе міліцыі Савецкага раёну, дзе трымалі больш за паўсотню затрыманых удзельнікаў акцыі, Руслану стала кепска. Мэдыкі “хуткай дапамогі” зафіксавалі падвышаны ціск і адвезьлі хлопца ў 10 клінічны шпіталь. Калі судзілі затрыманых удзельнікаў акцыі, Руслан Харкевіч быў у шпіталі. Як толькі ён адтуль выпісаўся, атрымаў судовыя позвы.

Руслан лічыць, што ўлады караюць удзельнікаў вулічных акцый з прычыны страху перад імі.

(Харкевіч: ) “Калі мяне выпісалі са шпіталю, я сябе яшчэ ня вельмі добра адчуваў. Мяне чакалі два сюрпрызы: першы – позва ў Савецкі суд, другі – у Заводзкі. Судзьдзя Руслан Казадаеў аштрафаваў мяне на дваццаць мінімальных заробкаў. Я такіх грошай не зарабляю. Мой заробак – 190 тысяч рублёў. Я й ня думаў, што магу так напалохаць улады. Відаць, я ўяўляю для іх нейкую пагрозу. Лічу, што мяне менавіта таму й пакаралі, што спалохаліся”.

Руслан Харкевіч стаў дзясятым удзельнікам акцыі, якога пакаралі штрафам. У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку дагэтуль 6 чалавек адбываюць арышт – гэта Алег Корбан, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Артур Фінкевіч і Зьміцер Бандарэнка. 31 ліпеня пяцёра выйдуць на волю. За кратамі застанецца каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка. Яго пакаралі на самы доўгі тэрмін – 15 сутак арышту.
XS
SM
MD
LG