Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сталіца аказалася безабароннай перад прыроднай стыхіяй?


Ігар Карней, Менск Двойчы, зь невялікім перапынкам, цэнтральныя вуліцы Менску ў выніку моцных навальнічных дажджоў апыналіся пад вадой. Цягам нядзелі й аўторка загінулі два чалавекі, дзясяткі машын былі патоплены. Чаму камунальныя службы гораду аказаліся безабароннымі перад прыроднай стыхіяй?

Кіроўца старэнькага “Опэля” Артур ледзьве не ўтапіў свой аўтамабіль двойчы – і ў нядзелю, і ў аўторак. Вось якія ягоныя ўражаньні ад тых паездак.

(Артур: ) “Усё было затоплена, ледзьве знайшоў выезд з гораду. Якраз быў на Нямізе, шукаў, дзе меней вады, бо ў мяне дызэль, і калі б заглох, то было б – усё”.

(Карэспандэнт: ) “А ці дапамагала ДАІ рэгуляваць той хаатычны рух?”

(Артур: ) “Вельмі мала дзе яны стаялі, я разы два толькі бачыў. На вуліцы Мясьнікова. Бо там машына плавала – толькі антэна з-пад вады тырчала. І на вакзале стаялі… Некаторыя нясуцца, сьпяшаюцца. Але лепей аб’ехаць лужыну, калі ня ведаеш, якой яна глыбіні, чым сунуцца ў яе й заглохнуць. Машыны тапіліся. Нават ня ведаю, як яны там апынуліся. Шмат машын затапіла цалкам. Прычым, уладальнікі стаялі побач на ходніках і глядзелі, як машыны топяцца. Калі цалкам пад вадой – што можна зрабіць? Яна не настолькі гермэтычная, каб вада не патрапляла. Любая шчыліна – і топіцца. Трэба вылазіць, а то потым, ня дай Бог, не адчыніцца – і ўтопісься ў машыне. Таму лепей, каб патанула машына, чым сам”.

Паводле сталічнай Дзяржаўтаінспэкцыі, цягам двух дзён у Менску цалкам ці часткова затоплена амаль паўтары сотні аўтамабіляў. І толькі адзінкі ўладальнікаў могуць прэтэндаваць на грашовую кампэнсацыю, бо амаль ніхто сваіх машын ад няшчасных выпадкаў не страхуе. Тым часам кіраўніцтва “Белгідрамэтэацэнтру” цьвердзіць, што папярэджвае пра магчымую навалу загадзя, і таму да такіх сыгналаў трэба прыслухоўвацца вельмі ўважліва. Вось што сказала загадчыца службы Тамара Цярэшчанка.

(Цярэшчанка: ) “Усе штармавыя папярэджаньні адсылаюцца найперш у Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях. Але нейкае ацэнкі мы ім даваць ня можам, бо перадусім бацькі гораду мусяць эфэктыўна змагацца з тым, што ў іх зьліўныя каналізацыйныя сыстэмы не працуюць. А ў МНС і ў нас ёсьць доўгі сьпіс кліентаў, якіх мы забясьпечваем штармавой інфармацыяй. А як можа змагацца МНС з дрэннымі ачышчальнымі сыстэмамі Менску? Гэта ўжо задача не міністэрства”.

(Карэспандэнт: ) “На сёньняшні вечар прагназуецца нешта падобнае?”

(Цярэшчанка: ) “Так, увечары таксама чакаем разьвіцьцё навальнічнай дзейнасьці, і моцны лівень гэтаксама ня выключаны”.

У Менгарвыканкаме, між тым, адказнасьць за паводкі ў цэнтры сталіцы сьпісваюць не на камунальныя службы, а на Сьвіслач. Гаворыць супрацоўніца выканкаму Алена Аўрынская.

(Аўрынская: ) “Адразу напоўнілася Сьвіслач – і падпёрла ліўневыя выхады. Таму рака вады не прымала, а, наадварот, выштурхоўвала сваю. Гэта адна прычына. Другая – краты, якія зачыняюць сьцёкі, забрудзіліся вельмі хутка. Горад, здаецца, чысты, але, тым ня меней, на вуліцах дастаткова сьмецьця – папера, пясок, зямля, якую з касагораў змывала, траву несла. Такога ліўня Менск, можа, наагул ня бачыў, альбо даўно ня ведаў”.

(Карэспандэнт: ) “У гэтым зьвязку прэтэнзіі да камунальных службаў гораду ёсьць?”

(Аўрынская: ) “Прэтэнзіі могуць быць такія: ахайней падмятайце сьмецьце. Але хто ж мог думаць, што парве касагоры й усё панясе з травой і пяском? А так асаблівых няма: працуюць, як трэба. І што ты зробіш, калі за гадзіну выпадае паўмесяцовая норма ападкаў”.

У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях таксама пераконваюць, што зрабілі дзеля выратаваньня людзей ўсё магчымае. Прынамсі, эвакуяваныя пасажыры, больш за сотню машын і маршрутнага транспарту – аўтобусаў, трамваяў, тралейбусаў.

(Голубеў: ) “Магчыма, памылкі ў разьліках, калі будавалі гэтую “ліўнёўку”. Плюс – нашыя барбарскія адносіны да зьліўной сыстэмы, куды кідаюць усялякае сьмецьце. І, нарэшце, у Менску ёсьць нізінныя месцы, якія заўсёды ў часе моцных дажджоў залівае вадой: падвалы гандлёвага дому “На Нямізе”, ля плошчы Бангалор пастаянна вада стаіць. З наша боку зроблена ўсё дзеля таго, каб наступствы былі мінімальнымі. І ў нас ёсьць спэцыялізаванае падразьдзяленьне, якое займаецца выратаваньнем на вадзе”.

Між іншым, ні ў адным ведамстве не даюць гарантыі, што ўрокі нядаўніх паводак улічаны, і нешта падобнае не паўторыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG