Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы рэабілітуюць ахвяраў камуністычных уладаў і караюць тагачасных злачынцаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы працягваецца аднаўленьне справядлівасьці што да няслушна пакараных у камуністычныя часы, а таксама суды над тымі, хто ў тыя часы быў па-за законам. Пра два такія працэсы, што скончыліся ў Польшчы напярэдадні распавядае наш карэспандэнт.

У сярэдзіне 1960-х, калі ў польскіх крамах пачалі зьнікаць мясныя вырабы, камуністычныя ўлады арыштавалі 10 супрацоўнікаў мясных крамаў з Варшавы ды заявілі, што гэта нібыта ў выніку іхнай злачыннай дзейнасьці паліцы крамаў пустыя. Быў наладжаны паказальны судовы працэс, у выніку якога адзін з арыштаваных – Станіслаў Ваўжэцкі – атрымаў сьмяротнае пакараньне, а рэшта – вялікія тэрміны турэмнага зьняволеньня.

“Сьмяротны вырак у гэтай справе быў папросту судовым злачынствам”, – кажа дзяржаўны Абаронца грамадзянскіх правоў у Польшчы Анджэй Цоль, які зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай аб пераглядзе справы 40-гадовай даўніны.

У 1965 годзе, нягледзячы на абурэньне часткі грамадзтва, сьмяротны прысуд быў выкананы. Цяпер вярхоўны суд прызнаў, што Ваўжэцкі быў асуджаны са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства.

(Ваўжэцкі: ) “Я шчасьлівы, што атрымалася хаця б вярнуць добрае імя майму бацьку. Хай сабе і праз 40 гадоў”, – кажа сын расстралянага Павал Ваўжэцкі.

Між тым у судзе гораду Сьвідніца адбыўся суд над былым міліцэйскім сьледчым Ежы Х., які ў 1980-х гадох зьдзекаваўся з актывістаў “Салідарнасьці”.

Міліцыянт біў арыштаваных нагамі, дубінкай, змушаў іх апранаць адгазьнік, а потым перакрываў паветра, выкарыстоўваў для зьдзекаў электрычнасьць.

(Ахвяра: ) “Я чакаў на гэты дзень шмат гадоў і ўжо нават ня верыў, што гэты кат калі-небудзь адкажа за свае злачынствы”, – кажа былы сябра “Салідарнасьці”, якога калісьці катаваў сьледчы.

Суд прысудзіў Ежы Х. два гады турэмнага зьняволеньня з пазбаўленьнем грамадзянскіх правоў на тры гады.
XS
SM
MD
LG