Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты пратэстуюць супраць закрыцьця ЭГУ


Галіна Абакунчык, Менск Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зладзілі акцыю пратэсту супраць закрыцьця ВНУ. Многія зь іх адмаўляюцца пераходзіць у іншыя навучальныя ўстановы й намерваюцца адстойваць сваё права навучацца ў сьценах ЭГУ. Адначасна кіраўніцтва ўнівэрсытэту правяло прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой паведаміла, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт будзе працягваць існаваньне – у іншых формах.

Акцыю пратэсту студэнты зладзілі ў выглядзе мастацкага пэрформансу – з выкарыстаньнем канспэктаў, плякатаў, творчых прац. У часе гэтае імпрэзы яны паведамлялі пра падзеі ва ўнівэрсытэце, а таксама расьпісвалі сьцены будынку на розных мовах з рознакаляровых балёнчыкаў.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пішаце?”

(Студэнтка: ) “Вярніце ЭГУ. У нас незаконна забіраюць унівэрсытэт”.

(Карэспандэнтка: ) “Не баіцеся, што прыцягнуць да адказнасьці?”

(Студэнтка: ) “Не, я не баюся адказнасьці. Няхай адказваюць тыя, хто забірае ў нас унівэрсытэт”.

(Студэнтка: ) “Заклікаем усіх пісаць асабістыя лісты прэзыдэнту й Міністэрству адукацыі. Гэта будзе часткай акцыі супраціву супраць незаконных дзеяньняў уладаў і парушэньня элемэнтарных свабодаў і правоў чалавека”.

(Студэнтка: ) “Мы не здамося. Калі з намі паступаюць гэтак, то мы будзем рэагаваць”.

Студэнты называюць дзеяньні ўладаў палітычна матываванымі й падтрымліваюць выкладчыцкі калектыў, рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. Але адначасна выказваюць і незадаволенасьць дзеяньнямі пэдкалектыву.

(Студэнты: ) “Пэўна, гэта палітычная зьява. Інтэнцыі ідуць адтуль”.

(Студэнт: ) “Тут, канечне, шмат пытаньняў да Міністэрства адукацыі, якое закрывае лепшую навучальную ўстанову ў Беларусі. І, канечне, ёсьць пытаньні й да нашых пэдагогаў: настаўнікі мусілі біць у званы яшчэ зь зімы, калі толькі распачалася гэтая гісторыя. Яны павінны былі зразумець, што Міністэрства адукацыі проста так ад нас не адчэпіцца. І канечне ж, пытаньне да Міхайлава з Дунаевым – чаму яны ня тут? Мы засталіся, так бы мовіць, без галавы, нас ніхто не прыкрывае. І гэта вельмі цяжкае становішча – і для студэнтаў, і для абітурыентаў, і для выкладчыкаў, якія таксама апынуліся на вуліцы”.

Анатоль Міхайлаў і ягоны намесьнік Уладзімер Дунаеў гэтымі днямі знаходзяцца ў ЗША, дзе праводзяць перамовы з фундатарамі міжнародных адукацыйных цэнтраў пра магчымасьць захаваньня ЭГУ. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту сёньня зарганізавала прэсавую канфэрэнцыю, каб паведаміць вынікі гэтых перамоваў. Гаворыць выканаўца абавязкаў рэктара, дэкан Тацяна Галко.

(Галко: ) “Анатоль Арсенавіч патэлефанаваў і сказаў, што вельмі добра завершылася паседжаньне навуковай рады: нашыя донары й нашыя калегі сказалі, што для іх ЭГУ працягвае існаваць, не зважаючы на часовую раскіданасьць студэнтаў і выкладчыкаў. У якой гэта форме будзе – я пакуль ня ведаю. Але яны гатовы падтрымаць і маральна, і матэрыяльна, і фінансава любыя новыя праекты, якія гэты калектыў будзе ствараць”.

Адначасна кіраўніцтва ЭГУ распачало працэс пераводу сваіх навучэнцаў у іншыя навучальныя ўстановы Менску, а студэнты заявілі пра падрыхтоўку акцыі пратэсту да 5 жніўня.

Нагадаю пасьлядоўную хаду падзеяў: вызваліць арандаваны будынак да 5 жніўня ад кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту патрабуе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. На падставе гэтага патрабаваньня Міністэрства адукацыі пазбавіла ВНУ ліцэнзіі на права адукацыйнай дзейнасьці. Перад гэтым міністар Аляксандар Радзькоў ува ўльтыматыўнай форме патрабаваў адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава.

Гл. таксама • Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ
XS
SM
MD
LG