Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што казаў Лукашэнка аб Чыгіры, Ганчары й Захаранку ў 1994 годзе


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 27 ліпеня

“Сын Беларуса”, 1924 год. Паведамленьне з Усходняй Беларусі: “Другая сэсія Выканаўчага Камітэту Радаў Беларусі пастанавіла, што ўсе мовы краю: расейская, беларуская, польская і жыдоўская прызнаюцца раўнапраўнымі ў Беларусі. Мовай дыпляматычных зносінаў прызнана расейская, але мовай дзяржаўна-урадавай унутры Беларусі прынята беларуская. Праз 3 гады апошняя, як піша “Kurjer Polski”, павінна быць абавязковай”.

Са старонак “ЛіМа” ў 1984 годзе Рыгор Барадулін зьвяртаецца да памерлага Ўладзімера Караткевіча: “Мы замаўчалі, каб перадумаць усё, што сказаў ты, дасведчаны і адукаваны, непрымірымы і даверлівы да безабароннасці рыцар з замка дабрыні і спагады, мудрэц і наіўны пасляваенны аршанскі падлетак. Ты ведаў, як мала хто, шмат, ты штохвіліны імкнуўся даведацца яшчэ болей, дапасці да сутнасці, да першавытокаў сэнсу ўсяго нашага кароткага жыцця. Мы замаўчалі, бо замаўчаў ты, столькі недавыказаўшы, столькі недарабіўшы. У дзесятак тамоў не змесціцца толькі напісанае табой, а колькі задумана было!”

“Белорусская деловая газета” на гэтым тыдні 1994 году цытуе выказваньні прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце, калі ён характарызаваў кандыдатаў на міністэрскія пасады: “Прэм’ер М.Чыгір быў прадстаўлены як “прафэсійны фінансіст-эканаміст, дарослы чалавек, вопытны, які працуе ў надзвычай цяжкай сфэры – Аграпрамысловым банку. Вы ведаеце, што гэта за банк: там асабліва не накруціш і настрыжэш купонаў… “Віктар Ганчар, “таленавіты, разумны, дай Бог яму яшчэ стойкасьці”, годны месца віцэ-прэм’ера з вышэйшай справядлівасьці: паколькі “мы не заўсёды былі ў Вярхоўным Савеце справядлівыя да гэтага чалавека”. Няшмат, але вельмі добрых слоў знайшлося ў Прэзыдэнта й для іншых прэтэндэнтаў на партфэлі. Юры Захаранка – чалавек чэсны, прыстойны, малады, здольны”.
XS
SM
MD
LG