Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскопкі паказалі, што старажытны Полацак займаў большую плошчу, чым меркавалася дагэтуль


Вінцэсь Мудроў, Полацак Ліпень – гарачая пара для беларускіх археолягаў. Адразу некалькі археалягічных экспэдыцыяў працуе зараз у розных кутках Беларусі. Адна зь іх, арганізаваная навукоўцамі Полацкага дзяржунівэрсытэту, дасьледуе старажытную беларускую сталіцу, дакладней – старажытны Запалоцкі пасад. Археолягі зрабілі падчас раскопак сэнсацыйнае адкрыцьцё: як выявілася, Полацак у 12-м стагодзьдзі меў значна большую плошчу, чым меркавалі дагэтуль. Пра гэта нашаму полацкаму карэспандэнту Вінцэсю Мудрову паведаміў кіраўнік археалягічнай экспэдыцыі гісторык Дзяніс Дук.

Чаму археолягі засяродзіліся менавіта на гэтым раёне горада – Запалоцкім пасадзе? Па-першае, гэта адзін з самых старажытных полацкіх пасадаў, а па-другое, ён вельмі мала дасьледаваны. Праўда, самі раскопкі праводзіліся не на сялібнай тэрыторыі, а непадалёку ад дзьвінскага берага, у некалькіх сотнях мэтрах на захад ад мяжы горада. Малады навуковец Дзяніс Дук, кіраўнік археалягічнай экспэдыцыі, вырашыў спраўдзіць – ці ва ўсе часы тут было голае поле. Распавядае кіраўнік экспэдыцыі:

(Дук: ) “У гэтым годзе мы зрабілі, я б сказаў, нечаканае адкрыцьцё. Было адкрытае паселішча плошчаю 21 гектар. Ужо зараз вядома, што гэта была частка Запалоцкага пасаду. Намі ўскрытая абарончая вежа і сьцяна старажытнага пасаду драўлянай канструкцыі. Знойдзена шмат прадметаў побыту, шмат бронзавых рэчаў, гэта значыць, рэчаў ювэлірнай вытворчасьці”.

Абарончыя пабудовы былі ўзьведзеныя ў 11-12 стагодзьдзях. Гэтым жа часам датуюцца і археалягічныя знаходкі. Па сьведчаньні спадара Дука, падмурак васьміграннай вежы, і рэшткі абарончых сьценаў – гэта спрэс пажарышча. Калі згадаць знойдзеныя там наканечнікі дзідаў, часткі дасьпехаў ды іншыя знаходкі мілітарнага характару, дык вымалёўваецца выразная карціна. А менавіта: у 12-м стагодзьдзі Полацак зазнаў варожую аблогу, у выніку чаго гэтая частка пасаду была спаленая і больш не аднаўлялася. Такім чынам, там, дзе васемсот зь лішкам гадоў таму жылі палачане, сёньня – голае поле. Малюнак у нечым сымбалічны.

Калі размаўляеш з археолягам, які кагадзе вярнуўся з экспэдыцыі, з вуснаў міжволі зрываецца пытаньне: “Што знайшлі?” Такое пытаньне Дзянісу Дуку задаў і я. І вось што пачуў:

(Дук: ) “Сярод ювэлірных вырабаў я б вылучыў тыя прадметы, якія насілі ў побыце нашыя далёкія продкі – крывічы-палачане. Гэта акурат вырабы славянскай культуры: пярсьцёнкі – вельмі, дарэчы, прыгожыя; гэта скроневае кальцо; адметнай работы накладкі. Цікавай з пункту гледзішча археалёгіі я б назваў віслую сьвінцовую пячатку – такія прычэпліваліся да дакумэнтаў. З так званых мілітарыяў назаву наканечнікі стрэлаў, фрагмэнты лямінарнага – пласьціністага – дасьпеху, якія насілі нашыя продкі і ў якіх бараніліся ад ворагаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG