Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-за недастатковай колькасьці спартовых збудаваньняў большасьць беларускіх алімпійцаў трэніруецца не на Радзіме, а за яе межамі


Уладзімер Глод, Менск 13 жніўня ў Афінах адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё чарговых летніх Алімпійскіх гульняў. Цяпер арганізатары гэтага форуму ліхаманкава сьпяшаюцца дабудаваць апошнія аб’екты, пакласьці бляск на ўжо збудаваныя. Пра грэцкія гульні мы яшчэ будзем размаўляць не аднойчы, а сёньня я хачу нагадаць пра тое, што і Менск можна ў пэўнай ступені лічыць алімпійскім горадам.

У 1980 годзе летнія Алімпійскія гульні прымала Масква, але групавыя футбольныя турніры праводзіліся тады яшчэ ў трох гарадах – Кіеве, тагачасным Ленінградзе і Менску. Дзеля гэтага ў Менску тады рэканструявалі стадыён “Дынама”, які ва ўсёй дакумэнтацыі праходзіў выключна як алімпійскі аб’ект. А наколькі спартовыя базы сталіцы Беларусі сёньня адпавядаць алімпійскаму ўзроўню?

Сказаць, што ў Беларусі не будуюць спартовыя аб’екты, нельга. Нават у абласных цэнтрах адзін за адным вырастаюць лядовыя палацы. Але чамусьці атрымліваецца, што ўсе новыя збудаваньні ахопліваюць усяго чатыры віды спорту – хакей, футбол, тэніс, біятлён. А тое, што рэканструююць – як, напрыклад, палац водных відаў спорту – не вытрымлівае ніякай крытыкі. Як пісалі нядаўна газэты “Время” і “БДГ”, палац водных відаў спорту рэканструяваўся ў аўральным рэжыме. У выніку ён быў здадзены зь вялізнымі будаўнічымі недапрацоўкамі: дэфармаваныя сьцены, пастаянна вылятае шкло з шыбаў – частка вокнаў зацягнута цыратай, забіта фанэрай...

А вось як ацэньвае сучаснае становішча са спартовымі аб’ектамі Беларусі трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Акрамя таго, што адрамантавалі палац водных відаў спорту, мы не пабудавалі ніводнага новага басэйну ў Беларусі. Не пабудаваны вэлятрэк, не будуюць ні для байдаркі, ні для каноэ, ні для лёгкай атлетыкі... Мы сёньня ня маем буйнога стадыёна, на якім маглі б правесьці міжнародныя спаборніцтвы. Стадыён “Дынама” ў Менску не атэставаны для міжнародных спаборніцтваў. Мы не будуем спартовых залаў для дзяцей. Толькі хакей, футбол, біятлён ды тэніс. А астатнія, як кажуць, мэдалеёмкія віды спорту? Што ім рабіць, дзе працаваць?”

Хачу нагадаць, што ў сталіцу Грэцыі паедуць 152 ці 153 спартоўца Беларусі. Між тым, чатыры гады таму, на пачатку новага алімпійскага цыклу, плянавалася, што алімпійскія ліцэнзіі атрымаюць 180, а можа нават і 190 чалавек. Ці не зьвязана такое, так бы мовіць, недывакананьне ўласных плянаў са слабой спартовай базай Беларусі? Невыпадкова ж большасьць алімпійцаў цяпер трэніруецца не на Радзіме, а за яе межамі.

Вось мы ўзгадвалі палац водных відаў спорту. Думаеце, беларускія плыўцы-алімпійцы рыхтуюцца да афінскіх стартаў там? Насамрэч, яны трэніруюцца ў... Славеніі. Здаўна вядома, каб перамагаць на Алімпіядах ды чэмпіянатах сьвету, трэба арганізаваць нармалёвае фізкультурна-аздараўляльнае выхаваньне дзяцей. Але вось пра што сьведчаць афіцыйныя дадзеныя мэдычнага абсьледваньня: толькі 12 % дзяцей у краіне можна лічыць здаровымі, а 37% дапрызыўнікаў маюць тыя ці іншыя пярэчаньні супраць службы ў арміі. Вось такія красамоўныя лічбы.
XS
SM
MD
LG