Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Веткаўскі райвыканкам распрацоўвае экстрэмальны турыстычны маршрут у Чарнобыльскую зону


Казімір Яноўскі, Гомель Чым тлумачыцца такая ўвага Веткаўскага райвыканкаму да экстрымальнага турызму? Жаданьнем неяк скарыстаць заражаныя радыяцыяй тэрыторыі ці нечым яшчэ?

У рэгіёне, паводле нядаўняга распараджэньня кіраўніка дзяржавы, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты. Яны мусяць быць завязаны ў адно вялікае кола, якое ахапіла б большую частку вобласьці.

Ветка традыцыйна паказвае свой музэй народнай творчасьці, дзе сабраны мастацкія рэчы культуры стараабрадцаў. Цяпер тут плянуюць свой “экстрым”: каля паловы раёну з прычыны радыяцыі адселена, але ж заражаную тэрыторыю хочуць неяк “прыручыць”. Вось што, у прыватнасьці, кажа намесьнік старшыні райвыканкаму Міхась Прыходзька:

(Прыходзька: ) “Да нас едуць паглядзець на разваленыя вёскі. Мы і вырашылі з гэтага прыдбаць нейкую капейку”.

А што зьбіраюцца веткаўцы паказваць і чым займаць турыстаў у “зоне”? Паводле спадара Прыходзькі, турыстам можна зарганізаваць паляваньне, рыбалку, водны паход на лодках уніз па рацэ Бесядзь.

Не выключаюць веткаўскія “сталкеры”, што турыстаў можа зацікавіць і радзіма савецкага міністра замежных спраў Андрэя Грамыкі – містэра “Не”, як яго называлі на Захадзе. Вёска Грамыкі таксама выселеная.

Наколькі чарнобыльскі экстрэмальны турызм можа зацікавіць замежнікаў, якія надзвычай паважна ставяцца да свайго здароўя – у іх з сабой дазімэтры, калькулятары – пэўна адказаць цяжка. Я пацікавіўся, ці багата турыстаў наогул наведвае Гомельшчыну. Ва ўправе статыстыкі паведамілі, што па лініі турыстычных агенцтваў летась у рэгіёне пабывала 584 замежнікі. Найбольш – зь Нямеччыны, Італіі, Ізраілю. Нават са Злучаных Штатаў Амэрыкі прыяжджалі 34 чалавекі, але гэта пераважна эмігранты. Турызм агулам прынёс рэгіёну ўсяго толькі 60 мільёнаў беларускіх рублёў, 12 тысячаў даляраў і 20 тысячаў эўра.

Наколькі вядома, чарнобыльскія турыстычныя маршруты даўно ўжо існуюць ва Украіне: сам я двойчы быў на атамнай станцыі, а таксама ў горадах Прыпяць і Чарнобыль.Чаму да гэтага часу не было іх у заражаных раёнах Гомельшчыны, найбольш пацярпелай ад катастрофы? Мне падаецца, што чарнобыльскія турыстычныя маршруты тут ня ладзіліся таму, што не было адпаведнай каманды “зьверху”.

Памятаю, як у красавіку 2001 Аляксандр Лукашэнка, прыляцеўшы на гелікаптэры ў Палескі дзяржаўны радыялягічны запаведнік, дакладней, у выселеную вёсцы Бабчын Хойніцкага раёну, раіў апазыцыі арганізоўваць тут чарнобыльскія шэсьці:

(Лукашэнка: ) “Я прапанаваў апазыцыі правесьці тут “Чарнобыльскі шлях” і папрасіў улады, каб яны пачысьцілі дарогу ад Масаноў да вось гэтай кропкі. Мы б 30 кілямэтраў адтуль, ад Прыпяці, ад мяжы з Украінаю – я наперадзе, вы (журналісты – аўт.) за мною, яны ўжо ўсьлед за намі прайшлі б гэтым шляхам, урачыстым маршам”.

Так раіў кіраўнік дзяржавы. Іншага распараджэньня да апошняга часу не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG