Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 ліпеня 1812 году нарадзіўся Юзаф Ігнацы Крашэўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 ліпеня

28 ліпеня 1944 году савецкія войскі вызвалілі ад немцаў апошні буйны беларускі горад Берасьце. Такім чынам, менавіта гэты дзень рэальна зьяўляецца днём вызваленьня Беларусі, а ня той, які афіцыйна сьвяткуецца цяпер 3 ліпеня, калі ў 1944 годзе быў вызвалены Менск.

Сёньня спаўняецца 200 гадоў з дня народзінаў нямецкага філёзафа Людвіга Фэербаха. Фэербах быў пасьлядоўнікам Гегеля, аднак пазьней перагледзеў свае погляды і пачаў Гегеля крытыкаваць. У аснове філязофіі Фэербаха – чалавек як біялягічная істота. За што, відаць, яго і любілі наступнікі-матэрыялісты Маркс і Ленін.

Дарэчы, сёньня – дзень нараджэньня яшчэ аднаго знакамітага філёзафа, гэтым разам ангельскага. 28 ліпеня 1902 году прыйшоў на сьвет Карл Попэр, стваральнік тэорыі адкрытага грамадзтва.

28 ліпеня 1812 году нарадзіўся Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Ён прыйшоў на сьвет у Варшаве, пісаў па-польску і стаў адным з найвялікшых польскіх пісьменьнікаў. Аднак усё жыцьцё і ўся творчасьць Крашэўскага зьвязаныя з нашым краем. Род ягоны паходзіць з Пружаншчыны, гімназію Крашэўскі сканчаў у Сьвіслачы, унівэрсытэт – у Вільні. Тут жа і ў турме пабываў за ўдзел у паўстаньні 1831 году. Пасьля таксама ў Вільні цэлых дзесяць гадоў рэдагаваў часопіс “Атэнэўм“, а тады ўжо перабраўся ў Варшаву. Крашэўскі напісаў мноства мастацкіх твораў пра гісторыю нашага краю. Усяго ім створана 223 раманы. Вось назвы толькі некаторых, якія самі сьведчаць за сябе: “Апошнія з слуцкіх князёў”, “Кароль у Нясьвіжы”, “Пане Каханку”. А яшчэ Крашэўскі пісаў навуковыя кнігі, напрыклад, “Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песьні”, альбо – “Барысаў”, “Пінск і Піншчына”, “Адзеньне мяшчан і сялян з ваколіц Берасьця, Кобрыня і Пружан”. Вершы Крашэўскага перакладаў на беларускую мову Янка Купала.

28 ліпеня 1947 году нарадзілася Алена Бялова, сусьветна вядомая беларуская спартоўка-фэхтавальніца, алімпійская чэмпіёнка.

І яшчэ адзін, гэтым разам – цёмны пэрсанаж, зьявіўся на сьвет у гэты самы дзень. 28 ліпеня 1957 году нарадзіўся Усама бэн Ладэн, міжнародны тэрарыст нумар адзін.

28 ліпеня 1997 году пакінуў гэты сьвет Лявон Луцкевіч, які сам сябе называў старым віленчуком, бо ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў зьбіраньню фактаў, што сьведчылі пра беларускую гісторыю Вільні – яе герояў і дзеячоў. Пяру Лявона Луцкевіча належыць кніга “Вандроўкі па Вільні”. Сам жа ён выдатна ведаў гэты старажытны горад і правёў па ім сотні экскурсіяў для зацікаўленае публікі.
XS
SM
MD
LG