Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя аналітыкі: пытаньне паставак зброі – адно з самых актуальных у беларуска-суданскіх дачыненьнях


Валер Каліноўскі, Менск У цэнтры Менску разьвешаныя суданскія сьцягі: учора ўвечары ў Менск з трохдзённым афіцыйным візытам прыляцеў прэзыдэнт Судану Умар Хасан Ахмад аль-Башыр з жонкай. Сёньня ў яго адбудуцца перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Афіцыйна паведамляецца, што падчас візыту будуць падпісаныя пагадненьні аб гандлёвым, інвэстыцыйным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Прэзыдэнта Судану Умара аль-Башыра, які прыляцеў самалётам “Катарскіх авіялініяў”, у аэрапорце сустракаў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, які яшчэ пазаўчора быў у адпачынку. Бачна, што беларускія ўлады надаюць вялікую ўвагу гэтаму візыту. Судан – патэнцыяльна багатая краіна, якая мае вялікія запасы нафты і газу, але пакуль што, пры цяперашнім фундамэнталісцкім ісламскім ды кіраўніцтве ды шарыяцкім праве, застаецца ў міжнароднай ізаляцыі ды пад пагрозай міжнародных санкцыяў з-за генацыду супраць часткі немусульманскага насельніцтва: жорсткага дыктарскага рэжыму й грамадзянскай вайны. Аднак беларускія ўлады гэта асабліва не турбуе.

Якраз у дзень прылёту суданскага прэзыдэнта ў Менск Аляксандр Лукашэнка прымаў даверчыя лісты амбасадара гэтай краіны і заявіў пра сваё жаданьне інтэнсыфікаваць двухбаковыя дачыненьні. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Судан вытрымае міжнародны ціск, які на яго цяпер чыніцца.

Да Аляксандра Лукашэнкі дыпляматычных адносінаў з Суданам у Беларусі зусім не было: яны ўсталяваныя толькі ў 1999 годзе, і пасьля гэтага таваразварот паміж кранамі вырас у 10 разоў, але ўсё ж гэта даволі нязначная лічба – 12 мільёнаў даляраў. Цяпер выконваецца кантракт на пастаўку ў Судан 700 беларускіх трактароў, грузавікоў і іншай тэхнікі. Як зазначаюць у МЗС Беларусі, афіцыйны Менск разьлічвае пашырыць свой экспарт у Судан, дамовіцца пра супольнае асваеньне нафтагазавых радовішчаў гэтай краіны, стварыць там свае прадпрыемствы машынабудаўнічай, нафтахімічнай і фармацэўтычнай галінаў, вучыць суданскіх студэнтаў у Беларусі і накіроўваць у гэтую краіну сваіх спэцыялістаў.

Судан знаходзіцца пад пагрозай міжнародных санкцыяў за жорсткае вядзеньне грамадзянскай вайны і генацыд ў адносінах да неарабскага насельніцтва краіны. А можа, гэты візыт выкліканы патрэбай Судана ў беларускай зброі? Зрэшты, афіцыйныя беларускія ўлады і не хаваюць, што прадаюць зброю ў Судан. У леташняй нацыянальнай справаздачы МЗС аб палітыцы экспартнага кантролю Судан быў пазначаны як другая пасьля Ірану паводле значнасьці краіна-імпарцёр беларускай зброі.

Вайсковыя аналітыкі ўпэўненыя, што пытаньне паставак зброі – адно з самых актуальных у двухбаковых дачыненьнях. Яна пастаўляецца як наўпрост, гэтак і шляхам рээкспарту зь іншых, суседніх з Суданам дзяржаваў. Гэта – танкі, баявыя машыны пяхоты, артылерыйскія сыстэмы, а таксама стралковая зброя, якая можа выкарыстоўвацца і для дзеяньняў супраць паўстанцаў у правінцыі Дарфур, якія нядаўна былі названыя Кангрэсам ЗША генацыдам.

Гл. таксама:

У Менск едзе лідэр краіны, якога абвінавачваюць у генацыдзе
XS
SM
MD
LG