Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бразылія спальвае свае трапічныя лясы – “лёгкія плянэты”


Тацяна Поклад, Прага Найбольшыя ў сьвеце трапічныя лясы зьнішчаюцца, і гэта спрычыняецца да парніковага эфэкту у глябальных памерах – зьмяншаецца колькасьць кіслароду на зямлі, зьмянецца клімат.

Зьнікненьне лясоў – вялікая праблема ва ўсім сьвеце, але у Бразыліі гэта найбольш балючае пытаньне. У гэтай самай вялікай у Лацінскай Амэрыцы краіне дрэвы сталіся ахвярамі агню, і гэта вынік дзейнасьці чалавека. Лясы паляць, каб вызваліць зямлю пад пасевы. Паводле апошняе статыстыкі, толькі цягам мінулага году былі зьнішчаныя лясы на тэрыторыі памерамі прыкладна як палова Швэйцарыі. Навейшыя дасьледаваньні паказваюць, што паленьне лясоў мае падвойны уплыў на асяродзьдзе. Па-першае, зьнікаюць гэтак званыя “зялёныя лёгкія”, якія ачышчаюць атмасфэру Зямлі. Па-другое, забруджваецца паветра і пагоршваецца парніковы эфэкт.

Калі гэтыя лясы гінуць у агні, у атмасфэру выдзяляюцца мільёны тонаў дадатковых парніковых газаў, вуглякіслага газу, а гэта спрычыняецца да глябальных зьменаў клімату. Як доўга можа працягвацца гэткая разбуральная дзейнасьць?

Цягам бліжэйшых месяцаў чакаецца афіцыйная справаздача бразыльскага ўраду, ў якой будзе пазначана, колькі парніковых газаў утвараецца у Бразыліі.

Навукоўцы, знаёмыя з тамтэйшай сытуацыяй, цьвердзяць, што калі гэтыя лічбы будуць вядомыя, Бразылія – зь яе адносна невялікай прамысловасьцю, – далучыцца да першага дзесятку краінаў, якія найбольш атручваюць Зямлю.

Мяркуецца, што Бразылія адказная ня менш як за 300 мільёнаў тонаў парніковых газаў. Зь іх блізу 200 мільёнаў тонаў утварыліся у выніку паленьня лясоў, як кажа Паола Маўтыньё з Бразыльскага інстытуту вывучэньня Амазонкі.

Летась у Бразыліі было зьнішчана 23 тысячы квадратных кілямэтраў лясоў. Рызыка зьнікненьня пагражае адной траціне ад агульнай колькасьці ўсіх відаў расьлінаў і жывёлаў сьвету.

Аднак рана губляць надзею. У 1997 годзе Бразыльскі ўрад паабяцаў захаваць 10% трапічных лясоў у выглядзе нацыянальных паркаў і запаведнікаў. Летась быў створаны нацыянальны парк Тумукумакуэ памерам болей за 3 мільёны гэктараў. Гэта найвялікшы нацыянальны парк у сьвеце.

Каля 30% бразыльскіх лясоў абароненыя яшчэ і таму, што месьцяцца у рэгіёнах, дзе жывуць мясцовыя індзейцы. Такім чынам, пад пагрозай зьнішчэньня знаходзяцца 50-60% бразыльскіх лясоў. Гэтыя лясы могуць быць спаленыя фэрмэрамі, каб вызваліць зямлю дзеля сельскае гаспадаркі.

Сярод бразыльскіх палітыкаў ідзе сапраўдная барацьба паміж тымі, хто адстойвае паленьне лясоў дзеля далейшага разьвіцьця эканомікі, і тымі, хто абараняе захаваньне лясоў. Афіцыйна Бразылія пратэстуе, калі яе называюць краінай, якая супроць захаваньня лясоў.

Галоўны каардынатар ураду Бразыліі ў пытаньнях зьменаў клімату, Хасэ Дамінга Мігуэз, кажа, што яго краіна робіць усё магчымае, але вельмі цяжка спыніць “нармальны працэс асваеньня земляў.”

Іншыя краіны паляць свае лясы, каб забясьпечыць сваё далейшае разьвіцьцё. Адмовіцца ад гэтага, паводле Мігуэза, занадта вялікая ахвяра для краіны з слабай эканомікай. У агульнай колькасьці парніковых газаў, якія ўтвараюцца на зямлі, доля Бразыліі складае 3%, а, да прыкладу, доля ЗША – 25%, адзначыў Мігуэз.
XS
SM
MD
LG