Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма выключыў з ваеннай дактрыны Ўкраіны пункт пра ўступленьне ў НАТО і Эўрапейскі Зьвяз


Юры Дракахруст, Прага Як стала вядома ўчора, 15 ліпеня прэзыдэнт Леанід Кучма сваім указам выключыў з ваеннай дактрыны Ўкраіны пункты пра ўступленьне ў НАТО і Эўразьвяз як канчатковую мэту эўраатлянтычнай інтэграцыі краіны. Зараз, паводле Кучмы, размова ідзе пра “паглыбленьне адносінаў” з гэтымі арганізацыямі, а не пра далучэньне да іх.

Яшчэ на сёлетнім чэрвеньскім саміце НАТО ў Стамбуле Леанід Кучма заявіў, што Ўкраіна не гатовая стаць сябрам альянсу. А напачатку ліпеня падчас саміту Ўкраіна – Эўразьвяз украінскі лідэр паведаміў, што яго краіна не гатовая далучыцца і да аб’яднанай Эўропы.

Некаторыя экспэрты і палітыкі мяркуюць, што крок прэзыдэнта Кучмы ёсьць спробай Кіева прадэманстраваць сваё незадавальненьне тым, што Эўразьвяз і НАТО не зьбіраюцца надта спрыяць і прысьпешваць далучэньне да сябе Ўкраіны.

Вось як патлумачыў рашэньне кіраўніка дзяржавы намесьнік міністра замежных справаў Украіны Алег Шамшур:

(Шамшур: ) “Гэтыя зьмены зьвязаныя зь негатовасьцю ані НАТО, ані Эўразьвязу падаць дакладны сыгнал адносна часу, калі Ўкраіна можа далучыцца да іх. Няма аніякіх падставаў сьцвярджаць, што Ўкраіна мяняе свой эўрапейскі і эўраатлянтычны курс, паколькі канчатковая мэта – эўрапейская інтэграцыя не мяняецца і, я мяркую, ня будзе зьмененая. Ключавое слова – эўрапейская інтэграцыя – застаецца”.

Аднак экспэрты адзначаюць, што важкім фактарам зьменаў ва ўкраінскай зьнешняй палітыкі, прынамсі зьменаў у ваеннай дактрыне краіны зьяўляецца дыпляматычны наступ Масквы, новая палітыка Крамля на постсавецкай прасторы. Невыпадкова паведамленьне пра адпаведны указ прэзыдэнта Кучмы было абнародаванае ўчора, у дзень чарговага візыту на Ўкраіну прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Падчас гэтага візыту расейскі лідэр заявіў:

(Пуцін: ) “Аб’ядноўваючыся, мы падвышаем нашую канкурэнтаздольнасьць. Гэта разумеем ня толькі мы, але і сур’ёзныя людзі, нашыя партнэры за бугром. Іх агентура і ўнутры нашых краінаў, і вонкі ўсяляк спрабуе скампрамэтаваць інтэграцыю Расеі й Ўкраіны”.

Ён, праўда, дадаў, што Расея і Ўкраіна не павінны супрацьпастаўляць сябе Захаду, “аб’ектыўна мы частка ўсясьветнай эканамічнай сыстэмы”.

Напярэдадні візыту расейскага прэзыдэнта ўрад Украіны прыняў важнае рашэньне пра выкарыстаньне нафтаправоду Адэса-Броды ў рэвэрсным накірунку. Першапачаткова меркавалася, што ён будзе выкарыстоўвацца для пампаваньня нафты, што была купленая па-за межамі Расеі, для патрэбаў Украіны. Урад вырашыў выкарыстоўваць гэты нафтаправод для пампаваньня расейскай нафты ў адэскі порт.

На думку Злучаных Штатаў гэта ўзмацніць энэргетычную залежнасьць Украіны ад Расеі.

Гэтыя палітычныя і эканамічныя крокі адбываюцца на фоне перадвыбарчай кампаніі, якая разгарнулася цяпер ва Ўкраіне. Зараз найбольшыя шанцы на перамогу мае празаходні кандыдат ад апазыцыі, лідэр блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка. Масква даволі празрыста дае зразумець, што аддае перавагу ягонаму канкурэнту – дзейнаму кіраўніку ўкраінскага ўраду Віктару Януковічу, які лічыцца больш прарасейскім. Кандыдатуру Януковіча падтрымлівае і цяперашні прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

Зьмена ваеннай дактрыны, зробленая Кучмам, можа разглядацца як дапамога Януковічу ў перадвыбарчай барацьбе. Аднак нават расейскія экспэрты адзначаюць агульнае імкненьне ўкраінскай эліты да НАТО і Эўразьвязу. Напрыклад, на думку палітоляга Сяргея Караганава, новы прэзыдэнт Украіны зможа вярнуць у ваенную дактрыну пункт пра імкненьне краіны стаць сябрам Паўночнаатлянтычнага альянсу і аб’яднанай Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG