Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская моладзь у Нямеччыне: як ВІЧ-інфікаваны беларускі ўцякач атрымаў прытулак у Нямеччыне


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Аляксандр Кудзін, Глеб Арэшкаў, Зьміцер Галякевіч

Сёньня Нямеччына зьяўляецца адной з найбольш прывабных краінаў для беларускай моладзі, якая шукае жыцьцёвых пэрспэктываў у замежжы.

Аляксандру Кудзіну 23 гады, ён жыве ў Гамбургу, на чужыне ўжо два гады. Раней вучыўся ў Менскім пэдагагічным унівэрсытэце на настаўніка гісторыі, але скончыў толькі 4 курсы.

(Кудзін: ) “Я атрымаў магчымасьць выехаць у Нямеччыну, каб вывучыць нямецкую мову. Мне прыслалі запрашэньне, і я вырашыў скарыстаць гэтую магчымасьць. Гэта былі курсы. Калі я прыехаў сюды, я знайшоў працу і сам аплачваў гэтыя курсы. Я зараз свабодна валодаю нямецкай моваю.

Я скончыў гэтыя курсы і ўжо паступіў вучыцца далей. Тут вельмі шмат беларусаў вучацца. Вельмі шмат моладзі ў Нямеччыне зь Беларусі, у розных гарадох.

Зараз вучуся ў Гамбурскім унівэрсытэце. Адукацыя ў Нямеччыне бясплатная. Я вучуся і ў вольны час працую, зарабляю грошы. Скончыў першы курс. Вывучаю гісторыю і палітыку, вывучаю сусьветную гісторыю, гісторыю Нямеччыны, Эўропы, Амэрыкі”.

(Сурмач: ) “Ці займае Беларусь нейкае мейсца ў гэтай навучальнай праграме?”

(Кудзін: ) “Канечне, займае, і ў гісторыі і ў палітыцы. Шмат немцаў цікавяцца палітычнай сытуацыяй у Беларусі. У часапісах і газэтах ёсьць вельмі шмат артыкулаў пра палітычнае жыцьцё ў Беларусі, ствараюцца рабочыя групы, якія вывучаюць палітычнае жыцьцё ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “Як Вы паступалі? Ці цяжка было трапіць ва ўнівэрсытэт?”

(Кудзін: ) “Тут няма ўступных экзамэнаў, я проста паказаў заліковую кніжку, якая ў мяне была зь Менску. Паглядзелі, што я добра вучыўся, і прынялі мяне. Трэба проста паказаць адзнакі, якія ты атрымаў у школе. Калі ў цябе сярэдні бал даволі высокі, то цябе прымуць ва ўнівэрсытэт”.

(Сурмач: ) “А тыя, хто меў у школе нізкі бал, тым увогуле няма доступу да вышэйшай адукацыі?”

(Кудзін: ) “Ёсьць такія спэцыяльныя каледжы, там трэба вучыцца год ці два для таго, каб гэты сярэдні бал трохі падняць”.

(Сурмач: ) “Алесь, Вы цяпер маеце ўжо вопыт жыцьця і навучаньня ў Беларусі і ў Нямеччыне, як можна параўнаць магчымасьці? Ці магчыма ў Беларусі, на Ваш погляд, маладому чалавеку забясьпечыць сябе пад час вучобы?”

(Кудзін: ) “У Беларусі, калі чалавек вучыцца ва ўнівэрсытэце і жыве асобна ад сваіх бацькоў, выжыць самастойна амаль што немагчыма, бо няма працы. У Нямеччыне студэнты пераважна жывуць асобна ад бацькоў. Гэта лічыцца за норму ў Нямеччыне, калі моладзь жыве асобна ад бацькоў і сама сабе зарабляе грошы на жыцьцё. Яны самастойныя ўжо з маленства, з 18-20 гадоў амаль кожны жыве асобна”.

(Сурмач: ) “Алесь, як бы Вы падсумавалі свой вопыт, чаму Вас навучыла жыцьцё на чужыне?”

(Кудзін: ) “Я навучыўся самастойна жыць. Раней я жыў з бацькамі, а зараз я жыву адзін, даводзіцца самому зарабляць на жыцьцё. Жыць можна, вельмі цяжка, але можна, можна зарабіць грошы і пражыць”.

(Сурмач: ) “Што далей, як плянуеце сваё жыцьцё ў будучыні?”

(Кудзін: ) “Стараюся закончыць унівэрсытэт, потым я ня ведаю. Адначасова скончу унівэрсытэт у Менску. Наступным летам паеду, здам усе працы, якія неабходныя, усе экзамэны і атрымаю дыплём, мне застаўся адзін год. А тут я буду працягваць вучыцца далей. Я яшчэ ня ведаю, што я буду рабіць пасьля таго, як атрымаю вышэйшую адукацыю, магчыма, вярнуся дадому, гэта самае верагоднае”.

***

Моладзі ўласьціва жыць будучыняй. Магчыма таму беларускія хлопцы Глеб Арэшкаў і Сяргей Абрашэвіч, якія цягам году жывуць у Нюрнбэргу, не задумваюцца пра тое, зь якім гістарычнымі падзеямі зьвязаны гэты горад. У штодзённых клопатах яны амаль забыліся на тое, што менавіта ў Нюрнбэргу была пастаўлена апошняя кропка ў гісторыі Другой усясьветнай вайны. Калі я нагадала Глебу пра Нюрнбэрскі працэс над нямецкім фашызмам, ён адразу ж зацікавіўся тым, каб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй гораду.

Глебу 21 год, у Беларусі ён скончыў машынабудаўнічы тэхнікум і працаваў на трактарным заводзе.

(Глеб Арэшкаў: ) “Год я адпрацаваў і мне захацелася паехаць і паглядзець Нямеччыну, паглядзець гэты заходні сьвет. Немцы прыяжджалі, я пасьпяхова прайшоў тэст, мне далі візу. Гэта такая праграма для моладзі – знаёмства з краінай. Гэта надта цікавая праграма. Яны нас возяць у розныя гарады, робяць аўтобусныя туры ў іншыя краіны. У Італію мы езьдзілі, у Францыю– у Парыж, па ўсёй Эўропе. Далі мне пакой, усе патрэбныя дакумэнты. Гэта праграма разьлічаная была на год з правам працягу яшчэ на паўгода”.

(Сурмач: ) “Глеб пасьпяхова скарыстаў гэтую магчымасьці і працягнуў свой побыт у Нямеччыне яшчэ на паўгода, але не толькі дзеля таго, каб падарожнічаць”.

(Арэшкаў: ) “Гэты час, канечне, я дарма не трачу. Пляную далей вучыцца, вывучаю мову. Тут ёсьць падрыхтоўчыя курсы, на якія я хачу пайсьці якраз праз гэтыя паўгады. Каб пайсьці на курсы, патрэбныя грошы. Пакуль працую, бо патрэбны грошы, каб неяк ісьці далей, нешта рабіць, вучыцца”.

(Сурмач: ) “Глеб і ягоны сябра Сяргей Абрашэвіч знаходзяцца ў Нямеччыне часова і, вядома, не маюць права на працу. Аднак, гэтая праграма, па якой яны прыехалі, дае ім магчымасьць працаваць у сацыяльнай сфэры. Хлопцы працуюць зараз у інтэрнаце для састарэлых”.

(Арэшкаў: ) “Дапамагаем старым людзям. Ёсьць і хворыя людзі і здаровыя. У Нямеччыне так прынята, каб старэйшыя людзі знаходзіліся ў такім месцы, у інтэрнаце, бо там ім зручней, там мэдычная дапамога, псыхалягічная дапамога, добрая ежа, гімнастыка, усе умовы вельмі выдатныя. Успрымаюць нас зь вялікай цікавасьцю, з павагаю, вельмі добрыя ўзаемаадносіны. Праца падабаецца.”

(Сурмач: ) “Глеб, а ў якой прафэсіі зьбіраецеся навучацца ў Нямеччыне?”

(Арэшкаў: ) “Я пляную працягнуць адукацыю ў сваёй прафэсіі – машынабудаваньне. Канечне, сумую па радзімай старонцы, але, што зробіш. Адзін, без бацькоў, ужо прывык і да працы і да ўсяго”.

***

Зьміцер Галякевіч ў Нямеччыне трохі больш за год, жыве ў горадзе Эсэне. Яму 27 гадоў, вучыўся ў Менску ва ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, аднак, скончыць адукацыю не ўдалося, бо мусіў ратаваць сваё жыцьцё. У Нямеччыне ён мае статус ўцякача.

(Сурмач: ) “Зьміцер, выглядае, што Вы атрымалі статус уцекача ў Нямеччыне даволі хутка, часта гэтая справа цягнецца гадамі.”

(Галякевіч: ) “Я ў маім становішчы атрымаў усе дакумэнты за тры месяцы. Становішча зьвязанае з тым, што я маю вірус імуннага дэфіцыту чалавека. Гэта яшчэ не СНІД, але трэба клапаціцца пра здароўе, трэба рэгулярна здаваць аналізы.

Я працаваў у Беларусі ў галіне СНІДа, рабіў інтэрвію ў газэтах, на тэлебачаньні, я спрабаваў нешта зьмяніць у краіне. Пра сябе я вельмі мала думаў, што будзе са мною, якія ў мяне будуць праблемы. Але ў Менску не было жадаючых хадзіць са мною на пікеты з тых, якія маюць СНІД і не трэці год, як я, але 7-8 гадоў, калі трэба абавязкова прымаць мэдыкамэнты. Мэдыкамэнтаў няма. Я прапаноўваў: "Сябры, пойдзем, зробім легальны мітынг", адказвалі : "Не, Зьміцер". Няма людзей, 5 тысяч чалавек хварэе і няма людзей, якія адкрыта кажуць пра гэта. Усе ў Беларусі баяцца”.

(Сурмач: ) “Зьміцер спрабаваў дома змагацца за зьмяненьне сытуацыі ў краіне ў справе дапамогі пацярпелым ад хваробы. Добра вядома, што Беларусь сёньня мае праблемы, якія трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні”.

(Галякевіч: ) “У Беларусі, на жаль, гэтая тэматыка не актуальная. Нейкая дапамога, тэставаньне ёсьць, але ж гэта ўсяго недастаткова. Калі глядзець у Польшчы, ці ва Ўкраіне – у суседніх краінах, то вядома, што Польшча атрымала ўсе лекі, 20 прэпаратаў, якія ёсьць у сьвеце. Украіна таксама зараз атрымала грошы ад глябальнага фонду. Два гады таму я прымаў удзел у накіраваньні заявы на гэтую дапамогу, але ў краіне адбыліся зьмены. Дактары ня могуць пісаць у дакумэнтах, што чалавек памёр ад СНІДу, яны павінны пісаць, што ён памёр ад тубэркулёзу, ці ад нечага іншага.

Калі гаварыць пра статыстыку, то зараз 5 тысяч чалавек, якія маюць СНІД. Афіцыйная статыстыка – 5 тысяч., неафіцыйная статыстыка, калі выкарыстаць спэцыяльныя каэфіцыенты, гэта – недзе 15 тысяч.

Калі ня будуць набытыя лекі ў бліжэйшыя гады, то праз год можна будзе назіраць, як маладыя людзі пачнуць паміраць ад таго, што дзяржава нічога ня робіць.

У Беларусі шмат грошай ідзе на ўсялякія "жарты" Аляксандра Рыгоравіча, але, калі казаць пра пэнсіянэраў і пра моладзь, то гэта там не актуальна”.

(Сурмач: ) “Вы гаворыце, што суседнія краіны атрымліваюць дапамогу, а чаму Беларусь не атрымлівае сродкі на лекі, не хапае грошай?”

(Галякевіч: ) “Не, грошы ёсьць, але Беларусь апошнія два гады не жадае браць грошы таму, што галоўны чалавек краіны кажа, што гэта не патрэбна, няма такой праблемы ў краіне.

Я кажу аб палітычным жаданьні краіны вырашаць гэтую праблему”.

(Сурмач: ) “А як сытуацыя ў Нямеччыне, ці Вы маеце там дапамогу?”

(Галякевіч: ) “Нямеччына – адна з краінаў сьвету, дзе найлепшае становішча з гэтай хваробаю. Кожны месяц я раблю тут аналізы, і ніякіх праблемаў у мяне няма. Калі будзе патрэбна, я пачну лячыцца. Я веру ў Бога і спадзяюся, што ён мяне бачыць.

Я магу сказаць, што людзі тут жывуць, я маю знаёмых, якія маюць вірус 20 гадоў і яны добра сябе адчуваюць, маюць праблемы, але яны вырашальныя”.

(Сурмач: ) “Як вы там забясьпечаны матэрыяльна?”

(Галякевіч ) “Калі казаць пра сацыяльнае становішча, я маю ўсё ад сацыяльнай сфэры Нямеччыны. Я маю жытло і грошы, але, гэта толькі на пражыцьцё, гэта даецца чалавеку дзеля старту. Зараз я вывучаю мову і празь нейкі час я пайду вучыцца ва ўнівэрсытэт і працаваць. Я чакаю паперы з унівэрсытэту і мару скончыць унівэрсытэт тут у Нямеччыне. Цікаўлюся палітыкаю, хачу скончыць тут унівэрсытэт па паліталёгіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG