Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Лукашэнкі з амбасадарамі – якіх зьменаў можна чакаць у замежнай палітыцы Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 ліпеня). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дырэктар Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў і незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “Цяжка згадаць, калі кіраўнік дзяржавы раней выступаў з такім вялікім дакладам аб стратэгіі зьнешняй палітыкі Беларусі. Калі гаварыць наагул пра зьнешнюю палітыку апошніх гадоў, то, здаецца, стратэгіі там бракавала. Больш было спантаннага рэагаваньня на сытуацыю ў сьвеце, блізкім замежжы.

Ні ў кога не ўзьнікае сумневу, што замежнапалітычная стратэгія патрэбна. Тым больш яна патрэбна тады, – як адзначана ў дакладзе – калі сьвет зьменяецца й адбываюцца моцныя новыя глябальныя працэсы, якія ўплываюць і на Беларусь. Што ж новага прапануе Лукашэнка ў замежнай палітыцы – параўнальна з ранейшай замежнапалітычнай стратэгіяй і практыкай Беларусі?”

(Юры Шаўцоў: ) “Самае галоўнае – гэта ўвага не да нейкіх інтэграцыйных працэсаў з Расеяй, як было раней, а да палітычнага, дыпляматычнага забесьпячэньня замежнаэканамічнай дзейнасьці Беларусі. Раней такой яснай прынцыповай устаноўкі не было. Больш за тое: дакладна азначана, што інтэграцыйныя працэсы на ўсходзе замарожваюцца. І калі так, то мы будзем працаваць на забесьпячэньне інтарэсаў нашых экспартэраў”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Найбольш істотна тое, што ўпершыню (я ніколі раней ня чуў такога) было так цьвёрда пазначана: Беларусь зьяўляецца сувэрэннай, незалежнай дзяржавай, ейныя сувэрэнітэт і незалежнасьць – галоўныя каштоўнасьці. Гэта – аснова замежнай палітыкі, менавіта на гэтых каштоўнасьцях яна будзе будавацца. Усё астатняе вынікае з гэтага пасылу. І на гэтай падставе можна спрабаваць будаваць нейкую сваю замежную палітыку, а ня тую, што праводзілася раней”.

(Карбалевіч: ) “Доўжачы думку, выказаную Фёдаравым, я таксама хацеў бы заўважыць, што прапанаваныя тэзы – гэта элемэнты будаваньня беларускай дзяржаўнасьці ў шырокім сэнсе слова. Гэта погляд на Беларусь як на сувэрэнную дзяржаву, самастойны суб’ект усясьветнай палітыкі, а ня нейкі незразумелы прыдатак Расеі. Калі б ад самага пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка прапанаваў такую стратэгію, а не гуляў ў беспэрспэктыўную (як ён і сам прызнаў) гульню ў інтэграцыю з Расеяй, то і вынікі былі б іншыя, і ацэнка ягонай дзейнасьці з боку апазыцыі была б не такою радыкальнаю.

Напрыклад, Лукашэнка азначыў, што ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях у СНД – гэта падарунак нашым партнэрам, бо там амаль няма нашых інтарэсаў. Якраз пра гэта шмат казалі незалежныя экспэрты. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ад Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы мы “асабліва нічога ня маем”. Але ж гэта амаль вяртаньне да пазыцыі фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ў 1993 годзе, якая пратэставала супраць далучэньня да Ташкенцкай дамовы. Што ж, лепш пазьней, чым ніколі”.

(Шаўцоў: ) “Я ня згодзен з той трактоўкай, што пэрыяд інтэграцыі з Расеяй – гэта пэрыяд дрэннай замежнай палітыкі Беларусі. Гэта была добрая замежная палітыка ва ўмовах таго хаосу, які існаваў на постсавецкім абшары пасьля краху СССР. Тая палітыка забясьпечыла захаваньне беларускай буйной прамысловасьці. І гэты было няблага. Менавіта падчас той палітыкі былі адбудаваны асноўныя інстытуты незалежнай беларускай дзяржавы.

Іншая справа, што цяпер, калі ў Расеі распачаўся нафтавы бум, палітыка інтэграцыі на ўсходзе перастала быць эфэктыўнай. Бо стабільная Расея, якая багацее, ня так схільна ісьці на саступкі, патрэбныя Беларусі на расейскім рынку. Таму Беларусь цяпер змушана выпрацоўваць іншую замежную палітыку, каб забясьпечыць інтарэсы ўсё той жа буйной прамысловасьці”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што імкненьне захаваць буйную прамысловасьць – гэта нядрэнна. Але для рэалізацыі гэтай задачы зусім не патрэбна было падпісваць шэраг палітычнах дамоваў пра аб’яднаньне, ствараць цэлую сыстэму бюракратычных установаў (накшталт вышэйшага дзяржсавету, пастаяннага камітэту, парлямэнцкага сходу саюзнай дзяржавы), ствараць іншую палітыка-ідэалягічную інфраструктуру. Да задачы захаваньня буйной прамысловасьці усё гэта ня мела непасрэднага дачыненьня”.

(Фёдараў: ) “Маю жаданьне доўжыць дыскусію наконт інтэграцыйнай палітыкі другой паловы 90-х гадоў і пачатку трэйцяга тысячагодзьдзя. Я цяпер пачынаю сумнявацца ў тым, што беларускі бок шчыра імкнуўся да гэтай інтэграцыі. Магчыма, Шаўцоў мае рацыю, і гэта ўсё рабілася толькі дзеля таго, каб атрымаць ад Расеі пэўныя эканамічныя прэфэрэнцыі, а насамрэч кіраўніцтва Беларусі не зьбіралася інтэгравацца. Хіба толькі ў пэўных спрыяльных умовах: калі б у Лукашэнкі зьявілася магчымасьць прэтэндаваць на найвышэйшую пасаду ў аб’яднанай дзяржаве. Цяпер я ўжо не магу выключыць, што гэта была такая хітрая стратэгія”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі адэкватна прапанаваная стратэгія тым задачам, якія паўсталі перад Беларусьсю на пачатку ХХІ стагодзьдзя? І наколькі яна адэкватная тым зьменам у сьвеце, у навакольным міжнародным асяродзьдзі, што адбываюцца апошнім часам?”

(Шаўцоў: ) “Палітыку, прапанаваную цяпер, я разглядаю як пераходную, часовую – на пэрыяд, пакуль будзе нафтавы бум, і Беларусь будзе інтэгравацца ў эўрапейскія эканамічныя структуры”.

(Фёдараў: ) “Тое, што заяўлена ў дакладзе, адэкватна сучаснаму становішчу ў сьвеце. Вельмі важна, што наперадзе пастаўлена эканоміка, а не палітыка ці абарона. У сучасным усясьветным грамадзтве эканоміка – гэта аснова. Здаецца, і мэты акрэсьлены вельмі правільныя. Іншая справа, праўда: я ня маю пэўнасьці, што яны могуць быць рэалізаваны тымі мэтадамі, якія цяпер практыкуюцца ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Вось якраз давайце пагаворым наконт рэалістычнасьці пастаўленых задач. Наколькі рэальнае іх выкананьне з дапамогаю таго інструмэнтарыя, тых мэханізмаў і мэтадаў, якія выкарыстоўваюцца цяпер? Як стасуецца беларуская сацыяльная мадэль з сучаснымі міжнароднымі выклікамі?

Напрыклад, пастаўлена задача эканамічнай экспансіі. Але ці змогуць яе ажыцьцявіць дзяржаўныя прадпрыемствы? Іншы прыклад: пастаўлена задача забясьпечыць “стратэгічнае суседзтва” з Эўразьвязам. Але Лукашэнка жорстка выказаўся супраць таго, каб гэтая палітыка ажыцьцяўлялася на аснове агульных каштоўнасьцяў…”

(Шаўцоў: ) “Я думаю, што стратэгія рэалістычная. Экспансія беларускай прамысловай прадукцыі на вонкавыя рынкі ідзе з другой паловы 1996 году. Я маю на ўвазе рост нашага замежнага гандлю. Тым больш, у апошнія два гады наш замежны гандаль расьце – і з Расеяй, і з Эўропай. Чаму гэтая сытуацыя можа зьмяніцца ў найбліжэйшыя некалькі гадоў?

Іншая справа, што ў гэтай праблемы ёсьць і другі бок. На доўжаньне й мацаваньне нашай прамысловай экспансіі, падтрымкі канкурэнтаздольнасьці патрэбна вырашэньне праблемы мадэрнізацыі буйной прамысловасьці. Бо нашая эканоміка мае адкрыты характар. Трэба прыняць і ажыцьцявіць буйную інвэстыцыйную праграму. Мне падаецца, ня трэба супрацьпастаўляць гэтыя дзьве рэчы – новыя задачы й існую насёньня сацыяльную мадэль: яны вынікаюць адна з другой.

Яшчэ адзін момант. Цяпер мы маем нафтавы бум у Расеі. І мы пастаўляем туды шмат прадукцыі й атрымліваем там нафтагазадаляры. Толькі іншым шляхам, чым раней. Мы маем добрую кан’юнктуру для продажу прадукцыі нафтахімічнай прамысловасьці ў Эўропе. Бо той жа самы нафтавы бум стварыў высокія цэны на прадукцыю нашых нафтаперапрацоўчых заводаў і прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці. Таму праблема ў тым, каб не прапусьціць намарна гэтага нафтавага буму, ня страціць ягоных спрыяльных магчымасьцяў, выкарыстаць памянёныя нафтагазадаляры дзеля мадэрнізацыі нашай прамысловасьці, урастаньня нашай эканомікі ў сярэдзіну стабільнай і буйной эўрапейскай эканомікі. Бо нафтавы бум рана ці позна скончыцца”.

(Карбалевіч: ) “Усім вядома правіла: падчас эканамічнага буму ніхто рэформаў не праводзіць. Рэформы пачынаюць тады, калі заканчваюцца грошы. Але ці правільна я зразумеў, што новыя замежнапалітычныя задачы, якія стаяць перад Беларусьсю, будуць дыктаваць унутраныя зьмены й рэформы?”

(Шаўцоў: ) “Абсалютна правільна. Мы не ўтрымаем тых рынкаў, якія цяпер маем, калі наш эканамічны комплекс ня будзе пераходзіць ад індустрыяльнай фазы да постіндустрыяльнай. А гэта патрабуе зьменаў ува ўсёй сацыяльнай структуры нашага грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Але з дакладу Лукашэнкі вынікае ўсё наадварот. Кіраўнік дзяржавы жорстка абараняе цяперашнюю сацыяльную мадэль, жорстка палемізуе з усімі крытыкамі яе й спрабуе даказаць, што менавіта дзякуючы гэтай мадэлі, мы атрымалі такія выдатныя вынікі ў эканоміцы й замежнай палітыцы”.

(Фёдараў: ) “Думаю, што сёньня дэкляраваныя задачы й створаная ў Беларусі сацыяльная мадэль супадаюць. І будуць супадаць яшчэ пэўны час”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам можна канстатаваць, што факт распрацоўкі стратэгіі замежнай палітыкі зьяўляецца станоўчым. Станоўча можна ацаніць і сам даклад, асноўныя палажэньні й тэзы якога адпавядаюць задачам Беларусі й зьменам у сьвеце.

Але галоўная праблема, якая ўзьнікае, – гэта пытаньне адэкватнасьці, адпаведнасьці створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі сучасным тэндэнцыям, якія дамінуюць у сьвеце. І гэтая супярэчнасьць, выдае на тое, будзе выступаць галоўнай у беларускай палітыцы”.
XS
SM
MD
LG