Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зь менскага лётнішча “Менск-2” самалёты вылятаюць зь вялікім запазьненьнем?


Ігар Карней, Менск Два дні запар з Нацыянальнага лётнішча “Менск-2” самалёты авіякампаніі “Белавія” рэйсам на Маскву адлятаюць зь вялікім запазьненьнем. У той час, як палёт да расейскай сталіцы доўжыцца ўсяго гадзіну, людзям даводзіцца сядзець у аэравакзале па 3-4 гадзіны. Ці могуць аспрэчыць праз суд такія сумнеўныя зручнасьці пасажыры, якія спазьніліся на канчатковы пункт свайго падарожжа?

Сёньня ўраніцу ў рэдакцыю Радыё Свабода затэлефанаваў пасажыр маскоўскага рэйсу авіякампаніі “Белавія”. Ён скардзіўся на тое, што людзей некалькі разоў то высаджвалі з самалёту, то зноў запрашалі ў салён, а ён так і не ўзьляцеў.

(Спадар: ) “Што самае дзіўнае: спачатку пасажыраў пасадзілі ў самалёт, завялі рухавікі, а потым толькі стала вядома пра нейкую дробную паломку. Папрасілі ўсіх да выхаду. Потым зноў пасадзілі, потым правялі нейкія выпрабаваньні ў самалёце. І нарэшце нас высадзілі. Вось такі ранішні рэйс на Маскву. Вось як цікава атрымліваецца: у нас спачатку рухавікі запускаюць, а потым ужо даведваюцца пра няспраўнасьці. І, канечне, кавай ніхто не частуе. Мне яшчэ цікава: каб вы дапамаглі даведацца, якія правы ў пасажыраў, зь якімі здараюцца падобныя выпадкі?”.

Першая спроба высьветліць, што ж здарылася з самалётам, плёну ня мела. Адна з супрацоўніц лётнішча сказала, што зазвычай пра такія рэчы шэраговым працаўніком не паведамляюць.

(Супрацоўніца “Менск-2”: ) “Што там было – ня ведаю. Абвясьцілі затрымку, і толькі ў 9.15 самалёт адляцеў. Учора маскоўскі рэйс затрымліваўся з прычыны мэтэаўмоваў. Нават ня ведаю, якая цяпер прычына – у нас нават ня ўказана”.

У другой палове дня я здолеў пагаварыць з адным з авіядыспэтчараў лётнішча “Менск-2”. Жанчына сказала, што за прычыну затрымкі сталіся не тэхнічныя прычыны, як нам паведамляў пасажыр, а надвор’е ў расейскай сталіцы.

(Дыспэтчар: ) “У 7.30 паводле графіку павінен быў самалёт адляцець, а ён адляцеў толькі ў 9.15. Туман – прычынай. У Маскве два дні туман”.

Як бы там ні было, дзясяткі пасажыраў маскоўскага рэйсу, абраўшы зручны й хуткі спосаб перасоўваньня, насамрэч спазьніліся на дамоўленыя сустрэчы, сарвалі падпісаньне кантрактаў, парушылі дамовы й г.д. Ці маюць яны права патрабаваць ад авіякампаніі выплаты грашовых кампэнсацый? Я затэлефанаваў на гарачую лінію Таварыства абароны правоў спажыўцоў і атрымаў такую кансультацыю.

(Супрацоўнік “гарачай лініі”:) “Ува ўсялякім разе мы сёньня мусім гэта рабіць, бо парушэньняў дастаткова шмат, спэктар іх вельмі шырокі. І калі, прыкладам, з турыстычнага аўтобусу зьвяртаюцца два чалавекі з сарака, то рабіце выснову, якім насамрэч ёсьць адсотак незарэгістраваных зваротаў пра дапушчаныя парушэньні. Наагул, за парушэньне тэрмінаў аказаньня паслугі (ейнага пачатку ці заканчэньня) спажыўцы маюць права запатрабаваць выплаты грашовай кампэнсацыі, альбо скасаваць дамову. Наконт маральных страт: толькі суд вызначыць ейны памер – з улікам таго, якія былі нязручнасьці, перажываньні, захворваньні ў гэты пэрыяд, траўмы, дый іншыя моманты. Нагу падвярнуў у залі чаканьня – вось вам і праблемы”.

Мой суразмоўца таксама дадаў, што па-за межамі Беларусі спагнаньне матэрыяльнай кампэнсацыі за сарваныя чыгуначныя, аўтобусныя ці паветраныя падарожжы – справа звыклая. Але беларускія спажыўцы ў пэўным сэнсе саромеюцца патрабаваць згубленыя грошы, а почасту папросту ня вераць, што грошы можна вярнуць. Аднак жа ўсясьветная практыка паказвае: правы спажыўца для цывілізаванага грамадзтва – рэч першачарговай важнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG