Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына лічыць магчымым правесьці парлямэнцкія выбары ў адзін тур


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду ў справе падрыхтоўкі да выбараў 17 кастрычніка. Ён пажадаў сфармаваць Палату паводле вынікаў першага туру галасаваньня, бо “ні ў якім разе нельга ўцягвацца ў нейкія дадатковыя туры, таму што – гэта грошы, гэта адцягваньне ўвагі, гэта страты ў эканоміцы”.

Прадстаўнікі выканаўчай улады атрымалі на нарадзе ўказаньні на час правядзеньня выбараў: найперш правесьці ўсю кампанію ў адзін тур. Як ставіцца да гэтага старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына?

(Ярмошына: ) “Натуральна, гэта магчыма. Але гэта вельмі цяжка. У выпадку, калі будуць удзельнічаць дастаткова аўтарытэтныя й вядомыя ў кожнай выбарчай акрузе людзі, то такое магчыма”.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб не зьдзівіўся заявам Лукашэнкі пра выбары ў адзін тур.

(Грыб: ) “Гэта ў нас ужо было, нічога незвычайнага ў гэтым няма. Мы маем ужо досьвед гэтага. Так было ў 2000 годзе, у 2001 і ў 2003 годзе – выбары амаль усе праходзілі ў адзін тур. Гэта сьведчыць аб тым, што выбары будуць кіраванымі выканаўчай уладай, падначаленай прэзыдэнту”.

З улікам таго, што ў выбарах 17 кастрычніка бяруць удзел ня толькі ляяльныя да ўлады партыі й грамадзкія арганізацыі, але й апазыцыйныя, дэмакратычныя, то колькасьць кандыдатаў на акругу будзе вельмі вялікаю. Ці магчыма ў такіх умовах правесьці выбары ў адзін тур?

(Грыб: ) “Калі ўлады прымуць такое рашэньне й пачнуць рэгуляваць, каго дапусьціць да галасаваньня, а каго не дапусьціць, каго зарэгістраваць, а каго не зарэгістраваць – і пакінуць у сьпісах для галасаваньня двух-трох кандыдатаў, гэта магчыма. Гэта таксама будзе магчыма, калі будзе чыніцца ціск, будзе дадзена каманда: усім падтрымліваць Іванова ці Пятрова. Тады ўвесь гэты адміністратыўны рэсурс будзе накіраваны на гэтых людзей, і яны будуць атрымліваць перамогу ў першым туры. І пераважна, мне здаецца, за кошт папярэдняга галасаваньня. Усё гэта зразумела, апрабавана, нам вядома”.

Кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Ўралу Латыпаву й прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму Лукашэнка загадаў працаўладкаваць цяперашніх дэпутатаў, якія ня будуць зноў балятавацца. Так званую “найбольш канструктыўную” частку дэпутацкага корпусу (каля 30 адсоткаў) улады хочуць бачыць у новым складзе Палаты.

Каго мае на ўвазе Лукашэнка? Мечыслаў Грыб мяркуе.

(Грыб: ) “Ён, мабыць, меў на ўвазе Фралова, Парфяновіча,Скрабца – яны ж найбольш канструктыўныя прапановы падавалі. Нельга ж аднесьці да канструктыўнай часткі парлямэнту тых, хто сядзеў і галасаваў “за”, а нічога не вырашаў і нічога не прапаноўваў”.

Яшчэ, паводле Лукашэнкі, у новай Палаце мусіць зьявіцца 30-40 адсоткаў жанчын, а таксама моладзь і вэтэраны. Што да апазыцыі, то шанцаў у яе мала. Зь перакананьня кіраўніка дзяржавы, “агалцелая, дэструктыўная апазыцыя падтрымкай у грамадзтве не карыстаецца, і наўрад ці атрымае падтрымку на выбарах”.

Усе памянёныя задачы мусяць выконваць мясцовыя ўлады, якія, з разваг Лукашэнкі, павінны актывізавацца, “але і не павінны пераціскаць, і на самацёк працэсу не пускаць”.

Ці закранаў у часе нарады Лукашэнка пытаньне правядзеньня рэфэрэндуму, празь які ён мог бы атрымаць шанец пераабрацца на трэйці прэзыдэнцкі тэрмін? Напярэдадні Цэнтравыбаркам адзначаў, што такая тэхнічная магчымасьць ёсьць. Цяпер Лідзія Ярмошына патлумачвае.

(Ярмошына: ) “Пытаньні правядзеньня рэфэрэндуму на сёньняшнім паседжаньні не абмяркоўваліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG