Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд разглядае справу былога рабочага сьпіртзаводу, абвінавачванага за падпал дырэктара заводу


Міхал Стэльмак, Менск 27-га ліпеня ў Крупках раённы суд пачаў разгляд справы былога рабочага Бобрскага сьпіртзаводу Ўладзімера Карпекі, зьвінавачванага за падпал дырэктара прадпрыемства.

Бобрская драма адбылася летась 30 сьнежня. Паводле Карпекі, за прычыну сталі шматмесяцавыя затрымкі заробкаў. На знак пратэсту рабочы вырашыў падпаліць сябе ў дырэктарскім кабінэце. Кіраўнік заводу Тамаз Гаргадзэ спрабаваў выхапіць бутэльку з палівам з рук рабочага, аднак у выніку валтузьні бэнзын разьліўся – і абодва атрымалі апёкі. Пракуратура палічыла Карпеку вінаватым і запатрабавала ягонага пакараньня. Вось што пра гэта распавёў сам Уладзімер Карпека.

(Карпека: ) “Дзяржаўны вінаваўца запатрабавала чатыры гады “хіміі”. Што я падумаў? Мнагавата будзе. Дырэктар нічога пэўнага не сказаў. Ён, калі шчыра, выглядаў, як пабіты сабака. Ёсьць рознагалосьсі ў паказаньні дырэктара й галоўных сьведак. Паказаньні пажарнатэхнічнай экспэртызы пацьвярджаюць мае паказаньні, а не дырэктаравы. Ён што казаў, тое й кажа. Справа ў тым, што нават у судзе я сядзеў у залі, а грузін сядзеў на месцы зьвінавачанага – за кратамі. Бо яго прывялі пад аховай, у кайданкох, і адразу за краты пасадзілі”.

Спадар Гаргадзэ, якога, адрозна ад Карпекі, падтрымлівалі крупскія ўлады, некалькі тыдняў таму быў затрыманы й цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Менску. Што паслугавала ягонаму затрыманьню? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніцы прэсавай службы пракуратуры Менскай вобласьці Тацяны Калінінай. Аднак пэўнага адказу ад яе не атрымаў.

(Калініна: ) “Там нейкая крымінальная справа заведзена ў дачыненьні да яго”.

(Карэспандэнт: ) “А хто яе адкрыў?”

(Калініна: ) “Гэтага я ня ведаю. У мяне няма такой інфармацыі”.

Нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі пра матывы затрыманьня дырэктара Бобрскага сьпіртзаводу, жыхары мястэчка мяркуюць, што спадар Гаргадзэ падазраецца ў эканамічных злачынствах. Прычым, паводле месьцічаў, ягонымі хаўрусьнікамі ў незаконных дзеяньнях былі прадстаўнікі ўлады. Аднак у Крупскім райвыканкаме ад камэнтароў на гэты конт адмаўляюцца.

Нязважна на гучны розгалас бобрскіх падзеяў, прадстаўнікоў райвыканкаму на сёньняшнім судовым паседжаньні не было. Між тым, як паведамілі нашаму Радыё ў Крупскім райсудзе, прысуд па справе Карпекі будзе абвешчаны ўжо заўтра.
XS
SM
MD
LG