Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч за кратамі ўжо 3 месяцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіл Марыніч адбыў у зьняволеньні ўжо тры месяцы. Між тым, ягоная абарона ня бачыць законных падставаў для ўтрыманьня пад вартай нават цягам аднаго дня. 27-га ліпеня адвакат Вера Страмкоўская правяла прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой распавяла пра спробы дамагчыся вызваленьня Міхаіла Марыніча.

27 ліпеня споўнілася дакладна 3 месяцы, як цягнецца справа Міхаіла Марыніча, затрыманьне якога дакумэнтальна пазначана 27-м красавіка, хаця ў КГБ яго выклікалі напярэдадні. Адвакат Вера Страмкоўская падсумавала вынікі барацьбы за вызваленьне Міхаіла Марыніча на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Цэнтры правоў чалавека. Атрымаўся пералік безвыніковых спроб.

(Страмкоўская: ) “Зьвярталіся з хадайніцтвамі, каб яго вызвалілі са сьледчага ізалятару – не вызваляюць. Спрабавалі вярнуць адабраныя ў яго грошы – не вяртаюць. Зьвярталіся з просьбай вярнуць кампутары й аргтэхніку, якія забралі ў гаражы сына, – таксама нічога не вярнулі. На жаль, усё беспасьпяхова, нейкі тупік”.

Між тым, свае спробы зьмяніць меру стрыманьня Міхаілу Марынічу Вера Страмкоўская называе заноннымі й спасылаецца на пэўныя артыкулы кодэксаў. Гэтак, яна сьцьвярджае, што справай пра пісталет мусіць займацца райаддзел міліцыі, а не КГБ , і падазронага паводле гэтай справы ня трэба ўтрымліваць пад вартай.

“За апошні месяц сьледзтва зноў тапталася на месцы, – прызнаецца спадарыня Страмкоўская. – “За гэты час правялі толькі адзін допыт – прычым, ня зьвязаны зь вінавачаньнем. Таксама Міхаіла Марыніча азнаёмілі з вынікамі мэдычнага агляду, паводле якога яму рэкамэндавана лекаваньне ў стацыянары. Гэта – яшчэ адзін аргумэнт на карысьць зьмены меры стрыманьня на гэткую, што ня зьвязана з пазбаўленьнем волі”.

Нагадаем: сьледчыя адмаўляюць у вызваленьні спадару Марынічу на той падставе, што ён, нібыта, можа ўцячы ад сьледзтва.

Сын Міхаіла Марыніча Ігар упэўнены, што ягонага бацьку ўтрымліваюць пад вартай выключна з палітычных прычын.

(І. Марыніч: ) “Каб усе бачылі, што бывае з тымі, хто выходзіць з сыстэмы. Гэта такі прынцып сыцылійскай мафіі: ёсьць уваход, але няма выхаду. Напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў улада баіцца, што атрымае яшчэ такіх, хто сыдзе зь дзяржаўнай службы й на поўны рост паўстане ды заявіць пра сябе”.

Нагадаем: былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў і амбасадар у Латвіі Міхаіл Марыніч публічна скрытыкаваў унутраны й зьнешні курс уладаў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Міхаіл Марыніч зьбіраўся браць удзел у будучых парлямэнцкіх выбарах. Таксама ў ягоных плянах была падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Зь першага дня арышту Міхаіла Марыніча ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”.
XS
SM
MD
LG