Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлінская “Die Tageszeitung” прысьвяціла артыкул падзеям вакол Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту


Ул. інф. Як піша “Die Tageszeitung”, беларускі аўтарытарны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, праўдападобна, настроены на ўзяцьцё аднаго з апошніх бастыёнаў незалежнай і свабоднай думкі ў сваёй краіне. Прыканцы мінулага тыдня прэзыдэнцкая Адміністрацыя накіравала кіраўніцтву ЭГУ ультыматум: вызваліць належныя ёй навучальныя памяшканьні. Яшчэ раней Міністэрства адукацыі запатрабавала адстаўкі рэктара ўнівэрсытэту Анатоля Міхайлава.

Анатоль Міхайлаў, які цяпер знаходзіцца ў ЗША, неаднаразова атрымліваў на свой адрас шматлікія пагрозы. Ня так даўно яму было паведамлена праз пасярэдніка, што ягоная фізычная недатыкальнасьць, як і недатыкальнасьць ягонай сям’і, ня можа быць гарантавана. “Калі трэба, дык яго знойдуць і за мяжой”, – падае “Die Tageszeitung”.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1992 годзе, ёсьць на сёньняшні дзень адной зь нешматлікіх недзяржаўных ВНУ ў Беларусі. ЭГУ супрацоўнічае з рознымі замежнымі ўнівэрсытэтамі, у тым ліку – з Эўрапейскім унівэрсытэтам у Франкфурце на Одэры. Штогод установа выпускае больш за сотню спэцыялістаў, гэтак мовіць, заходнеэўрапейскага ўзору. Гэта будучыя філязофы, культуролягі, палітолягі, адмыслоўцы ў галіне міжнароднага права.

На гэтым тыдні вядомыя заходнія навукоўцы зьбіраюцца накіраваць зварот да ўрадаў сваіх краін з просьбай падтрымаць ЭГУ. Як піша “Die Tageszeitung”, вядомы нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік, які з 1997 да 2002 году ачольваў місію АБСЭ ў Менску, цалкам падтрымлівае гэты крок. Дзеяньні беларускіх уладаў, накіраваныя супраць ЭГУ, ня ёсьць для яго нечаканымі. Ён мяркуе наступным чынам: Лукашэнка ня ў стане цярпець таго, што выкладчыкі й дасьледнікі ЭГУ маюць акрэсьленую заходнеэўрапейскую ці амэрыканскую арыентацыю. “Калі Захад цяпер не салідарызуецца вакол ЭГУ, ён страціць далейшы давер да сябе”, – цытуе нямецкага дыплямата бэрлінская “Die Tageszeitung”.

Як паведамляюць нямецкамоўныя інфармацыйныя агенцыі, Эўрапейскі ўнівэрсытэт – далёка ня першая ахвяра дзяржаўных рэпрэсій. Летась у адстаўку мусіў сысьці дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю. Калі ж ён не пагадзіўся з рашэньнем уладаў, будынак ліцэю адабралі й ліцэй закрылі.

“Магчыма, гэта ў нас наперадзе, – выказваюць занепакоенасьць выкладчыкі нямецкамоўнага курсу ЭГУ па міжнародным мэнэджмэнце. – Аднак... у гэтай краіне вельмі цяжка што-небудзь высноўваць загадзя”, – лічаць прадстаўнікі нямецкага праекту Эўрапейскага ўнівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG