Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласны суд пацьвердзіў – Леванеўскаму сядзець за кратамі да 15 жніўня


Сяргей Астраўцоў, Горадня Мера стрыманьня для Валер’я Леванеўскага пакінута ранейшаю: ён будзе сядзець у сьледчым ізалятары да сярэдзіны жніўня. Так вырашыла сёньня калегія Гарадзенскага абласнога суду. Сп. Леванеўскі шосты дзень галадуе, пратэстуючы супраць умоваў, у якіх яго ўтрымліваюць.

Ягоная жонка накіравала заяву ў пракуратуру: яна лічыць, што мужа й сына Ўладзімера, супраць якога таксама вядзецца крымінальная справа, перасьледуюць за палітычныя перакананьні.

Сёньня ў абласным судзе разгледжана скарга сп. Леванеўскага й ягонага адваката на пастанову Ленінскага раённага суду. Ленінскі суд – нагадаем – вырашыў, што ўтрыманьне зьвінавачанага пад вартай падоўжана да 15 жніўня на законных падставах. Самога Леванеўскага сёньня ў судзе не было, а толькі ягоны адвакат Аляксандар Бірылаў.

(Адвакат: ) “Раз гэта было закрытае судовае паседжаньне, дык ніякіх камэнтароў па самой хадзе даць, на жаль, не магу. Але рашэньне пакінута такое: ён застаецца пад вартай”.

Паводле адваката, у сярэдзіне 90-х гадоў можна было аспрэчваць абгрунтаванасьць абранай меры стрыманьня. Потым такую магчымасьць скасавалі.

Жонка сп. Леванеўскага Марына напісала заяву пракурору вобласьці Літвінаву. Яна лічыць, што ейных мужа й сына Ўладзімера перасьледуюць з палітычных матываў. Яна просіць выпусьціць Валер’я Леванеўскага з-за кратаў і правесьці праверку абгрунтаванасьці вылучанага да яго зьвінавачаньня. А зьвінавачваюць спадара Леванеўскага, як вядома, – за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG