Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 ліпеня камуністы прагаласавалі за праект БНФ, але пакінулі Канстытуцыю СССР


RFE/RL Чатырнаццаць гадоў таму, 27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Са мной у студыі – мой калега, а ў мінулым – дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Навумчык, і я прашу яго прыгадаць, як стваралася і прымалася дэклярацыя.

(Навумчык: ) “Дэклярацыю распрацоўвалі пераважна дэпутаты ад БНФ. Найбольш актыўны ўдзел бралі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Пятро Садоўскі, Анатоль Вярцінскі... Абсалютную большасьць у ВС складалі камуністы, але яны прагаласавалі за палажэньні, прапанаваныя дэпутатамі БНФ. І нават за тое, што выступаць ад імя беларускага народа мог толькі Вярхоўны Савет – тым самым было ліквідаванае манапольнае права кампартыі і яго ЦК на кіруючую ролю.

Але заблякаваны быў артыкул, які надаваў Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы – гэта значыць, ставіў Канстытуцыю Беларусі, беларускія законы над Канстытуцыяй СССР і савецкімі законамі. Гэта было прынцыпова для нас – бо бяз гэтага немагчыма было стварэньне ўласнай грашовай сыстэмы, уласнага войска, мытні, – словам, шмат якіх элемэнтаў дзяржаўнасьці.

Беларусь, пры такім варыянце, і надалей заставалася пад Масквой – у той час, калі, напрыклад, Літва ўжо паўгода як праводзіла цалкам незалежную палітыку. Таму пасьля гэтага галасаваньня дэпутаты БНФ пакінулі залю паседжаньня Вярхоўнага Савета і абвясьцілі, што ствараюць парлямэнцкую фракцыю – Апазыцыю БНФ.

Праз год, 25 жніўня 1991 года, Дэклярацыя ўсё ж атрымала статус канстытуцыйнага закону. У 1993 годзе Вярхоўны Савет зрабіў дзень 27 ліпеня сьвяточным днём – такім ён і заставаўся да лістапада 1996 году, калі Аляксандр Лукашэнка правёў чарговы рэфэрэндум”.

Гл. таксама • Васіль Быкаў успамінае пра 27 ліпеня 1990 году (з архіваў Радыё Свабода)
XS
SM
MD
LG