Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менск едзе лідэр краіны, якога абвінавачваюць у генацыдзе


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня з трохдзённым афіцыйным візытам у Менск прыбывае прэзыдэнт Судану Ўмар Хасан Ахмад аль-Башыр з жонкай. Як і Аляксандар Лукашэнка, суданскі лідэр знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі й пад пагрозай міжнародных санкцый.

Прэзыдэнт Судану – адзін зь нямногіх замежных лідэраў, які пажадаў наведаць зь візытам Менск. Апошнім часам, апроч кіраўнікоў краін СНД, у Беларусь прыяжджаў хіба толькі прэзыдэнт Лівану. Таму суданскага прэзыдэнта ў Менску сустракаюць на высокім узроўні, дзеля яго й ягонай жонкі зарганізаваны асобныя праграмы – у тым ліку, і наведаньне лепшых прадпрыемстваў краіны. На заўтра заплянаваны афіцыйныя перамовы суданскага прэзыдэнта з Аляксандрам Лукашэнкам.

Орган прэзыдэнцкай Адміністрацыі – газэта “Советская Белоруссия” сёньня выйшла пад “шапкай” “Сардэчна запрашаем, прэзыдэнт Судану!” й зь вялікім рэпартажам з Хартуму.

Газэта, праўда, не паведамляе, што прэзыдэнт аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 1989 годзе, што тады яго падтрымалі ісламісцкія экстрэмісты, і цяпер Судан стаў другой пасьля Ірану фундамэнталісцкай ісламскай краінай.

Аднак чарнаскурыя суданцы, хрысьціяне й анімісты, жыхары поўдню краіны адмаўляюцца ад законаў шарыяту. Летась у правінцыі Дарфур пачалося паўстаньне, і дагэтуль там доўжыцца грамадзянская вайна, якая перарасла ў генацыд і гуманітарную катастрофу.

Паводле зьвестак ААН, там ужо загінула каля 50 тысяч чалавек, з раёну баявых дзеяньняў зьбегла больш за мільён чарнаскурых суданцаў. Арабы-апалчэнцы з падтрымкаю цэнтральнага ўраду ператварылі лягеры ўцекачоў у канцэнтрацыйныя, рабуюць і гвалцяць суданцаў. Урад замінае дастаўцы замежнай гуманітарнай дапамогі тысячам згаладалых уцекачоў.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША назвала дзеяньні суданскіх уладаў у правінцыі Дарфур генацыдам. Дзяржсакратар Колін Паўэл нядаўна выступіў з шэрагам патрабаваньняў да афіцыйнага Хартуму, і найперш – спыніць ісламскіх баевікоў з арганізацыі “Джыганвэйт”. Суданскі ўрад нібыта абяцаў палегчыць дастаўку гуманітарнай дапамогі, але аспрэчыў высновы, што ён падтрымлівае дзеяньні мусульманскіх экстрэмістаў.

У свой час у Судане хаваўся Ўсама Бін Ладэн, і краіну зьвінавачвалі за падтрымку міжнароднага тэрарызму. З ініцыятывы ЗША й Эўразьвязу ў Радзе бясьпекі ААН разглядаецца праект рэзалюцыі наконт санкцый супраць Судану, не выключаецца накіраваньне ў краіну міжнародных міратворцаў, у паасобку – зь Вялікабрытаніі й Аўстраліі.

Зь перакананьня беларускага дасьледніка Яўгена Колба, у Судане ніколі не было дэмакратычнага рэжыму.

(Колб: ) “У іх там доўгі час быў амаль што пажыцьцёвым прэзыдэнтам такі Нумэйры. Пасьля апазыцыя змусіла яго сысьці ў адстаўку, і пачалася тая барацьба за ўладу, якая працягваецца й цяпер. Да міжнацыянальных дадаліся расавыя праблемы, былі створаны партызанскія атрады. Грамадзянская вайна там трывае й цяпер, на ўскраінах.

Іншы менскі дасьледнік, Алег Новікаў, кажа, што адзіны рэальны інтарэс, які мог прывесьці прэзыдэнта Судану ў Менск, – гэта зброя.

Дарэчы, зусім нядаўна стала вядома пра чарговы міжнародны скандал, калі Расея прадала ў Судан свае зьнішчальнікі МІГ-29. Аднак – мяркуе спадар Новікаў – малаверагодна, што дамовы, падпісаныя пад час візыту ў Менск, будуць выконвацца. Перадусім, з прычыны нестабільнасьці ў Судане.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, дыпляматычныя адносіны з Суданам былі ўсталяваны толькі ў 1999 годзе. Таваразварот паміж Беларусьсю й Суданам летась склаў 12 мільёнаў даляраў. Пераважна гэта быў беларускі экспарт – трактары й грузавікі. Паведамляецца, што ў часе візыту будуць падпісаны пагадненьні аб гандлёвым, інвэстыцыйным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Як і Беларусь, Судан знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. У гэтай краіне няма незалежных каналаў тэлебачаньня й радыё, на дзяржаўным тэлебачаньні ўведзены пасады вайсковых цэнзараў, на незалежную прэсу учыняецца ціск.

У 2001 годзе прэзыдэнт аль-Башыр дабіўся арышту былога сьпікера парлямэнту Хасана аль-Турабі й ягоных паплечнікаў паводле зьвінавачаньня за падрыў дзяржавы. Пазьней яго выпусьцілі, але сёлета зноў арыштавалі.
XS
SM
MD
LG