Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі дзесяцігадовага праўленьня Аляксандра Лукашэнкі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 22 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: супрацоўнік Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Казловіч і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “10-гадовы юбілей праўленьня Лукашэнкі – добрая нагода для таго, каб падводзіць вынікі, рабіць высновы, канстатаваць нейкія заканамерныя працэсы палітычнага й грамадзкага разьвіцьця. Сёньня ўсім відочна – прыхільнікам і апанэнтам рэжыму, беларускім і замежным назіральнікам, што Беларусь выпадае з тэндэнцый, якія дамінуюць у Эўропе, рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Толькі ацэнкі гэтага фэномэну даюцца розныя. Афіцыйныя ўлады, прызнаючы асаблівы шлях краіны, кажуць пра “беларускую мадэль разьвіцьця”. Апанэнты цьвердзяць пра нейкі архаічны антырынкавы дыктатарскі запаведнік. Які, на ваш погляд, галоўны вынік гэтага дзесяцігадовага пэрыяду?”

(Андрэй Казловіч: ) “На маю думку, галоўны вынік палягае ў тым, што Беларусь адбылася як самастойная сувэрэнная дзяржава. І ў гэтым кантэксьце трэба разглядаць усе астатнія пытаньні. Каб аб’ектыўна ацаніць гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі, трэба спомніць, у якой сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сытуацыі Беларусь была 10 гадоў назад.

Тады аб’ёмы валавага ўнутранага прадукту й прамысловасьці падалі на 10-12% у год, інфляцыя была – 30-40% у месяц. Вобразна кажучы, лякаматыў пад умоўнаю назваю “Беларусь” імкліва рухаўся пад адхон, у бездань.

А за апошнія 10 гадоў Беларусь павольна рухаецца ўверх. З 1996 году мы маем эканамічны рост. Сярэднямесяцавы заробак падняўся з 21 даляра ў 1994 годзе да 140 даляраў у 2003 годзе. Пэнсіі вырасьлі з 9 да 65 даляраў на сёньняшні дзень. Экспарт беларускай прадукцыі ў краіны далёкага замежжа вырас больш чым у 2,5 разы.

Зь іншага боку, трэба бачыць, як выглядае Беларусь на фоне іншых краін СНД. Ня горш, а лепей. За апошнія 10 гадоў Беларусь мае станоўчае сальда міграцыі насельніцтва з краін СНД і Балтыі. Людзі з усёй постсавецкай прасторы імкнуцца ў Беларусь, а не наадварот. Па індэксе разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, які разьлічвае ААН, Беларусь у 1995 годзе займала 68-е месца, а з вынікаў 2003 году яна заняла 53-е месца й увайшла ў лік краін з высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Усе краіны СНД па гэтым паказьніку стабільна займаюць месцы далёка за Беларусьсю.

Той факт, што мы зьбераглі прамысловасьць, сацыяльную сфэру, навуку, будаўніцтва – столькі, колькі было магчыма ў гэтых умовах, – павысілі жыцьцёвы ўзровень насельніцтва, дазваляе сказаць, што Беларусь адбылася як самастойная сувэрэнная дзяржава. А Лукашэнка выканаў свае абавязкі гэтак, як было магчыма ў гэтых умовах”.

(Уладзімер Мацкевіч: ) “Яшчэ ў 1994 годзе ў аналітыцы Агенцыі гуманітарных тэхналёгій я сфармуляваў 10 задач, якія паўстануць перад першым прэзыдэнтам краіны. Тады я разглядаў Лукашэнку як найменш здольнага выканаць гэтыя задачы. І сёньня я не зьмяніў свайго меркаваньня.

Не магу аспрэчыць некаторыя эканамічныя дасягненьні за апошнія 10 гадоў. Але я ніяк не зьвязваў бы гэта зь дзейнасьцю ўраду й Лукашэнкі. Таму што ніякага лякаматыву пад назваю “Беларусь” няма. Ёсьць эўрапейскі лякаматыў, і ёсьць прычапны вагон, які называецца “СНД”. Ёсьць агульнаэўрапейскі рух. Цяпер, як і ў пачатку 1990-х гадоў, усе тэндэнцыі, што выяўляюцца ў Беларусі, – агульнаэўрапейскія тэндэнцыі. І ў гэтым сэнсе Беларусь не выпадае ні зь якіх аб’ектыўных тэндэнцый. Іншая справа – суб’ектыўнае стаўленьне да гэтых тэндэнцый.

Я тут выкарыстаў бы такую мэтафару: эўрапейскі лякаматыў рухаецца, а некаторыя пасажыры на гэтым цягніку, кшталту нашага Ўраду, рухаюцца ў адваротным кірунку. Але ж цягнік усё роўна рухаецца – і вызначае рух Беларусі. Таму мы едзем туды, куды едзе ўся Эўропа.

Цяпер Эўропа ўздымае свой эканамічны стан. І ў Беларусі ён паляпшаецца. Таму што мы не зачынены ад Эўропы. Мы жывём зь ёй агульным жыцьцём. Мы дрэнна жывём, дрэнна сябе паводзім: як неразумнае дзіця, час ад часу адштурхоўваем тыя прапановы й эканамічныя магчымасьці Эўропы, якія маглі б выкарыстаць больш эфэктыўна.

Але ў межах гэтых агульнаэўрапейскіх тэндэнцый усё, што робіць Лукашэнка, ён робіць дрэнна, празь “не хачу” – толькі таму, што сытуацыя змушае рабіць гэта. Аб’ектыўнае становішча Беларусі вельмі добрае. Калісьці казалі, што мы з Чэхіяй маем аднолькавыя стартавыя магчымасьці. Але Чэхія выкарыстала іх значна эфэктыўней.

У пачатку 90-х гадоў эканамічны спад быў па ўсёй Усходняй Эўропе. Потым паўсюль быў уздым. Мы ня можам адмовіць, што ўздым назіраецца й у Беларусі. Як бы хто ні ставіўся да незалежнасьці, – яна мае пэўныя станоўчыя вынікі, прыносіць карысьць. Параўнальна з канцом, сярэдзінай 80-х гадоў, мы сёньня маем значна больш высокія матэрыяльныя паказьнікі. Па забясьпечанасьці тэхнікай, машынамі, тэлевізарамі, відэамагнітафонамі мы пераўзыходзім савецкі пэрыяд. Таму давайце ня зьвязваць усё, што адбываецца ў краіне, з тым, што краінаю кіруе гэты чалавек. Бо шмат што адбываецца й насуперак. Але галоўным вынікам дзесяцігодзьдзя зьяўляецца незваротнасьць нашай незалежнасьці, сувэрэнітэту”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што усё залежыць ад пункту адліку: параўноўваць вынікі эканамічнага разьвіцьця Беларусі з краінамі СНД, ці параўноўваць іх з краінамі Ўсходняй Эўропы. І ад гэтага параўнаньня будуць залежаць высновы”.

(Казловіч: ) “Калі карэктна падыходзіць да гэтага пытаньня, то трэба, найперш, параўноўваць з краінамі СНД. Таму што мы ўсе выйшлі з адной сыстэмы”.

(Мацкевіч: ) “Так, але мы знаходзімся ў Эўропе, а Таджыкістан і Туркмэністан – у Сярэдняй Азіі”.

(Карбалевіч: ) “Што, на ваш погляд, самага нечаканага прынесьлі гэтыя 10 гадоў кіраваньня Лукашэнкі? Якія працэсы ў палітычным і грамадзкім жыцьці мала кім прагназаваліся, але адбыліся?”

(Мацкевіч: ) “Я толькі дзьве рэчы пазначу. Першае: я ніколі ня думаў, што буду адзначаць дзесяцігадовы юбілей кіраваньня Лукашэнкі. Я ня думаў, што ён сягне 10 гадоў. І другая нечаканасьць. Я, шчыра кажучы, думаў, што пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, пагроза аншлюсу Расеяй Беларусі будзе павялічвацца. А яна зьменшылася. Амаль 4-5 апошніх гадоў яна зьмяншаецца. Сёньня яна ня зьнікла цалкам, але ж значна стала меншай, чым была нават у 1994 годзе.

Эканамічнае разьвіцьцё не напоўна зьвязана з палітычным ці ідэалягічным. Яно мае аўтаномную, іманэнтную магчымасьць рухацца й разьвівацца. І ў гэтым сэнсе ніякай нечаканасьці ў пэўным эканамічным уздыме няма. Нягледзячы на палітычныя рэжымы, якія існуюць сёньня ў суседніх краінах, на тое, якія палітыкі – правага альбо левага кірунку – прыходзяць да ўлады, усе яны перажываюць падобныя, сходныя падзеі”.

(Казловіч: ) “Вось я слухаю спадара Мацкевіча й каторы раз ужо зьвяртаю ўвагу: апанэнты прэзыдэнта ня схільны зьвязваць зь ім добрыя працэсы, затое ўсё дрэннае зьвязваецца менавіта зь ім.

Што тычыць нечаканасьцяў. Я думаю, што за гэты час нічога нечаканага ня здарылася. Ува ўсялякім разе, для асноўнай масы насельніцтва й большасьці палітолягаў. Успомнім, што на выбарах 1994 году Лукашэнка назваў тры галоўныя мэты: прыярытэтнае вырашэньне праблем эканомікі й сацыяльнай сфэры; барацьба з карупцыяй; адраджэньне й разьвіцьцё на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове сувязі з былымі рэспублікамі СССР – асабліва з Расеяй. Лічу, што цягам усіх гэтых 10 гадоў Лукашэнка праводзіў палітыку ва ўказаным кірунку. Стратэгічныя мэты засталіся тымі ж, як былі вызначаны 10 гадоў таму. Мянялася толькі тактыка. Таму можна сказаць, што ў стратэгічных пытаньнях Лукашэнка – адзін з найбольш прадказальных палітыкаў.

Галоўная нечаканасьць была, я думаю, для былых супернікаў Лукашэнкі на выбарах 1994 году. Яны не маглі прадбачыць, што Лукашэнка – як палітычны гулец – акажацца значна мацнейшым і разумнейшым за іх. Гэтыя людзі не маглі й падумаць, што Лукашэнка прыйшоў усур’ёз і надоўга”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы азначыць: калі апазыцыя ўсе недахопы зьвязвае з Лукашэнкам, а ўсе дасягненьні – зь нейкімі аб’ектыўнымі працэсамі, то ўлада й уладныя прапагандысты робяць якраз усё наадварот. І гэта ўсё зразумела”.

(Мацкевіч: ) “Хачу задаць пытаньне свайму апанэнту. Скажыце, калі Лукашэнка такі барацьбіт з карупцыяй, то чаму так шмат вышэйшых кіроўных работнікаў аказаліся крымінальнымі элемэнтамі? Ці не вынікае з гэтага, што менавіта крымінальныя элемэнты прывялі Лукашэнку да ўлады й захапілі гэтую ўладу?”

(Казловіч: ) “Той факт, што шмат з гэтых людзей сядзіць, толькі падкрэсьлівае: закон працуе, і ён адзін для ўсіх”.

(Карбалевіч: ) “Відавочна, краіна знаходзіцца напярэдадні значных зьменаў. Створаная Лукашэнкам сыстэма ня можа доўга існаваць ў атачэньні краін, якія рухаюцца ў зусім іншым кірунку? У зьвязку з гэтым, якія набыткі атрымала Беларусь за 10 гадоў? Ці ёсьць яны наагул? Бо шмат хто лічыць гэты пэрыяд страчанымі гадамі. На што можа абаперціся, ці што ўзяць на ўзбраеньне новая кіроўная эліта пасьля Лукашэнкі?”

(Казловіч: ) “Што датычыць здабыткаў, якія могуць быць узяты палітычнымі нашчадкамі, то я назаву наступныя. Па-першае, ідэя сацыяльнай справядлівасьці, якая адпавядае мэнталітэту беларускага народу. У Беларусі няма алігархаў. Па-другое, нацыянальны й канфэсійны мір на Беларусі. Па-трэйцяе, ідэя інтэграцыі з Расеяй.

(Мацкевіч: ) “Сапраўды, высокі паказьнік сацыяльнай роўнасьці на Беларусі, думаю, – ня дрэнна. Але мы шмат чаго страцілі, згубілі за гэты час. У нас архаічнасьць адбілася на шмат якіх галінах жыцьця”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначыць яшчэ такі набытак, як беларуская дзяржаўнасьць, пра якую ўжо казалі мае суразмоўцы. Такім чынам, падводзячы вынікі, можна выснаваць: у Беларусі створана даволі арганічная, самадастатковая мадэль, усе элемэнты якой узаемна падтрымліваюць і страхуюць адно другі. Яна аптымальная для ўтрыманьня ўлады, але зусім не спрыяльная для разьвіцьця, інтэграцыі ва ўсясьветны працэс глябалізацыі. І ў найбліжэйшы час беларускае грамадзтва мусіць даць адказ на пытаньне, які патэнцыял у яго пераважае: патэнцыял да захаваньня status quo, альбо патэнцыял разьвіцьця й руху разам з суседнімі краінамі.
XS
SM
MD
LG