Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад часу Алімпіяды ў Сыднэі нямала яскравых беларускіх спартоўцаў і трэнэраў перайшлі пад сьцягі іншых алімпійскіх зборных


Ігар Карней, Менск Міграцыя атлетаў – справа звычайная для сучаснага спорту. Часам нават адмыслоўцы блытаюцца, за якую краіну цяпер выступае той ці іншы спартовец. Фінансава выгодныя кантракты, лепшыя ўмовы падрыхтоўкі, асабістыя праблемы (прыкладам, зьвязаныя са шлюбам і пераменай месца жыхарства) урэшце вырашаюць і праблему грамадзянства. А ўсьлед за ёй і сьцяг, пад якім будзе выступаць на ўсясьветных, кантынэнтальных ці алімпійскіх спаборніцтвах.

Ці шмат ужо вядомых спартоўцаў згубіла Беларусь напярэдадні гэтай Алімпіяды? Каго з былых грамадзянаў Беларусі пабачыць сьвет на арэнах Афінаў пад сьцягамі іншых краінаў?

Ад моманту апошняй Алімпіяды ў Сыднэі Беларусь страціла нямала яскравых спартоўцаў. Прызёрка тых Гульняў, былы лідэр каманды ў кулявой стральбе Лаліта Яўглеўская, а таксама скакун з шастом Дзьмітрый Маркаў акліматызаваліся ў Аўстраліі. Шматборца Эдуард Хамяляйнен цяпер выступіць за Фінляндыю, а лёгкаатлетка Анжэла Атрошчанка – за Турэччыну. Да алімпійскіх вышыняў узьняўся ў Расеі гандбаліст менскага Аляксандар Тучкін, і гэта ж паспрабуе сёлета зрабіць баскетбаліст Валеры Дайнэка.

Натуральна, чалавек мае права на выбар месца жыхарства, тым болей, калі гаворка ідзе пра пошук спрыяльных умоваў зрабіць кар’еру. І сёньня ніхто нікога ўжо не вінаваціць у непатрыятызме. Патрыятызм спартоўцы нярэдка залежыць ад ступені ягонай запатрабаванасьці роднай дзяржавай. Маці бронзавай прызёркі Алімпійскіх гульняў у Сыднэі Лаліты Яўглеўскай, якая засталася жыць у Аўстраліі адразу ж пасьля Алімпіяды-2000, Іна Аляксандраўна, пацьвярджае, што ейная дачка аказалася непатрэбнай беларускаму спорту.

(Іна Аляксандраўна: ) “Яна хацела падпісаць кантракт зь беларускай камандай, але раптам тут замітусіліся: ці то грошай няма яе выклікаць сюды, ці то баяліся, што будуць плаціць, а яна ня будзе тут трэніравацца і дрэнна за Беларусь выступіць. Але Лаліта вельмі добрасумленны чалавек і абавязкова выступала б за Беларусь. Таму, як мне здаецца,“пракінулі” яе тут. А ў Аўстраліі, у сваю чаргу, ёй таксама сказалі: грамадзянства далі – выступай за нас. Але тыя ж расейцы ў бальшыні жывуць за мяжой, але калі Расея прапануе, яны згаджаюцца выступаць на буйных спаборніцтвах за сваю радзіму. А нашыя… Ну, Бог зь імі, няхай “зоркамі” раскідваюцца”.

Ад’яжджаюць ня толькі і нават ня столькі спартоўцы, колькі трэнеры. Напярэдадні я паспрабаваў вызначыць геаграфію пастаяннай ці часовай прысутнасьці беларускіх трэнераў па-за межамі Беларусі. Малюнак атрымаўся вельмі стракаты: ЗША, Нямеччына, Ізраіль, Саудаўская Арабія, Катар, Індыя, Паўдзённа-Афрыканская рэспубліка. Натуральна, што перамагаць яны вучаць не беларусаў.

Цяперашні “амэрыканец”, шасьціразовы алімпійскі чэмпіён гімнаст Віталь Шчэрба трэніруе сваіх новых суайчыньнікаў. Фэхтавальшчык Уладзімер Юфераў – швэдаў. Трэнэр гімнастаў Тамара Бяляева болей за 10 гадоў адпрацавала ў Паўдзённай Афрыцы. Сяргей Яўглеўскі – колісь лепшы беларускі збройнік (асоба, якая адказвае за падрыхтоўку кулявой зброі да спаборніцтваў), цяпер – трэнэр нацыянальнай зборнай Аўстраліі ў кулявой стральбе. У камандзе і ягоная жонка, Лаліта. Маці Лаліты і цешча Сяргея, як і тады, калі дзеці былі ў зборнай Беларусі, сёлета гэтаксама будзе перажываць за іх, новасьпечаных аўстралійцаў.

(Іна Аляксандраўна: ) “Мяне сьцягі зусім не цікавяць. Натуральна, я за Лаліту буду хвалявацца як за дачку. Якая б ні была краіна, няхай ёй ня родная, але і яна, і Сяргей, і дзеці там жывуць. Лаліта там “зорка”. У яе галоўная ўзнагарода чэмпіёнкі Аўстраліі – “залатая куля”. Там ёй такія сустрэчы ладзяць на дзяржаўным узроўні, што яна кажа: у Беларусі ніводзін з алімпійцаў нічога падобнага ня ўбачыць. У нас падзея прайшла, некалькі словаў прэса скажа, і ўсё. А там уся краіна перажывае, увесь народ. А ў нас можа ўсё так ад таго, што бедная краіна – што тут зробіш?”.

Натуральна, што пакідаюць свае краіны спартоўцы зь бяднейшых краінаў. Гэта стала тэндэнцыяй для краінаў былога СССР. У часе апошняга візыту ў Менск цяпер швэдзкі трэнэр у фэхтаваньні Ўладзімер Юфераў казаў: калі ён трапляе на буйныя міжнародныя спаборніцтвы, то яго не пакідае пачуцьцё, што трапіў на першынства СССР. Усюды – знаёмыя твары. Толькі вось сьцягі – іншыя.
XS
SM
MD
LG