Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае сэнс спрабаваць вырошчваць генэтычна мадыфікаваную бульбу ў Беларусі?


Іна Студзінская, Менск Беларускія генэтыкі з Навукова-дасьледчага інстытуту генэтыкі і цыталёгіі ды Інстытуту бульбаводзтва плянуюць у верасьні пачаць працу па вырошчваньні генэтычна мадыфікаваных гатункаў бульбы. Праграма атрыманьня насеньня для масавага вырошчваньня ГМІ-бульбы ў гаспадарках Беларусі разьлічана на 5-7 гадоў, аднак навукоўцы спадзяюцца атрымаць першае насеньне ўжо праз 4 гады пры адпаведнай падтрымцы дзяржавы. Чакаецца, што фінансаваньне гэтай праграмы будзе ажыцьцяўляцца з рэспубліканскага бюджэту.

Беларускія генэтыкі і бульбаводы тлумачаць неабходнасьць вырошчваньня ГМІ-бульбы тым, што страты бульбы складаюць да 30 % з-за шкодніка – калярадзкага жука. Інстытут генэтыкі і цыталёгіі заключыў дамову з прадстаўнікамі транснацыянальнай карпарацыі “Монсанта”, якая будзе прадастаўляць матэрыялы для вырошчваньня так званай “бі-ці” бульбы, устойлівай да калярадзкага жука. На думку навукоўцаў, калі ўсё атрымаецца пасьпяхова, прадукт будзе цалкам бясьпечны.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябясьпекі Рэспублікі Беларусь пры Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі Барыс Аношанка запэўніў, што без заключэньня ўплывовай экспэртызы аб тым, што насеньне атрымаецца цалкам бясьпечным, выкарыстоўваць яго ня будуць.

(Аношанка: ) “Экспэртызу будзе рабіць Міністэрства прыродных рэсурсаў, таму экспэрты будуць адусюль”.

(Карэспандэнтка: ) “І можна з упэўненасьцю сказаць, што гэта будзе аб’ектыўна, без усялякай зацікаўленасьці?”

(Аношанка: ) “А як Вы думаеце, мы хочам з нашымі нашчадкамі нешта дрэннае зрабіць?”

(Карэспандэнтка: ) “Дакладна гэты ген будзе толькі ў бульбоўніку, і ня будзе дасягаць клубняў?”

(Аношанка: ) “Так, гэта будзе адным з пунктаў нашай экспэртызы. Толькі, толькі ў бульбоўніку, толькі ў лісьці. Усё гэта будзе ў экспэртызе, усё гэта будзе ацэньвацца”.

А ці вырошчваюць генэтычна мадыфікаваную бульбу ў суседніх краінах? Да прыкладу, у Расеі ГМІ-бульба вырошчваецца пакуль толькі на дасьледчых палігонах. Паводле інфармацыі дырэктара кампаніяў “Грынпіс” у Расеі Івана Блокава, там ужо зарэгістраваны 81 ГМІ-прадукт, прызнаны быццам бы прыгодным і бясьпечным для чалавека. Спрабавалі атрымаць дазвол дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы на вырошчваньне генэтычна мадыфікаваных цукровых буракоў і бульбы, але пакуль беспасьпяхова.

Летась Эўрапарлямэнт прыняў новыя законы па генэтычна мадыфікаваных прадуктах. Дазволена прадаваць трансгенную ежу толькі пры наяўнасьці адпаведнай маркіроўкі. Такі ж самы закон ёсьць і Расеі. У беларускім Законе аб абароне правоў спажыўцоў таксама запісана, што маркіроўка павінна ставіцца на прадукцыю, калі ўтрыманьне кампанэнтаў ГМП перавышае 0,9%.

Аднак, як шчыра прызнаўся мне спадар Аношанка з Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтру біябясьпекі, гэта не робіцца. Маўляў, вельмі дарагое лябараторнае абсталяваньне, хімічныя рэактывы, у дзяржавы такіх грошай на экспэртызы няма. І на вельмі папулярнай зараз соі, якая, як вядома, у асноўным генэтычна мадыфікаваная, ніякіх лічбаў, на жаль, няма. Дарэчы, у Беларусі дагэтуль не прыняты Закон аб харчовай бясьпецы – разгляд яго ў парлямэнце заплянаваны толькі на 2006 год.

Але вернемся да вырошчваньня генэтычна мадыфікаванай бульбы. Прызнаны аўтарытэт, акадэмік Іван Нікітчанка да гэтага ставіцца скептычна і лічыць, што гэта проста спроба вымагчы ў дзяржавы грошы пад невыканальную праграму.

(Нікітчанка: )“Я думаю, нам нічога не пагражае. Няма яшчэ мэтаду, каб гэта зрабіць. Гэта так: лябараторыі нешта спрабуюць зрабіць, а нічога не атрымаецца. Прырода сама сябе абараняе. Калі ня тое, што трэба ўводзяць, гэтыя асобнікі гінуць, не даюць патомства”.

(Карэспандэнтка: ) “З пункту гледжаньня навукі гэта беспэрспэктыўна, і нам гэта не пагражае?”

(Нікітчанка: ) “Гэта ня зробяць яны. Я ведаю іх абсталяваньне. Гэта рэкляма чагосьці, чаго няма. Скончыцца гэта “пшыкам”, справаздачай”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі, не дай Бог, усё ж такі атрымаецца?”

(Нікітчанка: ) “Не атрымаецца. Я займаўся такімі пытаньнямі на жывёлах. Нічога не атрымаецца. Тое самае і з бульбай. Можна атрымаць добрыя ўраджаі бульбы і без гэтых пражэктаў. Генэтычныя магчымасьці бульбы ў нас выкарыстоўваюцца ну напалову, можа, крыху больш. Не турбуйцеся, нам нічога не пагражае”.
XS
SM
MD
LG