Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Валер Кругавы: “Праект пабудовы цеплаэлектрастанцыі ў Берасьці загадзя асуджаны на няўдачу”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Напярэдані, у часе візыту ў Віцебскую вобласьць, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна быць больш незалежнай ад паставак нафты і газу з-за мяжы. Сярод іншага, беларускія ўлады ўсё часьцей пачалі ўзгадваць пра пабудову з удзелам польскіх інвэстараў цеплаэлектрастанцыі ў Берасьці, якая б працавала на польскім вуглі. Але ці рэальны гэты праект, ці мае ён нейкія эканамічныя абгрунтаваньні?

Апошнія польска-беларускія кансультацыі ў справе супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі на ўзроўні намесьнікаў міністраў гаспадаркі адбыліся ў Варшаве сёлета напрыканцы сакавіка. А ўвогуле размовы ў гэтай справе распачаліся летась у студзені, але ніякіх канкрэтных вынікаў, як паведамілі нашаму радыё у міністэрстве гаспадаркі і працы Польшчы, пакуль няма. Чаму?

Паводле Валера Кругавога, былога беларускага бізнэсоўца, а цяпер дырэктара кансалтынгавай фірмы з Варшавы, якая займаецца дасьледаваньнямі паліўнага рынку, праект пабудовы ў Берасьці цеплавой электрастанцыі за польскія грошы, якая б працавала на польскім вуглі, загадзя асуджаны на няўдачу. Вось што сказаў нашаму радыё спадар Кругавы:

(Кругавы: ) “Калі паглядзець на ўзаемаадносіны Польшчы і Ўкраіны па некаторых эканамічных праектах, якія маюць хутчэй палітычны характар – напрыклад, пабудова нафтаправоду “Адэса-Броды” – я магу сказаць, што з гэтага нічога не атрымаецца. Праект пабудовы электрастанцыі ў Берасьці пачаўся з палітычнага рашэньня беларускага боку, канкрэтна – прэзыдэнта. Але гэта рашэньне менавіта палітычнае, якое ня мае ніякіх эканамічных падставаў.

Па-першае, польскі вугаль даражэйшы, чым вугаль з Усходу і так будзе заўсёды, таму вазіць гэтае паліва з Польшчы няма сэнсу. Па-другое, беларусы разьлічваюць, што польскі бок будзе інвэставаць у гэты праект, што польскі ўрад дасьць гарантыі для гэтай інвэстыцыі, але гэтага ня будзе. Польскі ўрад гаспадарчымі пытаньнямі не займаецца і ня будзе ў гэтай справе даваць ніякіх крэдытаў і гарантыяў. Інвэстыцыяў у гэты эканамічна бязглузды праект з польскага боку ня будзе. А гэта значыць, што ніякіх шансаў у яго няма”.

Пра тое, што ніякага прагрэсу ў пытаньні выдзяленьня ўрадавага крэдыту ў гэтай справе няма, нам пацьвердзілі і ў міністэрстве гаспадаркі Польшчы.

А што з палівам для гэтай гіпатэтычнай цеплавой электрастанцыі – вуглём? Наколькі вядома, сытуацыя ў польскай вугледабываючай прамысловасьці ня вельмі стабільная: польскую вугальную прамысловасьць чакае прыватызацыя і скарачэньне аб’ёмаў здабычы паліва, таму невядома, ці новыя гаспадары праз некалькі гадоў схацелі б пастаўляць вугаль у Беларусь, калі цяпер такая ўмова і была б падпісаная.

Да таго ж, цэны паліваў на сусьветных рынках рэзка мяняюцца, цяпер – растуць. Ніхто ня ведае, якія яны будуць праз год-два, таму цяжка пралічыць рэнтабэльнасьць такога аб’екту, як станцыя ў Берасьці. Узьнікае пытаньне, чаму ж польскі бок адразу не адмовіўся ад праекту. Вось як лічыць эканаміст Валер Кругавы:

(Кругавы: ) “Ніхто з буйных польскіх прадпрымальнікаў на ўдзел у гэтым праекце ня пойдзе, што б там польскі, а тым больш беларускі ўрад не казаў. Але, адначасова, польскі ўрад ніколі не адмаўляе ўрадам суседніх краінаў у абмеркаваньні розных праектаў, зьвязаных з польскай гаспадаркай. Ізноў ўзгадаю нафтаправод “Адэса-Броды”. Але, пры гэтым, палякі заўсёды кажуць, што ў камэрцыйным праекце ўлады могуць толькі садзейнічаць, ня больш. Шукаць зацікаўленых бізнэс-партнэраў трэба самастойна. Што да станцыі ў Берасьці, дык такіх зацікаўленых фірмаў ня знойдзецца ня толькі ў Польшчы, але нідзе. Такім чынам, гэты праект загадзя асуджаны на няўдачу”.
XS
SM
MD
LG