Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне пачалася барацьба з пасевамі маку


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Беларусі ў гэтую пару красуюць чырвоныя макі. Саджаць гэтую кветку забаронена. Улетку з пасевамі маку традыцыйна змагаецца адмысловая міліцэйская служба з дапамогай участковых, якія жывуць непасрэдна ў вёсках. На Гарадзеншчыне вынікі такія: з пачатку году складзена каля сямісот пратаколаў за наркатычныя рэчывы, значная частка якіх—за мак і макавую саломку.

Паводле начальніка абласной службы супрацьдзеяньня распаўсюду наркотыкаў Уладзімера Белага, псыхалёгію вясковага чалавека зразумець цяжка. А на вёсцы аўтарытэтная постаць – гэта сьвятар. Таму міліцыянты паведамляюць кіраўнікам канфэсіяў – колькі людзей караюць, напрыклад, за тыя ж дзялкі маку ці канопляў. Каб сьвятары прыхаджанаў устрымлівалі ад небясьпечнага занятку. Спадар Белы гаворыць, што сам чуў у праваслаўным саборы, як бацюшка праводзіў такую антынаркатычную прапаганду. Ну, але парушальнікаў менш не становіцца – напэўна, ня ўсе вяскоўцы наведваюць царкву ці касьцёл.

Як вяскоўцы тлумачаць, чаму сеюць мак? Гавораць, што – на пірагі. Спадар Белы гаворыць, што вяскоўцам тлумачаць: купіце мак у краме і вам надоўга хопіць, каштуе нядорага. А калі самі пасадзілі, можаце атрымаць штраф – дзесяць мінімалак. Ёсьць і пагроза крымінальнай справы. Дарэчы, у Наваградзкім раёне сёлета распачата дзесяць такіх справаў, пераважна за збыт макавай саломкі. Адна бабуля прадала дзевяноста грамаў здробненай саломкі за дзьве тысячы рублёў, і справу перадалі ў суд. Вось што гаворыць сам Уладзімір Белы:

(Белы: ) “І другі бок мэдаля: у гэтых бабуляў, дзядуляў дзеці жывуць у горадзе—колькі сярод гарадзкога насельніцтва ўжо наркаманаў? Ужо і ў сельскай мясцовасьці ёсьць... Вы зразумейце, што вашы дзеці, і ўнукі, і праўнукі могуць “сесьці” на гэтую іглу. А зь іхняга боку тлумачэньні такія: ну вось – на булкі...”

Спадар Белы зазначае, што, апроч насеньня, мак ад карэньня да галоўкі прыдатны да спажываньня наркаманамі. І частка вяскоўцаў гэта добра ведае.

(Белы: ) “Перасьледуюць яны пэўную мэту, ведаючы цану маку шклянкі – ад трох да пяці даляраў у сэзон, сухога, здробненага. Яны ведаюць, што сёньня прамыслова работаюць цыганы, яны езьдзяць і скупляюць гэты мак. За нейкія рэчы абменьваюць, скрадзеныя. Скупляюць, потым перапрадаюць”.

Вяскоўцы ведаюць цану маку і яны ведаюць попыт на яго, зазначае спадар Белы. І дадае, што за гэтымі старымі, якія так рызыкуюць, стаяць больш маладыя людзі.

А як выглядае сытуацыя ў Гомельскай вобласьці? Зусім нядаўна ў Хойніцкім раёне на заражанай радыяцыяй тэрыторыі міліцыя выявіла ажно 5 гектараў пасеянага маку. Натуральна, што вырошчвалі яго не для выпечкі булак. Макавая саломка карыстаецца асаблівым попытам у асяродку наркаманаў Сьветлагорску, Жлобіна, Гомелю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG