Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская прэса піша пра закрыцьцё карпункту РТР у Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра закрыцьцё беларускімі ўладамі карэспандэнцкага пункту РТР у Менску пішуць сёньня вядучыя польскія газэты. “Гэта чарговая спроба адрэзаць беларусаў ад расейскага тэлебачаньня, якое хаця і ня ёсьць цалкам свабодным, але значна больш дэмакратычным і прафэсійным, чым БТ”, – піша польская прэса.

“З матэрыялу Расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня пра акцыю апазыцыі 21 ліпеня беларусы даведаліся праўду, бо беларускія тэлеканалы або ўвогуле нічога пра яе не паведамілі, або паведамілі, што на дэманстрацыю прыйшла маленькая група людзей. Аляксандар Лукашэнка за гэта на расейскіх журналістаў сьмяротна пакрыўдзіўся”, – піша ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.

Далей штодзёньнік распавядае пра тое, што карэспандэнту РТР Дзьмітрыю Пятрову было запрапанавана “прызнацца ў сваёй памылцы, ды сказаць пра гэта па сваім тэлебачаньні”, а калі той адмовіўся ўлады папросту вырашылі закрыць карэспандэнцкі пункт РТР.

“Рэпрэсіі супраць РТР зьвязаныя з хуткімі парлямэнцкімі выбарамі. Улады хочуць, каб людзі Лукашэнкі атрымалі ў іх чарговую гучную перамогу. А кожны крытычны голас, асабліва той, што зьяўляецца ў праграмах папулярнага тэлеканалу – можа гэтаму перашкодзіць”, – падсумоўвае “Gazeta Wyborcza”.

Пра закрыцьцё карэспандэнцкага пункту расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня ў Менску распавядае сёньня і аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.

“Беларусь мае багаты досьвед што да дэпартацыі замежных журналістаў, у тым ліку карэспандэнтаў НТВ, ОРТ і газэты “Время”. Усе яны, як і цяпер Дзьмітры Пятроў, былі абвінавачаныя ў тым, што нібыта рабілі “непраўдзівыя і непрыязныя” ў дачыненьні да Беларусі матэрыялы”, – піша “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG