Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак па-беларуску – апытаньне на менскіх вуліцах


Алесь Дашчынскі, Менск Лета – пара масавых адпачынкаў. У розных краінах праводзяць іх па-рознаму. Які ён, адпачынак па-беларуску?

Бальшыня апытаных адпачывае ў Беларусі. Аднак, як вынікае з адказаў, варыянтаў у беларусаў небагата. Улетку яны зазвычай бавяць час на сваіх гародах, на лецішчах.

(Кабета: ) “У мяне дзялка на лецішчы. Я ўжо й здароўя ня маю, але й адпачываць няма калі. Калі туды прыедзеш, трэба ж працаваць, трэба градку дагледзець, паліць, падкарміць. Каб нешта вырасла. Адпачынак, вядома, важная справа. Мая сям’я ня езьдзіць адпачываць. Мы працуем на сваім лецішчы, адпачываем дома ад лецішча. Калі там наробісься, дык дома ўжо адпачываеш. Такія вот у нас справы”.

(Кабета: ) ”Мы адпачываем на лецішчы. У нас там вялікая дзялка, мы там вырошчваем клубніцы, бульбу беларускую й адпачываем, смажым шашлычкі. У нас такі адпачынак пераважна”.

(Спадарыня: ) ”Па-мойму, нашы беларусы больш прыстасаваны да лецішчаў”.

(Карэспандэнт: ) “Што азначае адпачынак па-беларуску? Як вы зазвычай адпачываеце?”

(Спадар: ) “Ніяк, на лецішчы. А там таго адпачынку няма – гарод, то ды сё. Так што, у асноўным, няма адпачынку”.

А цяпер іншыя варыянты адпачынку па-беларуску, якія называлі апытаныя на менскіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць на Радыё Свабода, каб людзі адпачывалі ў Беларусі, бо ў нас цудоўныя ёсьць мясьціны. Асабліва – на возеры Сьвір. У гэтым годзе я была: там вельмі цудоўна”.

(Карэспандэнт: ) “У розных краінах адпачываюць па-рознаму. Што значыць адпачынак па-беларуску?

(Дзяўчына: ) “Гэта значыць – правесьці адпачынак у роднай краіне. Выехаць на возера, у вёску. Я зь сябрамі выяжджаю на Менскае мора, там добра праводзім час. Я лічу, там добрыя ўмовы”.

(Спадарыня: ) “Ну, як па-беларуску? Паехаць у лес, зрабіць шашлыкі. Адпачыць нармальна. Безь сьпіртнога, чыста адпачыць. На возера куды… Словам, не сядзець у горадзе”.

(Спадарыня: ) “Я сама зь вёскі, у Менскім раёне жыву. Я працую даяркай. Часу там няма, каб выйсьці адпачыць, акрамя выходных. Мы ідзём на рэчку, загараем там са сваёй кампаніяй”.

(Пэнсіянэр: ) “Калі на рыбалку, калі па ягады, па грыбы”.

(Карэспандэнт: ) “Што азначае адпачынак па-беларуску?”

(Спадар: ) “Паехаць куды на возера, пазагараць, зьезьдзіць на рыбалку, палавіць рыбу. Самы добры адпачынак – асабліва, калі ловіцца”.

(Спадар: ) “Харошы адпачынак у Беларусі, многа санатораў, пансыянатаў. У нас можна ў Беларусі адпачыць ня горш, чым за мяжой”.

(Юнакі: ) “У Беларусі таксама адпачываюць па-рознаму. Ходзім гуляць, ямо шашлыкі й п’ем піва, разважаем пра сэнс жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Што азначае адпачынак па-беларуску?”

(Спадар: ) “Паехаць на прыроду, зьесьці шашлычок, выпіць гарэлкі, пакупацца ў рэчцы”.

Сярод апытаных нямала было й тых, хто не задаволены адпачынкам у Беларусі, а таксама сваімі фінансавымі магчымасьцямі.

(Юнак: ) “У Беларусі няма мора, і няма куды зьезьдзіць паплаваць, адпачыць на пляжы. Тут у нас нідзе немагчыма адпачыць. Трэба выяжджаць у Крым, за мяжу”.

(Карэспандэнт: ) “А калі браць па коштах, – дзе выгадней адпачываць?”

(Юнак: ) “За мяжой, канечне, выгадней, таньней”.

(Карэспандэнт: ) “Як адпачываюць у Беларусі? Што значыць – адпачынак па-беларуску?”

(Спадарыня: ) “Цяжка сказаць. Бо адпачынак залежыць ад наяўнасьці грошай. У нас у Беларусі вельмі нізкія заробкі, каб недзе паехаць, адпачыць. Я не гавару пра ўсіх – я кажу пра асноўную масу”.

(Юнак: ) “Няма шмат грошай, каб выехаць за дальнюю мяжу.Толькі на Ўкраіну. Далей – грошай не хапае”.

(Прадпрымальніца: ) “Грошай няма на адпачынак па-беларуску. У мінулым годзе зьезьдзіла адпачыць. У гэтым, плацячы падаткі дзяржаве, я не змагу сабе дазволіць паехаць недзе адпачыць. У мяне, па сутнасьці, усе прыбыткі ідуць на выплату падаткаў, месцаў, і толькі астатняе – на жыцьцё. А людзі на вытворчасьці ні трохі ня ў лепшым становішчы, чым я. У Беларусі вельмі дарагі адпачынак. Лепш выехаць за мяжу. Калі ўзяць дзесяць чалавек беларусаў, то адпачывае, як патрэбна, – самае большае – адзін зь іх”.

(Спадар: ) “З працы – дахаты. Вось і ўсё. Адзінае – зьезьдзілі на тыдзень у Крым. І ўсё. Вырваліся. І тое – атрымалася адзін раз за тры гады”.

(Карэспандэнт: ) “У розных краінах адпачываюць па-рознаму. А што азначае – адпачынак па-беларуску?”

(Спадарыня: ) “Кожнаму – сваё”.

(Карэспандэнт: ) “А як для Вас?”

(Спадарыня: ) “Гэта рамонт, рамонт, рамонт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG