Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень галадоўкі Леванеўскага за кратамі – міліцыянты не даюць ніякіх зьвестак пра галадоўку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня – пяты дзень галадаваньня, абвешчанага старшынём страйкаму прадпрымальнікаў Валер’ем Леванеўскім, які сядзіць у сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Амаль тры месяцы спадар Леванеўскі знаходзіцца за кратамі за першатравеньскую ўлётку зь вершам, у якім сьледчыя ўбачылі публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. А пакуль арыштант Леванеўскі галадуе, – міліцыя затрымала ягонага сына за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра бацькава становішча.

Галадаваньне Валер Леванеўскі абвесьціў у мінулы чацьвер. Ён пратэстуе супраць таго, што турэмнае начальства не рэагуе на ягоныя скаргі датычна ўмоваў утрыманьня. А гэтыя ўмовы, паводле самога вязьня, сталі невыноснымі. Марына Леванеўская днямі сустракалася з мужам у турэмным памяшканьні для спатканьняў. Яна кажа, што ў камэру падсялілі суседа, які чапляецца да Леванеўскага, паводзіцца неадэкватна, не дае спаць. Былыя супрацоўнікі турмы расказалі жонцы Валер’я, што гэта звычайная практыка: з мэтай псыхалягічнага ціску на кагосьці ў камэру памяшчаюць сварлівага чалавека, якому за гэта абяцаюць нейкія палёгкі.

Сёньня я паспрабаваў высьветліць, як здароўе Валер’я Леванеўскага на пяты дзень галадаваньня? Але начальнік турэмнай мэдчасткі Алег Чычкоў адмовіўся гаварыць пра гэта. Ён толькі прызнаўся, што раней Валер Леванеўскі зьвяртаўся да яго са скаргамі на здароўе, і ён гутарыў з спадаром Леванеўскім, як і зь іншымі, зрэшты, зьняволенымі пацыентамі.

Турэмны мэдык параіў мне лепей зьвярнуцца ў мясцовы камітэт выкананьня пакараньняў. Аднак начальнік камітэту Аляксандар Нічыпарук толькі выказаў зьдзіўленьне, пачуўшы, што Валер Леванеўскі галадуе ў сьледчым ізалятары.

Дарэчы, у нядзелю старэйшага сына сп. Леванеўскага – Зьмітра – затрымала ў Слоніме міліцыя. Ён распаўсюджваў на рынку бюлетэнь “Предприниматель” і ўлёткі, у якіх паведамляліся навіны ад бацькі. Зьмітра Леванеўскага пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны й склалі пратакол канфіскацыі ўлётак і бюлетэняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG