Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РТР не папрасіла прабачэньня ў беларускіх уладаў – афіцыйны Менск заявіў пра закрыцьцё карпункту РТР у Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Падставай для гэтакіх захадаў Міністэрства замежных справаў да расейскай тэлекампаніі было асьвятленьне каналам акцыі апазыцыі 21 ліпеня, у дзясятую гадавіну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. МЗС афіцыйна абвяшчае, што дзейнасьць журналістаў РТР у Беларусі спынена. Карпункт РТР з 26 ліпеня сапраўды закрыты – усе супрацоўнікі пайшлі ў адпачынак.

Спачатку афіцыйныя беларускія СМІ паведамілі пра закрыцьцё ўладамі карпункту РТР у Менску. Прычына – неаднаразовае непраўдзівае асьвятленьне беларускіх падзеяў і тэндэнцыйны рэпартаж з акцыі апазыцыі 21 ліпеня, і, у паасобку, названая карэспандэнтам РТР колькасьць яе ўдзельнікаў, якая нібыта была перабольшана.

Пазьней Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла толькі, што “разгляд заявы РТР на працяг тэрміну дзейнасьці пасьведчаньня аб рэгістрацыі прадстаўніцтва кампаніі адкладзены. “Такім чынам, фармальна ніякае рашэньне не прымалася. Папросту з 12 сакавіка прадстаўніцтва тэлекампаніі РТР у Беларусі не зарэгістравана, але супрацоўнікі карпункту маюць журналісцкія акрэдытацыйныя пасьведчаньні МЗС Беларусі. Дарэчы, рэгістрацыя ў карпункту кампаніі зьявілася толькі ў 1998 годзе.

Адпаведна, зь Менску ў Маскву дагэтуль не паступіла ніякіх дакумэнтаў пра закрыцьцё карпункту. У кіраўніцтве РТР ведаюць на гэты конт толькі тое, што паведаміла БТ. Гэта пацьвердзіла Радыё Свабода дарадца старшыні Ўсерасейскай тэлерадыёкампаніі Вікторыя Аруцюнава.

(Аруцюнова: ) “Мы чакаем афіцыйных дакумэнтаў. А паведамленьне Беларускага тэлебачаньня для нас не зьяўляецца афіцыйнай рэакцыяй беларускіх уладаў”.

Вікторыя Аруцюнава прызнаецца, што ў гэтай сытуацыі кіраўніцтву РТР няма чаго камэнтаваць, і што нельга сказаць штосьці пэўнае пра тое, як будзе далей працаваць карпункт тэлекампаніі ў Менску.

У беларускім МЗС таксама ня хочуць асабліва камэнтаваць сытуацыю, бо цяпер вядуцца кансультацыі на гэты конт з расейскім бокам, – зазначыў прадстаўнік прэсавай службы МЗС Руслан Есін.

(Есін: ) “Цяпер ідзе вельмі цесны перамоўны працэс… Таму я не хацеў бы й было б заўчасна даваць нейкія камэнтары па гэтым пытаньні”.

З кім канкрэтна праводзяцца кансультацыі й колькі яны будуць доўжыцца, спадар Есін не ўдакладніў. Аднак у прэсавай службе РТР аспрэчылі факт нейкіх перамоваў ці кансультацый беларускага боку з кіраўніцтвам тэлекампаніі.

Што да патрабаваньня беларускіх уладаў выбачэньня РТР за сюжэт 21 ліпеня, то пакуль ніхто з тэлекампаніі не прасіў дараваньня за той рэпартаж – паведаміла прэсавы сакратар РТР Марыя Безбародава. Не прабачаўся й аўтар таго сюжэту Дзьмітрый Пятроў, калі хадзіў у МЗС Беларусі.

У карпункце РТР у Менску цяпер працуюць тры чалавекі: старшы рэдактар, апэратар, кіроўца аўтамабілю. Кіруе карпунктам Андрэй Качура. Апошні паведаміў нам, што з панядзелка ўсе пайшлі ў заплянаваны папярэдне адпачынак. Дый да журналістаў РТР, якія стала працуюць у Менску, беларускі МЗС ня мае асаблівых прэтэнзій.

Маскоўскі журналіст Дзьмітрый Пятроў, які рабіў сюжэт пра акцыю беларускай апазыцыі 21 ліпеня, быў камандзіраваны ў Менск усяго на два дні. Як паведамілі ў кіраўніцтве РТР, – гэта адзін зь лепшых рэпартэраў кампаніі: ён рабіў шмат сюжэтаў з крызысных рэгіёнаў – у паасобку, з Іраку – і цяпер ён зноў у камандзіроўцы.

Беларускае тэлебачаньне акцэнтавала ўвагу на тым, што асабліва быў незадаволены рэпартажам РТР Аляксандар Лукашэнка, які на сустрэчы зь беларускімі амбасадарамі заявіў: маўляў, менавіта расейскія журналісты рабілі тут правакацыі, каб паказаць: у Беларусі сытуацыя горшая, чым у Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG